Дзві́нская белару́ская тэатра́льная тру́па — аматарскі тэатральны калектыў беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, які дзейнічаў у Дзвінску і латгальскай правінцыі з 1927 па сярэдзіну 1930-х гадоў. З’яўлялася афіцыйным аддзелам Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі (ТБТЛ).
Гісторыя стварэння Спробы арганізацыі беларускага тэатральнага жыцця ў Дзвінску рабіліся з пачатку 1920-х гадоў. У верасні 1921 года Кастусь Езавітаў стварыў вандроўную тэатральную трупу з моладзі Дзвінска і навакольных вёсак. У пачатку 1922 года з ініцыятывы Эдварда Будзькі і Езавітава была створана тэатральная трупа пад кіраўніцтвам Язэпа Камаржынскага, якая выступала ў клубе чыгуначнікаў, клубе «Saule» і выязджала ў вёскі. Восенню таго ж года яна спыніла дзейнасць. Адначасова актыўнае тэатральнае жыццё віравала ў сценах Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, дзе працавалі драматычныя гурткі пад кіраўніцтвам Паўліны Мядзёлкі і Парфірыя Жэрдзі.
Пасля афіцыйнай рэгістрацыі ў Рызе Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі яго кіраўніцтва 23 жніўня 1927 года звярнулася да дырэктара Дзвінскай гімназіі Сяргея Сахарава з прапановай стварыць мясцовы аддзел. 20 лістапада 1927 года ў памяшканні гімназіі адбыўся першы агульны сход, які зацвердзіў стварэнне Дзвінскага аддзела ТБТЛ. У розныя гады аддзелам кіравалі Сяргей Сахараў, Аляксей Барткевіч, Аркадзь Райко, Канстанцін Александровіч і Сымон Маціеўскі.
У якасці кіраўнікоў творчых калектываў трупы былі запрошаны рэжысёр Станіслаў Мельнікаў, кіраўнік хору Іван Катоўскі, кіраўніца балета Вера Матэас і кіраўнік аркестра Уладзімір Ціхаміраў. У 1930 годзе аддзел спрабаваў падпісаць дагавор з рэжысёрам Якавам Качубаевым, але бакі не сышліся ва ўмовах. У выніку рэжысёрамі трупы працавалі С. Мельнікаў і К. Александровіч, а ў 1932 годзе гэтая пасада перайшла да У. Ціхамірава.
Склад і ўмовы працы Колькасць удзельнікаў дзвінскай трупы вагалася ад 15 чалавек улетку 1931 года да 24 асоб у 1932 годзе. Сярод найбольш актыўных артыстаў вылучаліся Канстанцін Александровіч, Антон Абулевіч, Уладзімір Ціхаміраў, Ілля і Марыя Фёдаравы, Гладкоў і Станіслаў Райко.
Праца трупы ўскладнялася канфліктамі з цэнтральнай управай ТБТЛ у Рызе. Паводле статута, Дзвінскі аддзел мусіў перадаваць палову сабраных сяброўскіх складак і ўступных узносаў у цэнтральную касу. Аднак з-за ўласных фінансавых цяжкасцей дзвінчукі часта не выконвалі гэты абавязак, а таксама затрымлівалі справаздачы аб выдаткоўванні ўрадавых сродкаў. У сваю чаргу, цэнтральнае кіраўніцтва ў Рызе крытыкавала Дзвінскі аддзел за памылкі ў агітацыі, у прыватнасці за публікацыю абвестак аб тэатральных занятках на рускай мове, што, на думку Рыгі, шкодзіла нацыянальнай рэпутацыі арганізацыі.
Дзвінчукі таксама скардзіліся, што цэнтральнае праўленне ТБТЛ рупіцца выключна пра Рыжскі тэатр і прысвойвае сабе ўсе ўрадавыя датацыі, пакідаючы Дзвінск без фінансавай падтрымкі. З-за недахопу грошай трупа не мела ўласных сродкаў на аплату сталага рэжысёра, стварэнне дэкарацый у нацыянальным стылі і набыццё тэатральных касцюмаў.
