If I Needed Someone () — песня гурта «The Beatles», якая ўпершыню з'явілася ў альбоме «Rubber Soul» у 1965 годзе. Песня напісана Джорджам Харысанам і была запісана 16 і 18 кастрычніка 1965 года.
Гісторыя Песня была напісана пад значным уплывам гурта «The Byrds». Як стала вядома ў 2004 годзе падчас інтэрв'ю Роджэра Макгіна (музыканта «The Byrds»), Харысан нават даслаў яму касетны запіс песні, перш чым яна была растыражыравана, для таго, каб паказаць, што гітарны рыф у песні заснаваны на рыфе самога Макгіна ў песні «The Bells of Rhymney». Сам уступ песні і яе кода таксама даволі падобныя да песні гурта «The Byrds». Цікава, што «The Byrds» у сваю чаргу таксама запазычылі ў Харысана выкарыстанне 12-струннай электрычнай гітары ў фільме «A Hard Day’s Night».
Песня Песня «If I Needed Someone» у выкананні «The Beatles» гучыць у міксалідыйскім ля мажоры; у прыпеве ёсць мадуляцыя ў сі мінор. Радкі куплетаў даволі шчыльна гарманізаваны: асноўную партыю вядзе Харысан, а Ленан і Мак-Картні выконваюць падгалоскі. Прыпеў выконваецца адным Харысанам, аднак ягоная партыя зведзена з двух запісаў голасу, што часта практыкавалася «The Beatles» у час, калі запісваўся альбом Rubber Soul.
Мелодыя песні вельмі простая. Куплет складаецца толькі з некалькіх нот. Паводле самога Харысана,
«If I Needed Someone» — адна з мільёнаў іншых песень, напісаных вакол акорда рэ мажор. Злёгку перасоўваючы пальцы, можна атрымаць мноства невялікіх мелодый. Падобны гітарны ход ці ягоныя варыяцыі можна знайсці ў многіх песнях, і я здзіўляюся, што людзі дагэтуль адшукваюць новыя перастаноўкі з тых жа самых нот.
Тэкст песні перадае адчуванні маладога чалавека, які раней быў адрынуты сваёй каханай, але цяпер адчувае інтарэс з яе боку. Ён, аднак, не настроены звяртаць на яе ўвагу: «Напішы свой нумар на маёй сцяне, і, мабыць, я табе пазваню, калі мне будзе хтосьці патрэбны».
Запіс песні Гурт запісваў песню ў два этапы. На працягу першай сесіі (16 кастрычніка 1965) была запісана толькі базавая рытм-дарожка. 18 кастрычніка гурт дазапісаў да яе вакальныя партыі і партыю бубна.
У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — падгалоскі, рытм-гітара Пол Мак-Картні — падгалоскі, бас-гітара Джордж Харысан — асноўны вакал, 12-струнная сола-гітара Рынга Стар — ударныя, бубен Джордж Марцін — фісгармонія
Лёс песні Песня «If I Needed Someone» была адзінай кампазіцыяй Харысана, якая выконвалася на канцэртных турах «The Beatles». Песня гучала і на канцэртах гурта ў Токіа ў ліпені 1966 года; у дакументальным фільме «The Compleat Beatles» прыводзяцца кадры выканання гэтай песні ў якасці ілюстрацыі таго, як канцэртныя туры вымотваюць гурт. Песня была адной з пяці песень, якую «The Beatles» выканалі на сваім апошнім канцэрце ў Вялікабрытаніі (1 мая 1966 года ў зале «Empire Pool» лонданскага стадыёна Уэмблі). Была яна выканана і на самым апошнім выступе гурта 29 жніўня 1966 года ў Кэндлстык-парку, Сан-Францыска. Існуе меркаванне (якое, аднак, патрабуе праверкі), што песня «If I Needed Someone» выконвалася на кожным канцэрце «The Beatles» у 1966 годзе.
Песня неаднаразова перапявалася рознымі выканаўцамі, у тым ліку самім Харысанам у яго сольным альбоме «Live in Japan» у 1992 годзе (у гэтай версіі Харысан і Эрык Клэптан выконваюць значна даўжэйшыя гітарныя пройгрышы). Клэптан пазней выканаў кавер-версію гэтай песні для трыб'ют-альбома «Concert for George» у 2002 годзе.
Літаратура MacDonald, Ian (1995). Revolution In the Head: The Beatles' Records and the Sixties. Vintage. ISBN 0-7126-6697-4. Harrison, George (1980). I Me Mine. Simon and Schuster. ISBN 0-671-42787-3. Hammond, Ian. «The Harrisong, Part IV».
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Песні The Beatles