Сяргей Іванавіч Мураўёў-Апостал () — адзін з кіраўнікоў паўстання дзекабрыстаў.Мураўёў-Апостал Сяргей Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя. Т. 11. Мінск. С. 31.Мураўёў-Апостал Сяргей Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск: Беларуская энцыклапедыя. С. 239.Клевенский М. Декабрист Сергей Иванович Муравьёв-Апостол. Москва, 1925.Киянская Оксана. Декабристы. Москва: Молодая гвардия, 2015. Киянская О. И. Люди двадцатых годов. Декабрист Сергей Муравьев-Апостол. М.: РИПОЛ классик, 2023
Біяграфія Брат Мацвея Мураўёва-Апостала.
Дзяцінства правёў у Гамбургу. Затым выхоўваўся ў прыватным пансіянаце ў Парыжы. Скончыў Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін (1811). Вайсковую службу пачаў у 1810 годзе. Удзельнічаў у вайне 1812 года і замежных кампаніях 1813—1814 гадоў.
У 1817—1820 гадах служыў у знакамітым Сямёнаўскім палку. За свой «лібералізм» у адносінах да салдат быў звольнены з гвардыі і адпраўлены на службу ў дзеючую армію ў часткі Палтаўскага пяхотнага палка, пазней (у 1822 г.) пераведзены ў Чарнігаўскі 29-ы пяхотны полк камандзірам 2-га батальёна.
Масон, член і цырымоніймайстар (з 1817 г.) ложы «Тры цноты» (пакінуў ложу ў 1818 г.). Адзін з арганізатараў «Саюза выратавання» і «Саюза дабрабыту». Член Паўднёвага таварыства (адзін з дырэктараў, кіраўнік Васількоўскай управы). Прыняты ў Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў Паўлам Пестэлем у 1822 г.
У супрацы з Міхаілам Бястужавам-Руміным склаў рэвалюцыйную пракламацыю «Праваслаўны катэхізіс», у якой заклікаў да звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі (пазней ён быў прачытаны паўстанчаму Чарнігаўскаму палку). Будучы рэспубліканцам па сваіх перакананнях і праціўнікам прыгонніцтва, у 1823—1825 гадах Мураўёў-Апостал прапанаваў шэраг планаў узброенага паўстання ў арміі, якую дзекабрысты лічылі галоўнай сілай перавароту. Падтрымліваў ідэю царазабойства. Удзельнічаў у распрацоўцы першага рэальнага плана паўстання (Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823), які не быў здзейснены.
Вёў паспяховую прапаганду сярод салдат у Кіеўскай губерні, з’яўляўся адным са правадыроў дзекабрыстаў. У пачатку лістапада 1825 года быў прызначаны трэцім дырэктарам Паўднёвага таварыства.
Арыштаваны 29 снежня 1825 года ў Трылісах, ён быў вызвалены калегамі-афіцэрамі і ўзначаліў паўстанне Чарнігаўскага палка 29 снежня 1825 года. Другасна арыштаваны 3 студзеня 1826 года на полі бою пад Каваліўкай, калі быў цяжка паранены карцеччу ў галаву. Дастаўлены закаваным у кайданы: спачатку — у Магілёў (10 студзеня 1826), затым у Пецярбург (19 студзеня 1826). Уначы 21 студзеня 1826 года быў змешчаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць (у № 8 Аляксееўскага равеліна).
Падчас следства паводзіў сябе з вялікай годнасцю і мужнасцю. Асуджаны па-за разрадамі і 11 ліпеня 1826 года прыгавораны Вярхоўным крымінальным судом да чацвяртавання, пасля замененага на павешанне. Пакараны смерцю 13 (25) ліпеня 1826 года ў Петрапаўлаўскай крэпасці разам з чатырма таварышамі. Ён, як і Рылееў, зваліўся з шыбеніцы з-за гнілой вяроўкі; аднак іх не памілавалі, а павесілі зноў («Няшчасная Расія: І не ведаюць, як правільна пакараць смерцю», — усклікнуў Рылееў, паводле іншых крыніц — Сяргей Мураўёў-Апостал).
За дзве гадзіны да пакарання смерцю Сяргей Мураўёў-Апостал падчас апошняй споведзі сказаў святару Пятру Мыслоўскаму: «Радасць і спакой, якія ахапілі маю душу, даюць мне салодкую надзею на тое, што мая ахвяра не была занядбана Богам».
Дакладнае месца пахавання Сяргея Мураўёва-Апостала, як і іншых пакараных смерцю дзекабрыстаў, невядома. Па адной з версій, пахаваны разам з іншымі на востраве Галадаі (Дзекабрыстаў).
Памяць Згадваецца ў п’есе Уладзіміра Караткевіча «Кастусь Каліноўскі»:Мураўёў. Таму што такія людзі — дзейныя людзі. А свет непадобны на космас іхняй душы. І яны ў гардыні пачынаюць думаць, што пераробяць вялікі свет па вобразу і падабенству свайго… малога. А адсюль — адзін крок да фронды… бунту… эшафота.
Кастусь. Вы мяркуеце?
Мураўёў. Я ведаю… Я ведаў у маладосці шмат такіх… У-у, якая ў іх была сатанінская гардыня! І смеласць пры няправільным шляху.
Кастусь. Хто яны былі?
Мураўёў. Ну хаця б… Сяргей Мураўёў-Апостал.
Кастусь. Той, каго павесілі?
Мураўёў. Ну вядома ж не той, хто вешаў…
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Памерлі ў Санкт-Пецярбургскай губерні Катэгорыя:Зняволеныя Петрапаўлаўскай крэпасці Катэгорыя:Павешаныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Правадыры паўстанняў Катэгорыя:Удзельнікі бітвы пад Малаяраслаўцам Катэгорыя:Удзельнікі Барадзінскай бітвы Катэгорыя:Масоны Катэгорыя:Дзекабрысты Катэгорыя:Падпалкоўнікі (Расійская імперыя) Катэгорыя:Узнагароджаныя Георгіеўскай зброяй Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святой Ганны 4 ступені Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені