Канстанці́н (Касту́сь) Мае́ўскі (? — 1940-я гады) — беларускі грамадскі і культурны дзеяч, настаўнік, праваслаўны святар, збіральнік беларускага фальклору.

Біяграфія Скончыў пяць класаў духоўнай семінарыі. У пачатку 1920-х гадоў працаваў настаўнікам у беларускай школе ў вёсцы Стаўкі Валожынскага павета. У 1921 годзе падчас кампаніі закрыцця беларускіх школ ён быў звольнены польскім школьным інспектарам; на старонках заходнебеларускіх газет «Беларускія ведамасьці» і «Беларускі звон» адзначалася, што сапраўднай прычынай звальнення Канстанціна Маеўскага і шэрагу іншых настаўнікаў была іх нацыянальная прыналежнасць.

Актыўна падтрымліваў выданне і распаўсюджванне беларускай прэсы, са свайго заробку ахвяраваў сродкі на выданне газеты «Наша думка» ў Вільні, супрацоўнічаў з газетай «Беларускі звон». У 1922 годзе ахвяраваў значную суму грошай (6250 польскіх марак) на падтрымку Беларускага дзіцячага прытулку. Сваім духоўным настаўнікам лічыў кіраўніка Беларускага музея Антона Луцкевіча.

У сярэдзіне 1920-х гадоў з’яўляўся студэнтам Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, дзе ўзначальваў Культурна-гістарычны гурток беларускай моладзі. Калі ў канцы 1923 года кіраўніцтва семінарыі паспрабавала ліквідаваць гурток і яго бібліятэку з пагрозай рэпрэсій да ўдзельнікаў, Канстанцін Маеўскі разам з сакратаром гуртка М. Камаровым выступіў у прэсе са зняпраўджаннем інфармацыі аб поўным разгроме арганізацыі.

Пазней пераехаў у Ліду, дзе 27 снежня 1926 года быў афіцыйна зарэгістраваны ініцыяваны ім мясцовы гурток беларускага таварыства «Прасьвета». Канстанцін Маеўскі быў абраны яго старшынёй. У 1927 годзе ад Лідскага павета і таварыства прымаў удзел у канферэнцыі Беларускай Нацыянальнай Рады (паланафільскай арганізацыі) ў Баранавічах, дзе выступаў з дакладам і абараняў ідэю стварэння «Беларускага праваслаўнага брацтва». Вёў актыўную палітычную і грамадскую палеміку з прадстаўнікамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і іх друкаваным органам — газетай «Наш голас». У час выбарчай кампаніі ў гмінныя самаўрады (1927) з’яўляўся ўпаўнаважаным па Лідскім павеце, выступаў з антыкамуністычных і лаялісцкіх пазіцый. Трапіўшы пад падазрэнне паліцыі за вывешванне ў Лідзе чырвонага сцяга, рашуча абверг праз прэсу якія-небудзь сувязі «Прасьветы» з камуністамі.

У далейшым прыняў сан праваслаўнага святара. Забіты ў час Другой сусветнай вайны польскімі акаўцамі, пра што згадвае ў сваёй кнізе „Ня трэба гаварыць голасна” (Лондан, 1985) пісьменнік Юзаф Мацкевіч Цытуецца паводле . Паводле некаторых звестак загінуў ад бомбы, укінутай палякамі ў яго хату ў 1943 годзе.

Фалькларыстычная дзейнасць У 1921—1922 гадах Канстанцін Маеўскі актыўна займаўся зборам беларускага фальклору на тэрыторыі Валожыншчыны. Да гэтай працы яго падштурхнула кампанія па зборы народных песень, абвешчаная віленскай газетай «Беларускі звон» (выдавец Ф. Аляхновіч). Першыя сабраныя ім матэрыялы («Дробна пташачка, невялічкая») былі надрукаваныя ў газеце 23 снежня 1921 года. Свае запісы ён таксама дасылаў у часопіс «Родная страха».

У зборах Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча (цяпер захоўваюцца ў Інстытуце літоўскай літаратуры і фальклору ў Вільні) выяўлены тры сшыткі з рукапіснымі запісамі Канстанціна Маеўскага (агулам 46 песенных тэкстаў, запісаных з 29 лістапада 1921 года па 28 студзеня 1922 года). У жанравым плане зборнік утрымлівае каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя песні (асабліва шырока прадстаўлены вясельны фальклор), пазаабрадавую лірыку, рамансы, узоры гарадскога фальклору, а таксама так званыя «сямейныя жарты». Тэксты запісаны суцэльным радком з захаваннем мясцовых дыялектных асаблівасцей, але без нотнага (меладычнага) суправаджэння, бо збіральнік не меў музычнай адукацыі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі Катэгорыя:Праваслаўныя святары Беларусі Катэгорыя:Настаўнікі Беларусі Катэгорыя:Загінулі ў Другую сусветную вайну Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Забітыя