Алякса́ндр Фры́дман (; , Мінск) — беларускі і нямецкі гісторык. Даследчык гісторыі Халакосту, нацыянал-сацыялізму і яўрэяў ва Усходняй Еўропе.

Біяграфія Нарадзіўся 26 жніўня 1979 года ў Мінску. У 1996—2001 гадах вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыялізаваўся на гісторыі Беларусі. У 2001 годзе з адзнакай скончыў універсітэт і атрымаў дыплом гісторыка і выкладчыка гісторыі. Дыпломная праца была прысвечана жыццю яўрэяў у Рэчы Паспалітай і Францыі ў канцы XVIII стагоддзя.

З 2002 па 2005 год вывучаў новую гісторыю, філасофію і нямецкую мову як замежную ў Саарскім універсітэце (Германія). У 2005 годзе атрымаў ступень магістра мастацтваў () з агульнай адзнакай «выдатна». Магістарская праца, напісаная пад кіраўніцтвам прафесара Райнера Гудэмана, мела назву «Перадумова масавага забойства. Акцыі знішчэння ў Беларусі летам 1941 года».

У ліпені 2009 года ў Саарскім універсітэце абараніў дысертацыю на тэму «Вобразы Германіі ў беларускім савецкім грамадстве 1919—1941: прапаганда і вопыт» () і атрымаў ступень доктара філасофіі.

Навуковая дзейнасць З красавіка 2006 года пачаў працаваць супрацоўнікам дакументацыйнага праекта Яд ва-Шэм (Іерусалім) у зямлі Саар. З красавіка 2008 года пачаў выкладчыцкую дзейнасць у Саарскім універсітэце. З кастрычніка таго ж года стаў выкладчыкам еўрапейскай гісторыі XIX стагоддзя ў філіяле Інстытута палітычных даследаванняў () у Нансі.

У ліпені 2009 года ўзначаліў нямецка-беларускую даследчую групу ў рамках навуковага праекта па вывучэнні забойстваў інвалідаў, хворых і немаўлят у Беларусі ў 1941—1944 гадах. З жніўня 2009 года па 2012 год працаваў навуковым супрацоўнікам семінара па ўсходнееўрапейскай гісторыі Гейдэльбергскага ўніверсітэта ў межах даследчага праекта, прысвечанага акупацыйнай прэсе на тэрыторыі СССР падчас Другой сусветнай вайны. З ліпеня 2012 года з'яўляецца навуковым супрацоўнікам на кафедры новай і найноўшай гісторыі Саарскага ўніверсітэта. Акрамя гэтага, выкладае ў Вышэйшай школе паліцыі і грамадскага кіравання Паўночнага Рэйна — Вестфаліі ў Дуйсбургу. У 2020—2022 гадах быў удзельнікам праекта фонду Герды Хенкель «Адлюстраванне архіпелага страчаных гарадоў: пост-халакоставыя лакуны на польска-беларуска-ўкраінскім памежжы».

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці гісторыка ўключаюць даследаванне Халакосту на постсавецкай прасторы (асабліва ў Беларусі і Украіне), нацыянал-сацыялізм, ваенныя злачынствы нацыстаў, гісторыю яўрэяў і цыган ва Усходняй Еўропе, гісторыю Беларусі, СССР, Расіі, Польшчы і Ізраіля, яўрэяў у Саары ў міжваенны перыяд, а таксама пытанні калектыўнай памяці, эмансіпацыі яўрэяў і савецкай прапаганды.

Бібліяграфія Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941: Propaganda und Erfahrungen. Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 2011. Diskriminiert – vernichtet – vergessen. Behinderte in der Sowjetunion, unter nationalsozialistischer Okkupation und im Ostblock 1917–1991. Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 2016 (разам з Р. Гудэманам). Russische und sowjetische Geschichte im Film: Von Väterchen Zar, tragischen Helden, russischen Revolutionären und „Kalten Kriegern“. Würzburg and New York: Altija, 2016 (разам з Ф. Якабам). Der Direktor des Landschaftsverbandes Rheinland Udo Klausa (1910–1998) im Spiegel von Weggefährten und Kritikern. Berlin: Metropol, 2020. Fußball: Identitätsdiskurse, Politik und Skandale. Stuttgart: W. Kohlhammer, 2020 (разам з Ф. Якабам). Nikita Sergejewitsch Chruschtschow. Stuttgart: Kohlhammer, 2021.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 26 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1979 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Германіі Катэгорыя:Даследчыкі Халакосту Катэгорыя:Выкладчыкі Саарскага ўніверсітэта