Сакуны́ — частка дрыгавічаў, этнаграфічная група беларусаў, якая засяляла абшары абапал верхняга цяцэння Пцічы і яе прытока Арэсы (якую сакуны называлі Расой). Сакунамі іх назвалі за вымаўленне дзеясловаў з цвёрдым «-са», замест на «-ся», напрыклад: выспоўса, нагукаласа (нагаварылася), завернесса, прогуляймаса, абачніса (прачніся). Станам на 1915 год, сакуноў было 10 200 чалавек, з іх 5 300 мужчын і 4 900 жанчын.

Асноўныя паселішчы

Жыцін — сяло на правым беразе Пцічы. На 1915 год 200 двароў, 1600 жыхароў. Паводле падання, названа Жыцін ад таго, што палі вакол заўсёды давалі добрыя ўраджаі. Крамок — вёска на левым беразе Пцічы, на 1915 год 110 двароў, 960 жыхароў. Слова Крамок азначае «ўскраіна». Юравічы — вёска на левым Пцічы, была паблізу вёскі Крамок. На 1915 год 80 двароў, 640 жыхароў. Назва ад імя Юрый або ад слова юра. Юра — высокі адкрыты бераг ракі або ўзгорак. Вёска Юравічы месціцца менавіта на такім высокім адкрытым беразе. Церабуты — вёска, на 1915 год 120 двароў, 900 жыхароў. Слова церабіць значыць вырубаць лес, такім чынам Церабуты — высечанае ў лесе месца для забудовы або сяўбы. Шчыткавічы — вёска, на 1915 год 200 двароў, 1500 жыхароў. Назва Шчыткавічы ад слова шчыток, што азначае трохкутнік. Ляўкі — вёска, на 1915 год 120 двароў, 1000 жыхароў. Назва ад імя заснавальніка — Льва. Дражна — вёска, на 1915 год 115 двароў, 960 жыхароў. Назва ад слова драза — кусты, хмызняк. Залужжа — вёска, на 1915 год 180 двароў, 1400 жыхароў. Назва значыць, што паселішча за лугам. Падарэссе — вёска, на 1915 год 120 двароў, 1000 жыхароў. Падарэссе — пыд рэчкай Расой (Арэсай).

Побыт

Паселішчы Паселішчы звычайна размяшчаецца на астраўку, па беразе ракі або балота, цягнецца доўгай стужкай, акружана азяродамі (прыладамі для сушкі зерня). Вуліцы крывыя, вузкія. Адзін канец вуліцы, звычайна лепшы для ўезду, называюць белым, іншы канец — чорным. Часцей за ўсё каля белага канца вуліцы стаіць высокі крыж з распяццем, а далей, у поле, размяшчаюцца могілкі.

Падворак Двор сакуноў быў шчыльна забудаваны толькі з двух бакоў і адгароджаны ззаду і ад вуліцы праслам або частаколам з весніцамі.

Хата

На адным баку сядзібы, на адлегласці 3—4 метры ад вуліцы, за частаколам стаяла невялікая, звычайна 6,5×5,5 метраў, хата з бярвення, рубленая ў вуглы. Увогуле без фундамента; першы вянец клалі проста на зямлю або на камяні, абгароджвалі вакол тонкім бярвеннем і абсыпалі зямлёю. Такую заваліну называлі «прызбай». Высокая страха з дранкі або гонты, з двума крутымі скатамі, а таксама з карнізам і абшытым шчытом, або франтонам, спераду. Па самому верху ўздоўж усёй страхі цягнецца «воўк», збіты з дзвюх даўгіх дошак. Бакі абодвух скатаў у самага франтона абшытыя дошкамі, якія называюць «закрылінамі».

У хаце абавязкова менавіта тры маленькія вокны, з якіх адно на вуліцу і два на падворак. Чацьвертага акна ў сваёй хаце сакуны не прасякалі.

Студня Студні ў асноўным не маюць «сахі» ды «жураўля». Сакуны ніколі не карысталіся каромысламі, вёдры насілі ў руках.

Вопратка

Белая суконная кароткая світка, верхняе адзенне зімою і летам, аднаго крою для мужчын і жанчын, — шчыльна абхапляе стан і разыходзіцца на сцёгнах двума клінамі, у якія ўшытыя кішэні. Нізкі стаялы каўнер (коўнер), правае крысо захінаецца зверху. Кліны па рубцах для прыгажосці абшытыя шнурком цёмна-сіняга колеру. Такім чынам, на клінах утвараецца від вусоў. Белую світку «з вусамі» адносяць да самага старажытнага і распаўсюджанага некалі на Беларусі крою. Зімою дарослыя насілі белыя кажухі такога ж пакрою, як і світка.

Мужчынская белая палатняная кашуля з кароткім стаялым каўняром, без зборак на плячах, з прамым каўняром на грудзі — носяць кашулю на выпуск і зашпіляюць на грудзі металічнай спражкай. Такія ж белыя порткі са шнурком на пасе. Зімою паўзверх партоў апраналі яшчэ суконныя белыя штаны. Святочная кашуля бывае прыгожа натканая або вышытая на падоле, каўняры і коўнерцах рукавоў.

Жаночая кашуля трохі даўжэйшая, да каленяў, з адкладным каўнерыкам, поламі і доўгімі рукавамі, якія бываюць цалкам натканыя або вышытыя. Кароткая, трохі ніжэй каленяў, белая спадніца, на поясе, носіцца нізка на паясніцы. Зімою і па святах жанчыны і дзяўчаты носяць кароткія суконныя андаракі або ваўняныя панёвы з кабатам. Фартух у дзве полы на «скутах», прыгожа вышыты або вытканы знізу. Мужчыны і жанчыны насілі суконныя белыя камізэлькі амаль што аднолькавага крою.

Нявесты і маладыя жынчыны (маладзіцы) па святах апраналі безрукаўкі або нагруднікі, прыгожа вышываныя пазументамі (галунамі).

Пояс Сакуны падпаясваліся даўгім шырокім поясам. Мужчыны насілі на поясе каліту, нож і шабету з крэменем, трутам і сталёвым красалам.

Абутак Абуваліся сакуны ў ліпавыя або лазовыя адкрытыя (зрачыя) лапці. Акрамя звычайных пяньковых абор, мужчыны насілі яшчэ і раменныя, а жанчыны — чорныя пляценні або тканыя аборы. Летам жанчыны хадзілі басанож, але галёнкі завівалі анучкамі.

Літаратура Сербов И. А. Белорусы-сакуны: Краткий этнографический очерк. Пг., 1915.

Катэгорыя:Этнаграфія Беларусі