Рэпертуар і гастролі Тэатральны дэбют трупы адбыўся ў снежні 1927 года. 8 і 9 снежня 1928 года калектыў паспяхова паставіў дзве п’есы: «Манька» і «На Антокалі». Найбольш плённым перыядам у гісторыі калектыву былі першыя гады яго існавання. Толькі на працягу 1930 года артысты далі 12 спектакляў. Агулам за перыяд з 1928 па 1931 гады было зладжана 36 пастановак. У сезоне 1931/1932 гадоў артысты паставілі 25 спектакляў (11 з іх у мурах Дзвінскай гімназіі, 7 — у беларускай пачатковай школе).
Рэпертуар складаўся з твораў беларускіх аўтараў. Ставіліся п’есы «На Антокалі», «Манька», «На вёсцы», «Сватанне», «Збянтэжаны Саўка», «Калісь», «Пашыліся ў дурні», «Шчаслівы муж», «Модны шляхцюк», «Лекары і лекі», «Міхалка», «Паўлінка», «Чорт і баба», «На Полацкім замчышчы», «Здрада» і іншыя.
Спектаклі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод мясцовага насельніцтва. Колькасць гледачоў вагалася ад 100 да 2500 чалавек (менавіта столькі прыйшло ў Дзвінскі чыгуначны тэатр на пастаноўкі «Здрада» і «На Полацкім замчышчы» пад рэжысурай У. Ціхамірава і «Каін і Авель» пад рэжысурай К. Александровіча). Дзвінчукі актыўна выязджалі з гастролямі ў латгальскую правінцыю: спектаклі ставіліся ў Індры, Краславе, а таксама ў вёсках Ілукштанскага павета (Скрудаліена, Свенты). У большасці выпадкаў пастаноўкі насілі дабрачынны характар: прыбытак прызначаўся на дапамогу незаможным вучням беларускіх школ, на рамонт мясцовай царквы ў Шкельтаве або на карысць дзіцячага садка.
Праца трупы ўскладнялася адсутнасцю ўласнай залы. Рэпетыцыі і спектаклі праходзілі пераважна ў арандаванай зале Дзвінскай гімназіі. Калі зала была занятая, рэпетыцыі праводзіліся ў памяшканні ткацкай майстэрні, што часам выклікала канфлікты з персаналам школы.
Заняпад У пачатку 1930-х гадоў назіраўся паступовы спад актыўнасці трупы. З-за недахопу сродкаў і няпэўнага лёсу памяшканняў гімназіі ў сезоне 1932/1933 гадоў было пастаўлена толькі 9 спектакляў (8 з якіх за кошт іншых арганізацый). Гучалі крытычныя заўвагі наконт якасці рэпертуару: артыстам-аматарам часта не хапала майстэрства для сур'ёзных п'ес (напрыклад, цэнтральная ўправа не рэкамендавала ставіць драму «Здрада»), а для вясковай публікі даводзілася абмяжоўвацца «лёгкімі жарцікамі», якія не неслі высокай мастацкай вартасці.
Сваё 5-годдзе ў кастрычніку 1932 года Дзвінскі аддзел адзначыў вельмі сціпла — пастаноўкай п'есы «На Антокалі» і лекцыяй па гісторыі беларускага тэатра. Адзін з апошніх буйных спектакляў адбыўся 20 студзеня 1935 года ў Індры, калі К. Александровіч паставіў і сыграў у «Паўлінцы» Янкі Купалы. Апошняе пасяджэнне ўправы Дзвінскага аддзела ТБТЛ адбылося 14 лютага 1934 года, пасля чаго, на фоне ўсталявання аўтарытарнага рэжыму і ціску на нацыянальныя меншасці, трупа неўзабаве спыніла сваё існаванне.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Тэатры Латвіі Катэгорыя:Даўгаўпілс Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Беларускі тэатр Катэгорыя:З’явіліся ў 1927 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1930-я гады