Іва́н Хрыса́нфавіч Каладзе́еў (; 1859, Стараканстантынаў, цяпер Валынская вобласць, Украіна — 1914, цяпер Барысаў, Мінская вобласць, Беларусь) — беларускі бібліяфіл і калекцыянер.
Сабраў у Новабарысаве найбагацейшую ў Еўропе бібліятэку па гісторыі руска-французскай вайны 1812 года. Яго збор уключаў каля 15 тысяч кніг на 11 еўрапейскіх мовах, а таксама тысячы гравюр, літаграфій, карт і дакументаў. У 1907 годзе стаў сузаснавальнікам Імператарскага рускага ваенна-гістарычнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу. Ганаровы член Віцебскай навуковай архіўнай камісіі. Камергер імператарскага двара (1912). Стацкі саветнік.
Біяграфія Паходзіў з патомных дваран Чарнігаўскай губерні. Нарадзіўся ў сям’і генерал-маёра Хрысанфа Іванавіча Каладзеева (1817—1876) і Наталлі Якаўлеўны (у дзявоцтве Курносавай). Бацька быў удзельнікам Крымскай і Каўказскай войнаў, удзельнічаў у падаўленні паўстання 1863—1864 гадоў, за што ў 1865 годзе атрымаў ад імператара Аляксандра ІІ ва ўласнасць 7 тысяч дзесяцін зямлі ў Барысаўскім павеце. У сям’і, акрамя Івана, выхоўваліся чатыры дачкі.
Іван Каладзееў скончыў Прушкаўскую земляробчую акадэмію ў Прускім каралеўстве (цяпер Польшча) і атрымаў спецыяльнасць агранома.
У 18 гадоў пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну маёнтак у ваколіцах вёскі Краснае ў Барысаўскім павеце (Мінская губерня). Пазней набыў маёнтак Упірэвічы (побач з якім пазней узнік пасад Новабарысаў), дзе ўладкаваў сядзібу.
Яго капітал і прадпрымальніцкі талент адчувальна паўплывалі на развіццё горада Барысава. Акрамя пабудовы двухпавярховых камяніц і карпусоў папяровай фабрыкі «Папірус», ён узвёў дзве каменныя казармы для 162-га Ахалцыхскага пяхотнага палка, бойню, шпалапрапітачны і шкляны заводы. У 1899 годзе ён стварыў першую ў павеце тэлефонную станцыю. У 1901 годзе пабудаваў запалкавую фабрыку «Бярэзіна».
Быў земскім гласным у Барысаўскім павятовым камітэце і прадстаўніком Барысаўскага павета ў Мінскім губернскім камітэце па справах земскай гаспадаркі, а таксама выконваў абавязкі ганаровага міравога суддзі. Цікавіўся праблемай стварэння адзінага воднага шляху паміж Балтыйскім і Чорным морамі, дзеля чаго браў удзел у экспедыцыі па вывучэнні Бярэзінскай воднай сістэмы.
Жонка — Вольга Сяргееўна, у дзявоцтве Карцова (1856—1934), сястра расійскага дыпламата Юрыя Карцова. Яна дасканала валодала замежнымі мовамі, дапамагала мужу з перакладамі і суправаджала яго ў замежных паездках па антыкварных рынках Еўропы.
Калекцыянаванне і музейная дзейнасць Заснаваўшы пасад Новабарысаў у непасрэднай блізкасці да месца пераправы адыходзячай французскай арміі цераз Бярэзіну, ён зацікавіўся гэтым эпізодам вайны і з 1888 года распачаў руплівы збор матэрыялаў. З цягам часу сфера яго інтарэсаў пашырылася і ўключала ўжо ўсе дакументальныя і літаратурныя крыніцы па руска-французскіх адносінах у 1805—1815 гадах.
У выніку трыццацігадовых пошукаў у Расіі і за мяжой І. Х. Каладзееў здолеў сабраць значную бібліятэку (ад 11 да 15 тысяч тамоў на 11 еўрапейскіх мовах). У аснову яго кніжнага збору былі пакладзены калекцыі маскоўскага генерал-губернатара А. А. Закрэўскага і яго пецярбургскага цёзкі — вядомага бібліяфіла і калекцыянера. Асаблівую каштоўнасць уяўляў рукапісны аддзел, дзе побач з арыгіналамі захоўваліся копіі дакументаў, знятыя ў замежных архівах, а таксама калекцыі карт, планаў, гравюр і карцін.
