Ю́заф Семіра́дскі (; , Харкаў, Харкаўская губерня, Расійская імперыя — , Варшава, Польская Рэспубліка) — польскі геолаг, палеантолаг, этнограф і падарожнік. Прафесар Львоўскага ўніверсітэта (1901—1933) і яго рэктар (1926—1927). Даследчык закамянеласцяў і стратыграфіі юрскага перыяду, вывучаў палеазой на Падоллі і праводзіў маштабныя даследаванні ў Андах.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Семірадскіх (першапачаткова насілі прозвішча Сяміградскія, потым Сяміградскія-Рамашкевічы), вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1602 года. Спярша прадстаўнікі роду аселі ў Лідскім павеце, пазней перабраліся ў Менскі, а ў XVIII стагоддзі частка роду перамясцілася ў Новагародскае ваяводства. Бацька навукоўца, прафесійны вайсковец Тэлесфар Семірадскі, нарадзіўся ў 1827 годзе ў родавым маёнтку Ярошычы каля возера Свіцязь і быў ахрышчаны ў валеўскім касцёле. Маці — Наталля з Фрыбесаў, дачка Вінцэнта Фрыбеса і Ізабэлы Прушынскай са старажытнага роду з Каралішчавічаў. Родная сястра бабкі Ізабэлы — Ганна Цюндзявіцкая, аўтарка вядомай кнігі «Літоўская гаспадыня», а другая сястра, Міхаліна, была маці сусветна вядомага мастака Генрыха Семірадскага. Такім чынам, мастак даводзіўся Юзафу стрыечным дзядзькам. Сваяцкія сувязі таксама ядналі Семірадскіх з родамі Есьманаў (сваякоў Тадэвуша Рэйтана), Ваньковічаў і Манюшкаў.
Юзаф-Вацлаў Семірадскі нарадзіўся 16 (28) сакавіка 1858 года ў Харкаве. Згодна са знойдзенымі ў архівах метрыкамі, ён меў падвойнае імя. Яго нараджэнне на Харкаўшчыне было абумоўлена тым, што сям’я, апынуўшыся там, падтрымлівала цесныя стасункі з прафесарам Харкаўскага ўніверсітэта Аляксандрам Міцкевічам (братам паэта Адама Міцкевіча) і яго жонкай. Юзаф скончыў ІІІ Гімназію ў Варшаве. Пазней вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Імператарскім Дэрпцкім універсітэце. Падчас вучобы з’яўляўся філістрам студэнцкай карпарацыі «Konwent Polonia». У 1882 годзе была надрукавана яго першая праца, прысвечаная ледавіковым валунам на польскіх землях.
У лістападзе 1918 года, падчас польска-ўкраінскай вайны, быў адным з першых арганізатараў польскай Грамадзянскай міліцыі ў Львове, за што пазней быў адзначаны ваеннымі ўзнагародамі.
Памёр 12 снежня 1933 года ў Варшаве. Пахаваны ў сямейнай магіле Семірадскіх на Павонзкаўскіх могілках (участак 67-6-1,2).
Навуковая і даследчая дзейнасць
У хуткім часе пасля пачатку навуковай кар’еры Юзаф Семірадскі выправіўся ў Лацінскую Амерыку, якую наведваў тройчы на працягу 1882—1897 гадоў (у 1882—1883, 1892 і 1895 гадах). Ён праводзіў шырокамаштабныя даследаванні Андаў. Акрамя геалагічных інтарэсаў, ім кіравала жаданне вывучыць лёс польскіх і беларускіх эмігрантаў, асабліва сялянскай масавай эміграцыі другой паловы XIX стагоддзя. Вынікам гэтых экспедыцый сталі шматлікія падарожныя нарысы і рэпартажы. Яго першая кніга «Z Warszawy do Równika. Wrażenia z podróży po Ameryce Południowej odbytej w latach 1882-83» (выйшла ў 1885 годзе) утрымлівала гравюры, створаныя на аснове ўласных малюнкаў аўтара з падарожжаў.
З 1887 года выкладаў у Львоўскім універсітэце як прыват-дацэнт. У 1894 годзе стаў экстраардынарным прафесарам, а з 1901 года быў залічаны ў штат. У 1906—1932 гадах займаў пасаду ардынарнага прафесара палеанталогіі. У 1926/1927 навучальным годзе быў рэктарам універсітэта, а ў 1927/1928 навучальным годзе займаў пасаду прарэктара.
Акрамя ўніверсітэцкай дзейнасці, Семірадскі з’яўляўся энцыклапедыстам і рэдактарам шматтомнай «Encyklopedia zbiór wiadomości z wszystkich gałęzi wiedzy» — польскай энцыклапедыі, якая выдавалася ў 1898—1907 гадах грамадска-асветніцкай арганізацыяй «Macierz Polska» ў Галіцыі падчас аўстрыйскага падзелу. З’яўляўся членам Нацыянальнай лігі. У сярэдзіне 1911 года стаў адным з ініцыятараў стварэння ў Парыжы акцыянернага таварыства «Banque Franco-Galizienne, societe anonyme» (разам з Міхалам Ёркаш-Кохам).
Быў ганаровым членам Дзяржаўнага геалагічнага інстытута і членам Польскай акадэміі ведаў (PAU).
Сярод гістарычных і біяграфічных здабыткаў Семірадскага значнае месца займае даследаванне жыцця Ігната Дамейкі. Менавіта Семірадскі, ведаючы пра Дамейку дзякуючы сваім навагрудскім караням і стасункам сям’і з харкаўскімі Міцкевічамі, адразу пасля смерці славутага навукоўца ў 1889 годзе апублікаваў у часопісе «Kosmos» яго першую падрабязную біяграфію. У гэтым тэксце ён упершыню дакладна падаў дату нараджэння Дамейкі — 22 жніўня 1801 года.
Узнагароды Камандорскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы (27 лістапада 1929 года) — «за заслугі на навуковай ніве». Крыж Адважных. Крыж Абароны Львова.
Ушанаванне памяці У гонар Юзафа Семірадскага быў названы юрскі род аманітаў Siemiradzkia.
Бібліяграфія Рэпартажы з падарожжаў: Z Warszawy do Równika. Wrażenia z podróży po Ameryce Południowej odbytej w latach 1882-83 (1885, перавыданне 2014) Za morze! Szkice z wycieczki do Brazylii (1894)
Падручнікі: Geologia ziem polskich (том 1 — 1903, том 2 — 1909) Płody kopalne Polski (1922) O czem mówią kamienie? (1929)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Юзаф Семірадскі на сайце Геалагічнага музея Працы Юзафа Семірадскага ў бібліятэцы Polona
Катэгорыя:Нарадзіліся 28 сакавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1858 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Харкаве Катэгорыя:Памерлі 12 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1933 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве Катэгорыя:Геолагі Польшчы Катэгорыя:Палеантолагі Польшчы Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага Дэрпцкага ўніверсітэта Катэгорыя:Рэктары Львоўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выкладчыкі Львоўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Кавалеры Камандорскага крыжа ордэна Адраджэння Польшчы Катэгорыя:Кавалеры Крыжа Адважных Катэгорыя:Члены Польскай акадэміі ведаў Катэгорыя:Таксоны, названыя ў гонар людзей Катэгорыя:Пахаваныя на Паванзкоўскіх могілках