«Е́рась жыдо́ўствуючых» (таксама наўгаро́дска-маско́ўская е́рась) — назва рэлігійна-інтэлектуальнай плыні апошняй трэці XV — пачатку XVI ст., якая ўзнікла ў Вялікім Ноўгарадзе, а пазней пашырылася ў Маскве. Назва паходзіць з палемічных твораў праваслаўных аўтараў і не была саманазвай удзельнікаў руху. Іх абвінавачвалі ў ерасі і схіленні да юдаізму, хаця гэта і застаецца прадметам дыскусій.
Праблема тэрміна Асноўныя звесткі пра ерась паходзяць ад яе праціўнікаў: з пасланняў наўгародскага архіепіскапа Генадзя, матэрыялаў царкоўнага сабора 1490 года, твораў Іосіфа Волацкага, перадусім кнігі «Асветнік».
Таму і тэрмін «жыдоўствуючыя» адлюстроўвае пазіцыю праціўнікаў руху. Ім называлі людзей, якіх абвінавачвалі ў перайманні яўрэйскага веравучэння або ў выкарыстанні яўрэйскіх рэлігійных кніг і тэкстаў. У сучасных даследаваннях гэтая назва часта падаецца ў двукоссі або з удакладненнем.
Гісторыя
Узнікненне ў Ноўгарадзе
Узнікненне ерасі звязанае з барацьбой Вялікага Княства Літоўскага і Масквы за ўплыў у Ноўгарадзе. У 1470—1471 гадах у горадзе знаходзіўся князь Міхаіл Алелькавіч, прадстаўнік кіеўскай галіны Алелькавічаў. У яго атачэнні былі адукаваныя яўрэі: лекар Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скаравей, або Скарабеі. Менавіта ім прыпісваецца пашырэнне новых поглядаў сярод часткі наўгародскага духавенства і гараджан.
Сярод першых вядомых прыхільнікаў называлі пратапопаў Дзяніса і Аляксея, а таксама пратапопа Сафійскага сабора Гаўрыіла.
Маскоўскі перыяд
У 1479 годзе Іван III Васільевіч перавёў Дзяніса і Аляксея ў Маскву, дзе яны атрымалі пасады пры прыдворных храмах. Пасля гэтага новыя ідэі, якія яны прывезлі з Ноўгарадам, сталі вядомыя ў Маскве. Да «жыдоўствуючых» або людзей, блізкіх да іх, адносілі дзяка Пасольскага прыказа Фёдара Курыцына, мітрапаліта Зосіму, Алену Стэфанаўну — нявестку Івана III, баяраў Івана Патрыкеева і Сямёна Рапалоўскага.
Абвінавачанні ў ерасі выкарыстоўваліся ў барацьбе розных груп пры двары Івана III, асабліва ў канцы XV ст., калі абвастрылася пытанне пра спадчыну вялікакняжацкай улады.
Пераслед Пытанне, як ставіцца да «жыдоўствуючых» разглядалася на саборах 1488, 1490, 1503 і 1504 гадоў. На раннім этапе пакаранні былі адносна мяккімі: асуджаных пазбаўлялі сану, высылалі або прымушалі да пакаяння. Архіепіскап Генадзь і Іосіф Волацкі настойвалі на больш жорсткім пакаранні за ерась.
Сабор 1504 года стаў пераломным. Частка абвінавачаных была прысуджана да смерці і спалена. Пасля гэтага рух фактычна заняпаў, а яго ўдзельнікі ўцяклі, у тым ліку ў ВКЛ.
Вучэнне Пра погляды «жыдоўствуючых» няма поўнай інфармацыі, асноўныя звесткі паходзяць з палемічных тэкстаў праціўнікаў ерасі. Ім прыпісвалі адмаўленне боскасці Ісуса Хрыста, крытыку вучэння пра Тройцу, сумненні ў замагільным жыцці, непрыманне ўшанавання ікон, крыжа і мошчаў.
Не ўсе абвінавачанні супраць «жыдоўствуючых» маюць аднолькавую доказную базу. Палемісты злучалі пад адной назвай розныя формы рэлігійнай крытыкі: ад цікавасці да яўрэйскай кніжнасці і біблейскіх перакладаў да антыцаркоўных і антытрынітарных поглядаў.
Пазнейшыя даследаванні характарызуюць погляды «жыдоўствуючых» як антытрынітарныя і рацыяналістычныя. У іх бачаць спробу асэнсаваць рэлігійныя пытанні праз зварот да розуму і кніг, а не толькі праз царкоўны аўтарытэт. Асобныя тэксты падкрэслівалі каштоўнасць ведаў і асабістай адказнасці чалавека. У гэтым сэнсе ерась была адной з формаў рэлігійнага вальнадумства на мяжы сярэднявечча і ранняга Новага часу.
Асобнае месца ў гісторыі «жыдоўствуючых» займае літаратура. Ерэтыкам выстаўлялі абвінавачванні за пераклады і перапрацоўкі яўрэйскіх тэкстаў. Сярод іх называюць «Шасцікрыл», «Логіку», «Лапатачнік», пераклады кніг Старога Запавету на царкоўнаславянскую мову з дамешкам беларусізмаў.
Літаратура
Марозаева С. В. «Жыдоўствуючых» ерась // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1998. — С. 463. — ISBN 985-11-0106-0. Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі: у 6 т. Т. 1: Эпоха Сярэднявечча / В. Б. Евароўскі і інш.; рэдкал.: В. Б. Евароўскі і інш.; НАН Беларусі, Інстытут філасофіі. — Мінск: Беларуская навука, 2008. — 576 с. — ISBN 978-985-08-0967-4. Скварчэўскі Д. В. Астранамічныя веды і ўяўленні насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў XIV—XVII стст.: аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук. — Мінск, 2016. Скварчэўскі Д. В. Астранамічная тэрміналогія ў літаратуры Вялікага Княства Літоўскага XV—XVII стст. // Журнал Белорусского государственного университета. История. — 2017. — № 2. — С. 42—47. Скварчэўскі Д. В. Развіццё астраноміі і хрысціянскай касмалогіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVII стст. // Веснік БДУ. Сер. 3, Гісторыя. Эканоміка. Права. — 2015. — № 2. — С. 3—6. Темчин С. Ю. Схария и Скорина: об источниках Виленского ветхозаветного свода (F19-262) // Senoji Lietuvos literatūra. — 2006. — Kn. 21. — P. 289—316. Perelmutter, Renee. Deictic Shifts in the Slavic Translations from Hebrew associated with the Judaizers. — University of Kansas. Юршина В. А. Ересь жидовствующих на Руси XV—XVI вв. // Вестник Тюменского государственного университета. Гуманитарные исследования. Humanitates. — 2020. — Т. 6, № 2. — С. 156—167.
Гл. таксама
Ерась Стрыгальнікі Антытрынітарыі Іосіф Волацкі Міхаіл Алелькавіч Стары Запавет Старабеларуская мова