Кра́каўскія шо́пкі () — разнавіднасць каляднага вяртэпа, якая ўзнікла ў Кракаве ў XIX стагоддзі. Уключана ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Штогод у Кракаве праводзіцца конкурс шопак, на якім вопытныя майстры і аматары прадстаўляюць свае вырабы.
Гісторыя Шопка як від народнага тэатра з'явілася ў Польшчы, верагодна, у XVI стагоддзі, а найбольшую папулярнасць набыла ў XVIII—XIX стагоддзях. Першапачаткова шопкі, якія адтвараюць апісаную ў Новым запавеце сцэну Раства, выстаўляліся ў алтарах касцёлаў. З часам фігуркі біблейскіх персанажаў, якія знаходзіліся ў іх, сталі рухомымі і маглі кіравацца лялечнікам. Вонкава шопкі адтваралі архітэктуру храмаў і рабіліся двух'яруснымі: на верхнім ярусе разыгрываўся калядны сюжэт, на ніжнім — сцэнкі бытавога характару.
У 60-я гады XIX стагоддзя вызначыліся характэрныя рысы шопак у залежнасці ад месца вырабу. Кракаўскія звычайна рабіліся доўгімі і высокімі (больш за два метры); верхні паверх меў абрысы царквы, ніжні прадстаўляў хлеў і яслі з немаўлём Ісусам. Самая старая з кракаўскіх шопак, што захаваліся, працы Міхала Эзенэкера, адносіцца да другой паловы XIX стагоддзя і ўваходзіць у збор Этнаграфічнага музея ў Кракаве.
У XX стагоддзі шопкі практычна страцілі сваё рэлігійна-абрадавае значэнне, аднак само мастацтва не было страчана. Сучасныя кракаўскія шопкі звычайна ўяўляюць сабой паменшаныя копіі тых ці іншых славутасцяў Кракава і, па традыцыі, маюць два ярусы. Памер можа вар'іравацца ад велізарных да мініяцюрных. Матэрыялы пры вырабе выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя: дрэва, кардон, шкло, сталь, пластык, пластылін, фальга і г. д. Акрамя таго, можа прымяняцца электрычная падсветка.
У 2018 годзе кракаўскія шопкі былі ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Конкурс шопак 21 снежня 1937 года каля падножжа помніка Адаму Міцкевічу на кракаўскай Рыначнай плошчы адбыўся першы афіцыйны конкурс кракаўскіх шопак. Падчас нямецкай акупацыі Польшчы традыцыя была прыпыненая; чарговы конкурс прайшоў 21 снежня 1945 года каля разбуранага помніка Міцкевічу. Пачынаючы з 1946 года конкурс праходзіць штогод у першы чацвер снежня; яго арганізацыяй займаецца Кракаўскі гістарычны музей, які затым набывае найбольш выдатныя шопкі.
У конкурсе ўдзельнічаюць як аматары, у тым ліку школьнікі, так і вопытныя майстры, якія гадамі выпрацоўваюць уласны стыль і перадаюць яго па спадчыне. Іх вырабы ацэньваюцца па шэрагу крытэрыяў: блізкасць да традыцыі, майстэрства дэкарацый, навізна, каляровая палітра, тып фігурак, архітэктура і рухомыя элементы. У журы конкурсу ўваходзяць гісторыкі, этнографы, гісторыкі мастацтва, архітэктары, скульптары.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Калядныя ўпрыгажэнні Катэгорыя:Кракаўскія традыцыі