Вераніка Карвялене, народжаная Бакшыце, або Вера Бакшыце () — літоўская педагог, грамадская дзеячка, доктар філасофіі.

Біяграфія

Нарадзілася 13 снежня 1898 года ў Суолеляі ў сялянскай сям’і. Паводле адных звестак, Cуолеляй адносілася да Кукцішскай воласці Вількамірскага павета, паводле Ігара Барынава — да Свянцянскага павета Віленскай губерні. Дзяцінства Веранікі прайшло ў фальварку Параўдэ каля аднайменнага возера, з якім у яе былі звязаны найлепшыя ўспаміны.

У 1912 годзе скончыла прыватнае літоўскае двухкласнае вучылішча ў Вільні, пасля да 1915 года вучылася ў жаночай гімназіі Вінаградава ў Вільні. Падчас 1-й сусветнай вайны, у 1915 годзе эвакуіравалася ва ўнутраныя губерні Расіі. У 1918 годзе скончыла ў Варонежы эвакуіраваную з Вільні прыватную літоўскую жаночую гімназію Марціна Ічаса.

У 1918 годзе вярнулася ў Літву і жыла ў Вільні ў свайго брата, святара Юозаса Бакшыса. У гэты ж час Вераніка актыўна ўключылася ў грамадскае жыццё, удзельнічала ў выбарах у мясцовае самакіраванне і была абрана ў валасную раду Уцяны. У 1919—1921 гадах працавала ў Коўне ў інфармацыйным агенцтве ELTA і адначасова вучылася на Вышэйшых курсах.

З 1921 года працягвала адукацыю ў Германіі, вывучала ў Мюнстэрскім, Мюнхенскім і Кёнігсбергскім універсітэтах педагогіку, псіхалогію, філасофію і нямецкую літаратуру. Абараніла дысертацыі і атрымала вучоную ступень доктара філасофіі.

У 1929—1940 гадах жыла ў Нарэйкішках пад Коўна, дзе яе муж Пятрас Карвяліс кіраваў маёнткам. У гэты перыяд займалася актыўнай грамадскай і педагагічнай працай. У 1940—1942 гадах жыла ў Берліне, у 1942—1944 — зноў у Літве. У 1944 годзе выехала ў Вену, у 1945—1950 гадах жыла ў Цюбінгене (Германія). У 1950 годзе пераехала ва Францыю.

Памерла 27 снежня 1952 года а 8 гадзіне раніцы ў шпіталі Страсбура пасля цяжкай аперацыі на печані, якая ўскладнілася запаленнем лёгкіх і эмбаліяй.

Пахавана на Паўночных могілках Страсбура (Cimetière Nord de Strasbourg, секцыя 12, рад 1). У 1953 годзе на яе магіле ўсталяваны помнік работы вядомага літоўскага скульптара Антанаса Мончыса. Эпітафія на помніку: «Тут спачывае старшыня Саюза літоўскіх каталіцкіх жаночых арганізацый, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла палягчэнню долі літоўскай жанчыны»..

Сям’я Бацькі — заможныя сяляне Юргіс і Цэцылія Бакшысы. Бацька актыўна займаўся купляй і продажам зямлі ў Асмалах, Суолеляі і Параўдэ, каб забяспечыць адукацыю ўсіх дзяцей. Вераніка была малодшым дзіцём у сям’і.

Старэйшы брат — Юозас Бакшыс (1884—1925), вядомы святар, доктар тэалогіі і грамадска-палітычны дзеяч, адзін з арганізатараў літоўскай канферэнцыі ў Вільні 1917 года . Пасля яго гібелі ад рук забойцаў у Мерачы Вераніка жыла ў яго кватэры ў Вільні.

Брат — Пранас (Ёнас) Бакшыс, вучыўся ў духоўнай семінарыі і памёр у 1918 годзе ў Панявежы ад сыпнога тыфу.

Старэйшая сястра — Канстанцыя Бакшыце-Бражэнене (1892—1970), пасмяротна прызнана Праведніцай народаў свету за выратаванне яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны. Дачка Канстанцыі (пляменніца Веранікі) — Ніёле Віргінія Бражэнайце — жонка легендарнага літоўскага антысавецкага партызана Юозаса Лукшы («Даўмантаса»). Вераніка Карвялене разам з мужам і дачкой былі на іх вяселлі 23 ліпеня 1950 года ў Цюбінгене.

Муж — Пятрас Карвяліс (Petras Karvelis; 1897—1976), літоўскі дзяржаўны дзеяч, міністр фінансаў Літвы і дыпламат. У снежні 1924 года ён прывёз з Коўна ў Мерач хірурга Уладаса Кузму каб выратаваць параненага брата Веранікі — Юозаса .