Да ўнікаў калекцыі адносіліся падборкі растапчынскіх афіш, газеты, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі падчас французскай акупацыі, гравюры ўдзельнікаў вайны. Асаблівай жамчужынай збору з’яўлялася ўнікальная рукапісная карта Расійскай імперыі, выкананая ў адзіным экзэмпляры спецыяльна для Напалеона і захопленая пры пераправе цераз Бярэзіну. Мелася таксама два наборы паштовак панарамы Войцеха Косака і Юльяна Фалата.
Разумеючы значнасць сабранага матэрыялу, І. Х. Каладзееў забяспечыў да яго вольны доступ усіх даследчыкаў, зацікаўленых эпохай напалеонаўскіх войнаў. У 1903 годзе яго сядзібу ў Барысаве наведалі каля 70 членаў расійскага Таварыства рупліўцаў ваенных ведаў. Для аблягчэння працы даследчыкаў ён правёў каталагізацыю карт і ў 1912 годзе выдаў у Мінску каталог рускага аддзела сваёй бібліятэкі (каля 2000 назваў на 115 старонках). Таксама ў 1901 годзе ён усталяваў па абодвух берагах Бярэзіны помнікі на месцы французскай пераправы 1812 года каля вёскі Студзёнка.
Лёс калекцыі і памяць У пачатку XX стагоддзя збор І. Х. Каладзеева ўжо прыцягваў вялікую ўвагу даследчыкаў. Калі напярэдадні 100-годдзя вайны пачаліся падрыхтоўчыя работы па стварэнні Музея 1812 года ў Маскве, І. Х. Каладзееў прыняў рашэнне перадаць яму свой збор. 30 ліпеня 1913 года ён склаў праект завяшчання, і ўжо 3 жніўня 1913 года кніжная частка калекцыі была дастаўлена ў Маскву. 19 мая 1914 года калекцыянер памёр. У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны і набліжэннем руска-германскага фронту, удава калекцыянера 3 верасня 1915 года адправіла ў Маскву рэшту збору — 31 скрыню з унікальнымі гравюрамі, мастацкімі творамі, картамі і асабістым архівам.
У 1915 годзе збор быў занесены ў галоўную інвентарную кнігу Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Пазней частка кніг была размешчана ў Бібліятэцы музея, якая ў 1938 годзе стала самастойнай як Дзяржаўная публічная гістарычная бібліятэка Расіі. Калекцыя гравюр і выяўленчага мастацтва Каладзеева (больш за 3000 прадметаў) да сённяшняга дня з’яўляецца асновай фонду эстампаў па вайне 1812 года Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве.
У 1926 годзе каля 8 тысяч кніг з бібліятэкі Каладзеева вярнулі ў Беларусь, дзе іх прыняла Дзяржаўная бібліятэка БССР (цяпер — Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Частку з іх страцілі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Па стане на 2014 год Нацыянальная бібліятэка захоўвала частку каладзееўскага кнігазбору ў колькасці каля 3500 тамоў. Працэс ідэнтыфікацыі яго кніг ускладняецца тым, што калекцыянер не карыстаўся асабістым экслібрысам.
У сучаснай Беларусі імя збіральніка ўшанавана ў яго родным горадзе. 7 верасня 2008 года на 15-м Дні беларускага пісьменства Барысаўская цэнтральная бібліятэка атрымала імя Івана Каладзеева, на будынку ўсталявалі памятную шыльду. У бібліятэцы сталі ладзіць «Каладзееўскія чытанні». 20 мая 2014 года ў царкве Святой Тройцы ў Барысаве адкрылі кенатаф памяці Івана Каладзеева. У 2020 годзе ў бібліятэцы сабралі 1500 кніг, прысвечаных вайне 1812 года. Барысаўскі аб'яднаны музей мае пастаянную экспазіцыю, прысвечаную калекцыянеру, а ў самым Барысаве па вуліцы 30 год УЛКСМ, д. 38 адкрыты Дом-музей І. Х. Каладзеева.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Валынскай вобласці Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1859 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1914 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Барысаве Катэгорыя:Бібліяфілы Беларусі Катэгорыя:калекцыянеры Беларусі Катэгорыя:Дваранства Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі Прушкаўскай земляробчай акадэміі Катэгорыя:Прамыслоўцы Беларусі