І́гар Аўчы́ннікаў ( — невядома) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, дыпламат, эмігрант.

Біяграфія Прымаў удзел у Першай сусветнай вайне і выступаў удзельнікам белага руху.

У пачатку 1920-х гадоў знаходзіўся ў Канстанцінопалі (сучасны Стамбул). Працаваў сакратаром у новаствораным Консульстве Беларускай Народнай Рэспублікі, з'яўляўся бліжэйшым паплечнікам генеральнага консула БНР палкоўніка Івана Ермачэнкі. Беларуская паэтэса Ларыса Геніюш называла Ігара Аўчыннікава яго «ад’ютантам». Пасля ад'езду Івана Ермачэнкі з Турцыі Ігар Аўчыннікаў узначаліў беларускую дыпламатычную місію і выконваў абавязкі консула да яе закрыцця ў 1923 годзе.

У 1923 годзе разам з Іванам Ермачэнкам пераехаў з Канстанцінопаля ў Прагу (Чэхаславакія). Там паступіў і вучыўся на юрыдычным факультэце Карлава ўніверсітэта. З'яўляўся актыўным членам Беларускай грамады ў Празе.

Падчас Другой сусветнай вайны заставаўся жыць у Празе. У пачатку мая 1943 года, пасля смерці старшыні Рады БНР Васіля Захаркі, Ігар Аўчыннікаў разам з Іванам Ермачэнкам і супрацоўнікам Аператыўнага штаба Розенберга Альбертам Рыхелем удзельнічаў у аглядзе і перамяшчэнні беларускіх дзяржаўных архіваў (архіваў Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі). У сваёй афіцыйнай справаздачы Альберт Рыхель называў Ігара Аўчыннікава ў двухкоссях «міністрам транспарту».

Далейшы лёс Ігара Аўчыннікава пасля вайны невядомы.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1895 годзе Катэгорыя:Дыпламаты Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Выпускнікі Карлава ўніверсітэта Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны Катэгорыя:Белы рух Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі