Х’ю Грыфіт (; 30 мая 1912 — 14 мая 1980) — брытанскі акцёр, уладальнік прэміі «Оскар» за лепшую мужчынскую ролю другога плана ў 1960 годзе.
Біяграфія Х’ю Эмрыс Грыфіт нарадзіўся 30 мая 1912 года ў мястэчку Мэрыян-Глэс на выспе Англсі ва Ўэльсе. Там жа ён атрымаў сярэднюю адукацыю, а затым спрабаваў паступіць ва ўніверсітэт, але заваліў іспыт па англійскай мове. Пазней ён вырашыў заняцца банкаўскай справай і перабраўся ў Лондан, дзе было больш магчымасцей для кар’еры. Але банкаўскім клеркам Грыфіт прабыў нядоўга, паступіўшы неўзабаве ў Каралеўскую акадэмію драматычнага мастацтва. Пачатая Другая сусветная вайна прыпыніла яго акцёрскую кар’еру і Х’ю адправіўся ў шэрагах Брытанскай арміі ў Індыю, а затым у Бірму. Вярнуцца на тэатральную сцэну Грыфіт змог у 1947 годзе.
У канцы 1940-х гадоў адбыўся дэбют Грыфіта на брытанскіх экранах, а з пачатку 1950-х ён ужо пачаў здымацца ў Галівудзе. У 1959 годзе Х’ю стаў уладальнікам прэміі «Оскар» за лепшую мужчынскую ролю другога плана ў фільме «Бэн-Гур», а праз чатыры гады зноў намінаваўся на прэмію кінаакадэміі за ролю ў фільме «Том Джонс». За сваю кінакар’еру Грыфіт зняўся больш чым у 70 кінастужках, сярод якіх «Мяцеж на Баунці» (1962), «Як украсці мільён» (1966), «Олівер!» (1968), «Плач баншы» (1970), «Жудасны доктар Файбс» (1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (1971), «Што?» (1972) і многіх іншых.
Таксама паспяховай была і яго кар’ера ў тэатры — у 1958 годзе Грыфіт быў намінаваны на прэмію «Тоні» за Лепшую мужчынскую ролю ў п’есе «Зірні на дом свой, анёл». На тэлебачанні ён з’яўляўся даволі рэдка, але ўсё ж яго ролі станавіліся запамінальнымі.
У 1980 годзе ён атрымаў ганаровую вучоную ступень у Бангёрскім універсітэце ў сябе на радзіме ва Ўэльсе. 14 траўня таго ж года Х’ю Грыфіт памёр ад інфаркту ў Лондане, не дажыўшы двух тыдняў да свайго 68 дня нараджэння.
Фільмаграфія 1959 — «Бэн-Гур» 1972 — «Што?»
Зноскі
Катэгорыя:Акцёры Вялікабрытаніі