Пратэ́за ( — пастаноўка спераду), або прыстаўны гук — гэта зычны або галосны гук, які з’яўляецца ў пачатку слова ў пэўных фанетычных умовах.
Тыпы Адрозніваюць кансанантную і вакалічную пратэзу: Кансанантная — узнікненне зычных гукаў перад неўласцівымі мове галоснымі ў пачатку слова. Напрыклад, [в], [γ], [й], якія ўзнікаюць перад пачатковымі націскнымі гукамі [о], [у], [э], [а]: [в]окны, [в]уда, [γ]эты, [γ]альшанскі, [йо]н, [йа]на. Вакалічная — узнікненне галосных гукаў (у беларускай мове [і], [а]) перад складаным для вымаўлення спалучэннем зычных у пачатку слова: [і]мгла, [і]льну, [а]ржаны.
У беларускай мове Адрозніваюць прыстаўныя гукі, якія ўзніклі даўно і выяўляюцца толькі шляхам вывучэння гісторыі мовы або параўнання з блізкароднаснымі мовамі (восем з осмь, ён з онъ, Орша з Ръша), і прыстаўныя, якія выяўляюцца шляхам унутрымоўнага аналізу (возера — азёр). Апошнія з’яўляюцца адной з найважнейшых асаблівасцей беларускай мовы.
Прыстаўныя зычныя [в], [й], [γ] узнікаюць у пачатку слова або пасля прыставак перад націскнымі галоснымі і ў некаторых выпадках захоўваюцца перад ненаціскнымі: востры, навобмацак, вугал, вучаніца, гэта, іней ([йі]ней).
Прыстаўны [в] узнікае перад націскным [о], пры зыходзе націску ён адпадае: возера — азёры, вопратка — апратка, навобмацак — абмацаць, восень — асенні. Але ёсць некалькі выключэнняў. Гэта параўнальна нядаўнія ўтварэнні тыпу одум, оканне, наогул і большасць запазычаных слоў (ордэн, осмій, оргія, але воцат, вохра). У шэрагу выпадкаў гэты прыстаўны захоўваецца і перад [а], якое паходзіць з [о] (навокал — наваколле, ваколіца; вока — вачэй). Прыстаўны [в] узнікае таксама перад націскным і ненаціскным [у], калі гэты ненаціскны не з’яўляецца прыставачным, не ўзыходзіць да прыставачнага або не развіўся з [в]; параўнайце: вугал, завулак, навучэнец, але узнікненне (у — прыстаўка), участак (у развіўся з прыставачнага), учора (у развіўся з [в]). Перад [у] прыстаўны не знікае са зменай месца націску. Звычайна не бывае прыстаўнога [в] і ў запазычаннях: універсітэт, унікальны, але вустрыца.
Як прыстаўны звычайна разглядаюць [й] у пачатку слова перад націскным галосным [і]: [йі]ней, [йі]скра, [йі]хні, хоць рэканструююцца праславянскія формы з пачатковым *jь. Калі папярэдняе слова заканчваецца на цвёрды зычны, [й] звычайна знікае, а на месцы [і] гучыць [ы], хоць магчыма і яго захаванне: пад [ы]неем і пад [йі]неем, ад [ы]скры і ад [йі]скры і г. д. Прыстаўны [й] развіўся ў займенніках трэцяй асобы [йо]н, [йа]на, [йа]но, [йа]ны, відаць, пад уплывам формаў ускосных склонаў. Ён не ўзнікае перад ненаціскным [і], асабліва, калі апошні сам з’яўляецца прыстаўным: інтарэс, інстытут, ільняны, ірдзець, істужка.
З’яўленне прыстаўнога [γ] у літаратурнай мове вельмі абмежавана, хоць у паўднёва-заходніх дыялектах ён ужываецца досыць шырока: гавёс, гуліца, гаўца і г. д. У літаратурнай мове ён прадстаўлены ў слове гэты, Ганна, гармата. Пранікаюць у яе таксама варыянты востры і гостры, араць і гараць, арапнік і гарапнік і г. д.
Прыстаўнымі галоснымі могуць быць [і] і [а]. Яны ўзнікаюць перад спалучэннямі зычных, першымі з якіх з’яўляюцца [р], [л], [л’], [м], [ў], а за імі ідуць шумныя зычныя або [в], [в’]: ірваць, ірдзець, ілгаць, імгла, аржаны, аўторак і г. д.
У шэрагу выпадкаў фанетычная якасць прыстаўнога галоснага не мае значэння, у выніку чаго ўзнікаюць фанетычныя дублеты з [і] і [а]. Існуе тэндэнцыя да ўзнікнення дублетаў з [а] у тых выпадках, калі наступным галосным з’яўляецца [а]: аржаны і іржаны, амшара і імшара.
У звязнай мове прыстаўныя галосныя ўзнікаюць толькі тады, калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны гук: пёк аржаны хлеб, выгляд ільва. Калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны, то прыстаўныя знікаюць: пякла ржаны хлеб, гляджу на льва. Знікаюць яны і пасля прыставак на галосны: імгла — замглёны, імчацца — памчацца. У некаторых выпадках прыстаўны галосны ўзнікае і перад іншымі спалучэннямі: істужка, ігруша.
Да прыстаўных галосных не маюць адносін варыянты слоў літаратурнай мовы з пачатковым галосным і без яго тыпу агарод і гарод, агурок і гурок, іграць і граць. Не з’яўляецца прыстаўным [а] і ў словах абаранак і абабак.
Гл. таксама Метатэза Эпентэза
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Фанетычныя змены