Лучні́к (вядомы таксама пад назвамі светач, дзед, лучыннік) — прыстасаванне, якое з дапамогай лучыны або смалістых корчыкаў асвятляла хату.

Апісанне Паводле канструкцыі і месцазнаходжання ў хаце лучнікі былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). У сваю чаргу пераносныя лучнікі падзяляліся на звычайныя і падвесныя. Звычайны лучнік выглядаў як драўляная стойка, аснова якой была крыжападобнай або суцэльнай. На верхнім канцы гэтай стойкі знаходзіўся клямар для лучыны, побач з якім ставілі посуд, напоўнены вадой. Падвесны лучнік уяўляў сабой кароткі кій, на адным канцы якога знаходзіўся клямар для лучыны, а на другім быў крук для падвешвання.

Стацыянарны лучнік меў трубу-комін, пад якой знаходзілася гарызантальна падвешаная жалезная рашотка. Там палілі смалісты корчык (гарэў ён доўга), дзякуючы якому святло было яркім. У больш старажытных светачах жалезная рашотка адсутнічала. У такім выпадку корчык палілі на памосце або плоскім камені. Тэрыторыя, на якой ужываліся лучнікі з дымаходам — Цэнтральная Беларусь і Палессе. Сярод сялянаў гэтыя прыстасаванні выкарыстоўваліся да пачатку ХХ стагоддзя, дзе-нідзе — да 1930-х гадоў. У гады нямецкай акупацыі Беларусі (1941—1944) лучнікі таксама ўжываліся.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Прадметы побыту Катэгорыя:Крыніцы святла