Дачка — Угне Карвяліс (Ugnė Karvelis; 1935—2002), вядомая літаратурная крытык, супрацоўніца «Le Figaro» і «Le Monde», пазней дыпламатка і пастаянная прадстаўніца Літвы пры ЮНЕСКА.

Грамадская дзейнасць

Карвялене была актыўнай удзельніцай Літоўскай маладзёжнай каталіцкай арганізацыі Ateitis — «ateitininkai» (атэйцінінкі). Яшчэ ў 1913 годзе яна ўступіла ў віленскі гурток гэтай арганізацыі. Пасля вяртання ў Літву ў 1918 годзе яна ўдзельнічала ў выбарах у мясцовае самакіраванне і была абраная ў валасную раду Уцяны .

Карвялене была ключавой постаццю Літоўскага таварыства каталіцкіх жанчын (Lietuvos katalikių moterų draugija) і Таварыства апекі над зняволенымі (Kalinių globos draugija). У 1929 годзе па яе ініцыятыве ў межах Таварыства каталіцкіх жанчын была створана Секцыя апекі над дзяўчатамі з адпаведным Бюро апекі і «Домам працы» (Darbo Namai), для якога яна дамаглася першай дзяржаўнай субсідыі . У 1931 годзе Карвялене арганізавала секцыю «Маці і дзіцяці», распрацавала праект «Дома маці і дзіцяці» і атрымала фінансаванне для яго рэалізацыі . У 1933 годзе Карвялене ўзначаліла камітэт па арганізацыі кангрэса Саюза каталіцкіх арганізацый, які сабраў каля 15 000 жанчын .

На працягу дзесяцігоддзя (1930—1940) Вераніка Карвялене працавала ў таварыстве апекі над зняволенымі «Soterija», амаль кожную другую нядзелю наведваючы Ковенскую турму для арганізацыі канцэртаў і чытання лекцый . Яна таксама актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці Абаліцыянісцкага таварыства, якое змагалася за закрыццё публічных дамоў .

У 1940 годзе ў Берліне ўдзельнічала ў арганізацыі Літоўскага фронту актывістаў (LAF), дзе ўзначальвала жаночую камісію — адну з 20 камісій, якія рыхтавалі праекты будучага ладу Літвы.

Пасля вайны, жывучы ў Цюбінгене, яна аднавіла дзейнасць рады атэйцінінкаў, Таварыства каталіцкіх жанчын і Саюза каталіцкіх арганізацый . У 1947—1948 гадах яна працавала сацыяльнай апекункай у турмах Вюртэмберга, дапамагаючы зняволеным літоўцам з ліку перамешчаных асоб («DP kalinius») прадуктамі, кнігамі і сувязю з духоўнікамі .

Вераніка Карвялене прадстаўляла літоўскіх жанчын на міжнародных кангрэсах у Рыме (1947, 1952) і Парыжы (1947, 1950) . У 1949 годзе яна стала адной са стваральніц Сусветнага жаночага руху. У чэрвені 1952 года яна была абраная старшынёй Саюза літоўскіх каталіцкіх жаночых арганізацый свету .

За выдатныя заслугі ў «» ўзнагароджана ў 1950 годзе Папам Піем XII ордэнам .

Навуковая дзейнасць

Галоўная навуковая праца — даследаванне гісторыі русіфікацыі адукацыі ў Паўночна-Заходнім краі (Літве і Беларусі) у кантэксце рэформ Аляксандра II 1850—1860-х гадоў. Тэма абрана з прапановы Вацлаваса Біржышкі, у дысертацыі «Да пытання гісторыі барацьбы за мову навучання ў літоўскіх школах» () Карвялене дэталёва разглядае рэакцыю расійскіх улад на паўстанне 1863—1864 гадоў, а таксама закранае беларускія сюжэты. Праца стала першым даследаваннем па тэме русіфікацыі рэгіёну, выкананым у Германіі. Паводл адных звестак, атрымала ступень доктара філасофіі ў 1929 годзе пасля абароны дысертацыі ў Кёнігсбергскім універсітэце . Паводле Ігара Барынава, тэкст працы завершаны ў Нарэйкішках, апублікавана яна ў Клайпедзе ў 1930 годзе, а абарона адбылася ў 1931 годзе ў Кёнігсбергу.

Таксама займалася публіцыстыкай, з 1929 года рэдагавала жаночы аддзел у тыднёвіку «Rytas», супрацоўнічала з часопісамі «Moteris» і «Naujoji Vaidilutė», дзе пісала на тэмы выхавання і міжнароднай дзейнасці .

Узнагароды

(1950)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі