Турцэ́вічы — беларускі святарскі праваслаўна-ўніяцкі род, які паходзіць з тэрыторыі гістарычнай Рэчыччыны. З гэтага роду выйшаў шэраг выдатных вучоных, педагогаў і грамадскіх дзеячаў ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя, сярод якіх найбольш вядомыя гісторык Арсен Турцэвіч і філолаг-антыказнавец Іван Турцэвіч.
Гісторыя роду Гісторыя роду цесна звязана з мястэчкам Холмеч Рэчыцкага павета, дзе прадстаўнікі сям'і служылі пры двары магнацкага роду Валовічаў як мінімум з сярэдзіны XVIII стагоддзя да 1870-х гадоў.
Пачынальнікам адной з найбольш вядомых галін лічыцца Арцемій (Арцемон) Турцэвіч. Ён паходзіў з сям'і праваслаўнага святара, але ў 1749 годзе прыняў унію. Быў прэзентаваны рэферэндарыем ВКЛ Юрыем Валовічам і пасвечаны мітрапалітам Ф. Грабніцкім у сан вікарыя і святара царквы Раства Багародзіцы ў Холмечы. Пазней гэтым прыходам кіраваў ягоны сын Гаўрыіл, які меў дзвюх дачок і трох сыноў (адзін з іх — Сіман, які нарадзіўся ў 1794 годзе).
Нягледзячы на тое, што Турцэвічы доўгі час былі ўніятамі, да моманту Полацкага царкоўнага сабора 1839 года і афіцыйнай ліквідацыі ўніі ў спісах уніяцкага духавенства не засталося ніводнага чалавека з такім прозвішчам. Гэта сведчыць пра тое, што ўсе прадстаўнікі роду вярнуліся ў праваслаўе крыху раней.
Вядомыя прадстаўнікі і галіны
Нашчадкі Сімана Восіп (Іосіф) Сіманавіч Турцэвіч (каля 1819 — 19 жніўня 1893) — выбітны царкоўны дзеяч, протаіерэй. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1841). Быў пасвечаны ў святара Мікалаеўскай царквы ў Петрыкаве (1843). Пазней служыў у Дзяражыцкім і Аўцюцевіцкім прыходах Рэчыцкага павета. Быў дэпутатам Лоеўскага благачыння (1848), пазней — Аўцюцевіцкім благачынным (1857—1870). З 1870 года і да канца жыцця служыў у Стваловіцкім прыходзе Навагрудскага павета. Карыстаўся вялікай павагай калег, неаднаразова абіраўся старшынёй акруговых і епархіяльных з'ездаў духавенства. Пахаваны ў Стваловічах. У яго сям'і нарадзіліся: Арсен Восіпавіч Турцэвіч (1848/1849 — пасля 1915) — беларускі і расійскі гісторык, археограф, член Віленскай археаграфічнай камісіі. Аўтар першых школьных падручнікаў па гісторыі з ліку мясцовых выхадцаў. Антон Восіпавіч Турцэвіч — выпускнік Харкаўскага ветэрынарнага інстытута. У 1890-я гады пражываў у Вільні ў адным доме са сваім братам Арсенем.
Нашчадкі Марціна Гэтая галіна роду звязана з сялом Сухавічы Рэчыцкага павета (цяпер Калінкавіцкі раён). Рыгор Марцінавіч Турцэвіч — былы ўніят, які пасля вяртання ў праваслаўе служыў псаломшчыкам мясцовай прыходскай царквы. Сям'я жыла даволі бедна, але здолела даць дзецям добрую адукацыю. Яго дзеці: Аляксандр Рыгоравіч Турцэвіч (памёр у сярэдзіне 1930-х) — настаўнічаў на поўначы Кіеўшчыны (імаверна, у Чарнобылі). Іван Рыгоравіч Турцэвіч (1856—1938) — выбітны філолаг-антыказнавец, гісторык-медыявіст, заслужаны ардынарны прафесар Нежынскага гісторыка-філалагічнага інстытута імя кн. А. А. Безбародкі. Восіп Рыгоравіч Турцэвіч (1859—1923) — выпускнік Акадэміі мастацтваў. Працаваў выкладчыкам малявання і чыстапісання 2-й Адэскай гімназіі. Пасля рэвалюцыі перабраўся ў Варонеж, а ў 1921 годзе ў Нежын да брата Івана. Праз канфлікт з кватэрантамі быў вымушаны з'ехаць на радзіму ў Мінскую губерню, дзе неўзабаве памёр ад паралічу. Хіёнія Рыгораўна Турцэвіч (у замужжы Хлябцэвіч) — пражывала ў Мазыры і вёсцы Тварычаўка. Падтрымлівала цесныя сувязі з братам Іванам Турцэвічам.
Сваяцкія сувязі Даследчык А. Петухоў на аснове ўскосных і прамых архіўных сведчанняў (супадзенне геаграфіі навучання і працы, асабістае ліставанне, успаміны сучаснікаў) даказаў, што найбольш выбітныя прадстаўнікі дзвюх галін роду — гісторык Арсен Восіпавіч Турцэвіч і прафесар-антыказнавец Іван Рыгоравіч Турцэвіч — даводзіліся адзін аднаму стрыечнымі братамі і падтрымлівалі цёплыя сямейныя адносіны.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Святарскія роды Катэгорыя:Рэчыцкі павет (Расійская імперыя)