Акцэнтало́гія (ад націск + вучэнне) — раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску, сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам.

Віды Адрозніваюць акцэнталогію: апісальную — даследуе фанетычныя, фаналагічныя і граматычныя ўласцівасці прасадычных сродкаў; тэарэтычную — вывучае сістэмныя ўзаемаадносіны і моўныя функцыі акцэнтных сродкаў; гістарычную — даследуе гісторыю націску ў асобнай мове; параўнальна-гістарычную — апісвае гістарычныя змены націску ў блізкароднасных мовах.

Гісторыя Акцэнталогія мае даўнюю традыцыю. У індыйскіх брахманах (VIII—VI стст. да н.э.) і ўпанішадах (VII—III стст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Старажытнай Грэцыі (VI—IV стст. да н.э.) і Кітаі (з V ст. н.э.). У XIX ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А. Х. Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А. А. Патабня, І. Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П. Ф. Фартунатаў, А. Мее.

Беларуская акцэнталогія сфарміравалася ў XX ст. Агульную характарыстыку беларускага націску ўпершыню даў у пачатку XX стагоддзя акадэмік Я. Ф. Карскі (1908). Шэраг прыватных акцэнтных сістэм дыялектнай мовы даследаваўся ў працах Я. В. Воўк-Левановіча, І. Б. Кузьміна, С. М. Некрашэвіча, П. А. Растаргуева, А. К. Сержпутоўскага). У другой палове XX ст. пераважалі апісальныя даследаванні акцэнтуацыі слоў асобных часцін мовы ў беларускай літаратурнай мове (М. В. Бірыла, Л. М. Вардамацкі, Я. М. Івашуціч, М. П. Лобан, М. А. Аляхновіч) і народных гаворках (У. М. Колесаў, П. А. Міхайлаў, Э. Смулкова, А. І. Чабярук). Гістарычная акцэнталогія прадстаўлена асобнымі працамі Я. Ф. Карскага, С. Нікалаева. Эксперыментальна-фанетычныя даследаванні націску праводзілі Л. Ц. Выгонная і іншыя.

Крыніцы

Катэгорыя:Акцэнталогія