Эміль Жак-Далькроз (; ) — швейцарскі музычны педагог, кампазітар, грамадскі дзеяч.
Біяграфія У 1877-83 вучыўся ва ўніверсітэце і ў кансерваторыі ў Жэневе, у 1884-90 — у Вене (1886, у А. Брукнера) і Парыжы (1888, у Л. Дэліба).
З сярэдзіны 1880-х гадоў пачаў пісаць і выдаваць свае музычныя сачыненні (тады ж змяніў прозвішча). У 1892—1910 выкладаў у кансерваторыі ў Жэневе. Даследаваў уплыў музычнага рытму на фармаванне псіхікі. Распрацаваў сістэму рытмічнай гімнастыкі (рытмікі), якая ўключала комплекс разнастайных рухаў (хадзьба, бег з захаваннем зменлівага рытму і г. д.).
Прапанаваў новы метад навучання музыцы, паводле якога для поўнага і хуткага авалодання рытмікай, зразумення эмацыйнага характару і вобразнага зместу музычнага твора яго неабходна «цялесна перажыць» і ператварыць у рух. Рытміка Жак-Далькроза набыла папулярнасць.
У 1910 годзе адкрыў Школу музыкі і рытму ў Хелерау (каля Дрэздэна), у 1915 — Інстытут Жак-Далькроза ў Жэневе. Прапанаваная ім сістэма садзейнічала развіццю слыху, здольнасці да музычнай і пластычнай імправізацыі. Школы і інстытуты, падобныя створаным Жак-Далькрозам, былі адкрыты ў Стакгольме, Лондане, Парыжы, Вене, Барселоне, Нью-Ёрку і інш.
Крыніцы
Катэгорыя:Кампазітары Швейцарыі