Пётр () — праваслаўны царкоўны дзеяч, пісьменнік, мітрапаліт Кіеўскі.
Біяграфія Паходзіў з Галіцка-Валынскага княства. Згодна жыцію, ва ўзросце 12 гадоў пайшоў у манастыр і неўзабаве прыняў манаскі пострыг. У манастыры навучыўся іканапісу.
Побач з г. Белз пабудаваў храм «Святога Спаса», што паклала пачатак новай манаскай абіцелі, ігуменам якой стаў Пётр.
Пасля 1305 г. вылучаны кандыдатам на Галіцкую мітраполію (заснавана ў 1302/1303) галіцка-валынскім князем Юрыем Львовічам. Прыбыў у Канстанцінопаль, дзе ў той жа час знаходзіўся ігумен Геронцій — кандыдат на мітраполію ўсяе Русі ад вялікага князя ўладзімірскага Міхаіла Яраславіча. Улетку 1308 г. патрыярх Канстанцінопальскі Афанасій I пасвяціў Пятра на агульнарускую кафедру. Згодна з граматай польскага караля Казіміра III Вялікага канстанцінопальскаму патрыярху Філафею Кокіну 1370 г., папярэдне Пётр быў усё ж пастаўлены на Галіцкую кафедру.
У 1308 г. прыехаў у Кіеў, дзе прайшла яго інтранізацыя,. У 1309 г. хан Тахта выдаў Пятру ярлык, які вызваляў Рускую Царкву ад даніны і пошлін.
У пачатку 1310 г. знаходзіўся ў Бранску і беспаспяхова спрабаваў прымірыць князёў Святаслава Глебавіча і Васіля Аляксандравіча, якія вялі барацьбу за валоданне Бранскім княствам; прыведзеныя князем Васілём Аляксандравічам ардынцы ўварваліся ў горад і ўчынілі пагром, Пётр хаваўся ў царкве.
У канцы 1310 — пачатку 1311 гг. на царкоўным саборы ў Пераяслаўлі, скліканым па ініцыятыве вялікага князя ўладзімірскага і князя цвярскога Міхаіла Яраславіча, незадаволенага рашэннем патрыярхіі, Пётр быў абвінавачаны з боку біскупа Цвярскога Андрэя ў сімоніі і дазволе шлюбаў паміж блізкімі сваякамі. На саборным судзе прысутнічаў і пасол патрыярха Канстанцінопальскага Афанасія I, накіраваны для правядзення расследавання наконт прад’яўленых абвінавачанняў. Пасля яго даклада аб выніках расследавання ў Канстанцінопаль, там павінна было быць прынята канчатковае рашэнне аб далейшым лёсе Пятра. Новы патрыярх Канстанцінопальскі Ніфант I даверліва паставіўся да абвінавачанняў, аб якіх даведаўся ад вялікага князя Міхаіла Яраславіча, і гатовы быў выклікаць Пятра на суд, але, відаць, бок абвінавачання не знайшоў сведкаў, якія б выступілі супраць Пятра, і мітрапаліт не быў адпраўлены на судовы разбор. Неўзабаве адбылося прымірэнне Пятра і епіскапа Андрэя. Аб некаторым пацяпленні адносін паміж вялікім князем і мітрапалітам пасля Пераяслаўскага сабора сведчыць той факт, што ў 1313 г. Пётр і Міхаіл Яраславіч разам хадзілі ў Арду да новага хана Узбека.
У 1310-я гады паслядоўна вызначыліся прамаскоўскія сімпатыі Пятра. У пачатку 1311 года мітрапаліт не дабраславіў князя Дзмітрыя Міхайлавіча на паход у Ніжні Ноўгарад, якім авалодаў маскоўскі князь Юрый Данілавіч.
Мітрапаліт Пётр зрабіў месцам свайго пастаяннага знаходжання Маскву, што стала найважнейшай падзеяй для гісторыі Рускай мітраполіі (афіцыйнай мітрапалічай рэзідэнцыяй працягваў заставацца Уладзімір). Магчыма, гэта адбылося ў гады вялікага княжання князя Юрыя Данілавіча (1317—1322), пасля атрымання ярлыка на вялікае княжанне Дзмітрыем Міхайлавічам (1322) або пасля забойства апошнім Юрыя Данілавіча (1325).
Купіў для мітрапалічай кафедры ў тарускіх князёў горад Алексін. Блаславіў маскоўскага князя Івана I Данілавіча на пабудову першага каменнага храма Маскоўскага Крамля — Успенскага сабора, прыняў удзел у закладцы сабора.
Быў пахаваны ў алтарнай частцы недабудаванага Успенскага сабора ў Маскве.
Кананізацыя
Кананізаваны РПЦ. Дні памяці: 21 снежня (першапачаткова прыходзіўся на 20 снежня, прынамсі з пачатку XVI ст. перанесены на 21 чысло), 24 жніўня, у Саборах Маскоўскіх свяціцеляў (5 кастрычніка), Валынскіх святых (10 кастрычніка), Усіх святых, якія ў зямлі Рускай заззялі (2-я нядзеля пасля Тройцы).
Шанаванне мітрапаліта Пятра стала развівацца адразу пасля яго смерці. Неўзабаве было складзена яго жыціе. Традыцыйна выдзяляюцца дзве рэдакцыі помніка XIV ст.
Літаратура Горский А. А. Москва и Орда / А. А. Горский; РАН, Институт российской истории. — Москва: Наука, 2000. ISBN 5-02-009838-8 Клосс Б. М. Избранные труды. Т. 2. Очерки по истории русской агиографии XIV—XVI веков / Б. М. Клосс. — Москва: Языки русской культуры, 2001. ISBN 5-7859-0087-4
Катэгорыя:Мітрапаліты Кіеўскія і ўсяе Русі