Сакутэйкі (, літар. «Запісы пра стварэнне садоў», альтэрн. назва «Сэндзай хісё») — найстаражытнейшы японскі рукапіс, які змяшчае рэкамендацыйную інфармацыю па ўладкаванні садоў у стылі сіндэн-дзукуры.

Твор напісаны верагодна ў другой палове XI ст. — у перыяд Хэян (794—1185). Аўтарам рукапісу традыцыйна лічаць Татыбана-но Тасіцуна (1028—1094), сына магутнага рэгента Фудзівара-но Ёрыміці (992—1074), які заснаваў у 1052 г. знакаміты манастыр Бёда-ін ва Удзі. Дакладна невядома, якую назву рукапісы насілі ў перыяд Хэян. У перыяд Камакура (1185—1333) іх называлі «Сэндзай хісё» (前栽秘抄, літар. «Збор сакрэтаў садоў»). Пасля таго як скруткі Тасіцуна апынуліся ва ўладанні дома Маэда, уплывовага роду кіраўнікоў Кага, з іх было зроблена некалькі копій. Адна з такіх рукапісных копій стала ўласнасцю сям'і Танімура з Канадзава, дзе і захавалася да цяперашняга часу. Характэрна, што копія рукапісаў не мела загалоўка і толькі ў канцы перыяду Эда (1603—1868), калі яе тэкст уключылі ў збор гістарычных літаратурных твораў «Гунсё руідзю», стала называцца «Сакутэйкі».

Два скруткі рукапісу Тасіцуна ўяўляюць сабой збор нормаў і правілаў уладкавання садоў. Змест рукапісу, відавочна, назапашваўся на працягу некалькіх стагоддзяў і вусна перадаваўся садоўнікамі з пакалення ў пакаленне.

Структура Рукапісы прадстаўлены двума скруткамі; складаюцца з 15 раздзелаў і змяшчаюць 120 запісаў:

Асноўныя палажэнні Планаванне ўчастка Сажалка, сіндэн і масты Камяні і сажалка Карэсансуй Стылі ўстаноўкі камянёў Віды астравоў Уладкаванне вадаспадаў Віды вадаспадаў Ручаі Устаноўка камянёў Забароны Расліны Водныя крыніцы Рознае

Спасылкі Маставой С. А. «Сакутэйкі» — найстаражытнейшае кіраўніцтва па ўладкаванні японскіх садоў // Расія і АТР. 2012, 2 (76). С. 172—182

Катэгорыя:Перыяд Хэян у літаратуры Катэгорыя:Кнігі XI стагоддзя Катэгорыя:Японскі сад