Караль Фларыян Кастравіцкі () — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, сасланы ў Сібір, бацька Казіміра (Каруся Каганца) і Амброзія Кастравіцкіх.
Біяграфія Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Кастравіцкіх гербу «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Менскім ваяводстве ВКЛ і Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.
Нарадзіўся ў 1814 годзе ў сямейным маёнтку на Меншчыне. Сын Самуэля Кастравіцкага, які быў старшынёй Мінскага межавога суда. Ад нараджэння Караль быў гарбатым. Ён атрымаў вышэйшую агранамічную падрыхтоўку, захапляўся музыкай і літаратурай. Валодаў маёнткам Вялікія Навасёлкі на Койданаўшчыне.
Караль Фларыян ажаніўся з Аленай Свентаржэцкай. Праз гэты шлюб ён быў блізкім сваяком Баляслава Свентаржэцкага — аднаго з кіраўнікоў і арганізатараў паўстання 1863 года у Ігуменскім павеце.
Падчас паўстання 1863—1864 гадоў Караль Кастравіцкі выконваў функцыі рэферэнта (зборшчыка падаткаў) у Менскім павеце, адказваў за фінансаванне і забеспячэнне збройных атрадаў. Пасля задушэння паўстання арыштаваны расійскімі ўладамі. Паводле прысуду, ён быў пазбаўлены ўсіх саслоўных (дваранскіх) правоў, а яго маёмасць і маёнтак Навасёлкі былі канфіскаваныя ў казну. Разам з цяжарнай жонкай і дзецьмі Караль Фларыян Кастравіцкі быў сасланы на пасяленне ў Сібір. Сям'я была накіравана ў Табольскую губерню (горад Табольск).
У сувязі з амністыяй і пагаршэннем здароўя, у 1873 годзе Каралю Кастравіцкаму было дазволена змяніць месца выгнання і пераехаць бліжэй да радзімы пад нагляд паліцыі (пачаткова ў Казанскую губерню, г. Цывільск). Наведаць родную Меншчыну яму давялося толькі перад самай смерцю.
Караль Фларыян Кастравіцкі памёр 13 мая 1873 года. Ён быў пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках. Ужо пасля яго смерці, у 1874 годзе, удаве з дзецьмі дазволілі канчаткова вярнуцца на Беларусь, дзе яны пасяліліся ва ўрочышчы Прымагілле каля Койданава.
Крыніцы
Караль Фларыян Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Пахаваныя на Кальварыйскіх могілках