І́гар Пятро́віч Карне́й (, Наваспаск, Смаргонскі раён) — беларускі журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і трэвэл-блогер. Былы палітычны зняволены.
Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Наваспаск непадалёк ад Крэва, затым разам з бацькамі пераехаў па іншых адрасах на Смаргоншчыне. Сям'я Ігара Карнея мела гісторыю рэпрэсій: яго стрыечны дзед Канстанцін Якубовіч быў расстраляны ў 1938 годзе як «вораг народа», а родны дзед Іван быў сасланы ў Варкуту ў 1950 годзе за нібыта сувязь з «ляснымі братамі» і рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Пасля заканчэння школы і службы ў войску Ігар Карней паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З пачатку 1990-х гадоў ён супрацоўнічаў як з дзяржаўнымі, так і з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Доўгі час працаваў журналістам на «Радыё Свабода».
Мае жонку Іну і чатырох дачок (малодшая — Ева). Неўзабаве пасля затрымання журналіста ў 2023 годзе яго сям'я выехала за мяжу. Падчас яго зняволення ў жонкі было выяўлена анкалагічнае захворванне.
Палітычны пераслед 15 лістапада 2020 года Ігар Карней быў затрыманы ў Мінску падчас мірнай акцыі пратэсту «Марш смелых». Ён быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія адбываў у ізалятары ў Жодзіне. Пасля вызвалення ён апублікаваў рэпартаж пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання пад назвай «Наступны прыпынак — пекла».
17 ліпеня 2023 года Ігар Карней быў зноў затрыманы ў сябе дома пасля ператрусу. Спачатку яму прызначылі 10 сутак арышту, а затым перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага і ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Паводле версіі абвінавачвання, Карней супрацоўнічаў з Беларускай асацыяцыяй журналістаў (прызнанай КДБ «экстрэмісцкай»), стварыўшы для яе рэсурсаў больш за 50 інфармацыйных матэрыялаў. Сам журналіст адзначаў, што гэтыя тэксты былі непадпісанымі і іх аўтарства яму прыпісала следства.
Суд над журналістам праходзіў у Мінскім гарадскім судзе. 22 сакавіка 2024 года суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Ігару Карнею тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 20 тысяч рублёў. 25 сакавіка праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным зняволеным. Пасля разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе 7 чэрвеня 2024 года (суддзя Аляксандр Саўчук) прысуд быў пакінуты ў сіле. 28 чэрвеня 2024 года ўнесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Для адбыцця пакарання Ігара Карнея накіравалі ў папраўчую калонію № 17 у Шклове. Там на яго аказваўся пастаянны ціск з боку адміністрацыі: журналіста неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Ён быў пазбаўлены спатканняў, перадач і права карыстацца калектыўнымі прасторамі. За час утрымання ў ізаляцыі стан яго здароўя пагоршыўся: ён страціў 18 кілаграмаў (вага знізілася з 97 да 79 кг), пагоршыўся зрок, з'явіліся праблемы з сардэчным рытмам.
У кастрычніку 2024 года супраць яго ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). 11—13 снежня 2024 года ў судзе Шклоўскага раёна суддзя Аляксандр Тараканаў прызнаў Ігара Карнея вінаватым і прызначыў яму дадатковыя 10 месяцаў зняволення. Пасля гэтага яго статус змянілі на «рэцыдывіста» і перавялі на строгі рэжым у папраўчую калонію № 20 у Мазыры.
Вызваленне і эміграцыя
20 чэрвеня 2025 года Ігара Карнея нечакана вывелі з мазырскай калоніі, надзелі кайданкі, нацягнулі мех на галаву і вывезлі ў цывільным аўтамабілі ў Мінск. У галоўным будынку КДБ яго змясцілі ў камеру разам з іншымі палітвязнямі. Раніцай 21 чэрвеня 2025 года Карнея разам з яшчэ 13 зняволенымі, сярод якіх былі Сяргей Ціханоўскі, Наталля Дуліна, Галіна Краснянская і іншыя, пасадзілі ў мікрааўтобус і з мяхамі на галовах вывезлі да мяжы з Літвой. Вызваленне адбылося пасля візіту ў Мінск спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага. Пасля перасячэння мяжы былыя вязні былі перададзеныя прадстаўнікам амерыканскай дыпламатычнай місіі. Пры гэтым усе асабістыя дакументы, а таксама копіі судовых выракаў і турэмныя дзённікі, былі сканфіскаваныя беларускімі спецслужбамі.
Пасля прымусовай дэпартацыі беларускія ўлады анулявалі пашпарт Ігара Карнея. Судовыя выканаўцы ў Беларусі пачалі патрабаваць ад яго сям'і пагашэння запазычанасцей, выстаўленых «заднім лікам» за ўтрыманне ў СІЗА (63 рублі) і турэмную ўніформу (190 рублёў).
У эміграцыі Ігар Карней пасяліўся на Азорскіх астравах (Партугалія), дзе пачаў працаваць у сферы будаўніцтва.
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся 1 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1968 годзе Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Блогеры Беларусі Катэгорыя:Эмігранты з Беларусі Катэгорыя:Эсэісты Беларусі Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Прымусова дэпартаваныя з Беларусі