Ігар Пятровіч Логвінаў () — беларускі выдавец і культурны дзеяч. Заснавальнік прыватнага выдавецтва «Логвінаў» з аднайменнай кнігарняй.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1967 годзе ў Гродне. У 1992 годзе скончыў філасофскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прафесійную дзейнасць пачаў у выдавецтве «Пропилеи» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, таксама працаваў у выдавецтве «Менск».
З 2000 года ўладальнік і дырэктар прыватнага выдавецтва «Логвінаў» у Мінску. З 2008 або 2010 года пры выдавецтве таксама была кнігарня, яна месцілася разам з «Галерэяй Ў» у дварах каля плошчы Перамогі (праспект Незалежнасці, 37а) у будынку былога пункта прыёму шклатары.
У 2013 годзе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь анулявала выдавецкую ліцэнзію Логвінава (рашэнне прынята ў верасні або кастрычніку 2013 года). Падставай стала выданне фотаальбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які ў красавіку 2013 года судом Ашмянскага раёна прызнаны «экстрэмісцкім матэрыялам».
У студзені 2015 года Эканамічны суд горада Мінска аштрафаваў Логвінава на 961 703 000 беларускіх рублёў за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Сума штрафу адпавядала агульнаму абароту кнігарні за перыяд з 7 студзеня да 2 снежня 2014 года. Прэтэнзіі палягалі ў гандлі кнігамі без дзяржаўнай рэгістрацыі як распаўсюдніка, пры гэтым Міністэрства інфармацыі 8 разоў адмаўляла кнігарні ў рэгістрацыі па фармальных прычынах (няправільны паштовы індэкс або адрас). Дырэктар (IPA) па палітыцы Хасэ Баргіна (José Borghino) заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць Логвінава падчас суда.
У маі 2014 года Логвінаў зарэгістраваў у Вільні (Літва) прадпрыемства «Літаратурны дом „Логвінаў“» (Lohvinau Publishing House) для працягу выдавецкай дзейнасці. Першай кнігай выдавецтва ў Вільні была «Беларуская глыбіня» Паўла Севярынца.. Перанос бізнесу ў Літву павялічыў сабекошт кніг прыкладна на 20 % праз выдаткі на лагістыку і падаткі.
Пляцоўка з кнігарняй «Логвінаў» і «Галерэяй Ў» каля плошчы Перамогі ў Мінску закрылася ў 2020 годзе праз пандэмію COVID-19. Планы адкрыцця ў новым месцы не здзейсніліся праз палітычныя падзеі 2020 года. У 2020 годзе выдавецтва рэалізавала толькі каля 15 праектаў (у параўнанні з 50 штогод ў папярэднія гады)..
3 сакавіка 2026 года КДБ Рэспублікі Беларусь прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «кааліцыю», у якую ўключыў выдавецтва «Логвінаў», «Фонд Kamunikat.org» і выдавецтва Андрэя Янушкевіча (Andrei Yanushkevich Publishing). Сярод асоб, датычных гэтай «структуры» названы Яраслаў Іванюк, Зміцер Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч і Аляксандр Яўдаха.
Сям’я Дачка — Аляксандра Логвінава, у 2014 годзе прымала ад імя бацькі міжнародную прэмію ў Лондане.
Выдавецкая і грамадская дзейнасць Ігар Логвінаў заснаваў серыю перакладаў замежнай літаратуры на беларускую мову, у тым ліку твораў з чэшскай, польскай, нямецкай, іўрыта і рускай моў. Праекты рэалізоўваліся ў супрацоўніцтве з Інстытутам Гётэ, Польскім інстытутам у Мінску, пасольствам Чэхіі і іншымі культурнымі інстытуцыямі.
Выдавецтва выпускае «альтэрнатыўную» літаратуру, творы па гісторыі, палітыцы і мастацтве, з асаблівай увагай да рэпрэсаваных беларускіх аўтараў. Сярод вядомых аўтараў выдавецтва: Альгерд Бахарэвіч, Артур Клінаў, Андрэй Хадановіч, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў. Выдавецтва рэгулярна ўдзельнічала ў міжнародных кніжных выставах у Лейпцыгу, Франкфурце і Варшаве.
Пасля скасавання ліцэнзіі на друкарскую дзейнасць у 2013 годзе Логвінаў пачаў развіваць сегмент электронных кніг, бо «Закон аб друку» тым часам іх не рэгламентаваў. Разглядаў іх як магчымасць пашырэння кола чытачоў на беларускай мове і рынку без дзяржаўнага рэгулявання. У 2016 годзе планаваўся выпуск 30-40 электронных выданняў.
У 2016 годзе Логвінаў ацэньваў, што 90 % кніжнага рынку Беларусі займаюць рускамоўныя выданні, з якіх 80 % — гэта непасрэдны імпарт з Расіі. Дзяржаўныя выдавецтвы ён называў манапалістамі, асабліва ў сферы навучальнай літаратуры. Крытыкаваў дзяржаўную палітыку ліцэнзавання і абавязковай рэгістрацыі, што, на яго думку, стрымлівала развіццё выдавецкай культуры і абмяжоўвала магчымасці прыватных выдаўцоў. Асноўнай задачай сваёй дзейнасці лічыць пашырэнне рынку чытачоў на беларускай мове.
Прызнанне Прэмія Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў (IPA) «Prix Voltaire» (да 2016 года — «Freedom to Publish Prize») за мужнасць у адстойванні свабоды выказвання і свабоды друку (2014). Пры ўзнагароджанні старшыня камітэта IPA Ола Валін (Ola Wallin) адзначыў, што пазбаўленне Логвінава ліцэнзіі — гэта палітычная спроба задушыць смелага выдаўца.
Крыніцы
Спасылкі