Дзмітрый Іванавіч Ілавайскі (; ) — расійскі гісторык і публіцыст.
Біяграфія Нарадзіўся ў горадзе Раненбург (цяпер Чаплыгін) Разанскай губерні ў сям’і мяшчаніна, кіраўніка маёнткам графіні Пален — Івана Міхайлавіча. Дзяцінства і малалецтва прайшлі ў беднасці і патрэбе. Матэрыяльнае становішча сям’і не палепшылася, нават калі бацька быў прыпісаны да Казлоўскага купецтва.
У 12 гадоў скончыў казённае Раненбургскае павятовае вучылішча, а ў 1850 годзе Разанскую мужчынскую гімназію. У жніўні 1850 года залічаны студэнтам на 1 курс гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы з захапленнем адгукаўся пра лекцыі Ц. М. Граноўскага і П. М. Кудраўцава па ўсеагульнай гісторыі. У той жа перыяд стаў цікавіцца параўнальным мовазнаўствам, палітычнай эканоміяй і статыстыкай.
Пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта выкладаў гісторыю ў гімназіях Разанскай губерні, паралельна займаючыся гістарычнымі даследаваннямі.
Спрабаваў сябе на ніве журналістыкі. Выдаваў газету «Кремль» у перыяд з 1897 па 1916 год. Газета мела кансерватыўны кірунак і складалася з яго ўласных публікацый. Тон артыкулаў не заўсёды задавальняў афіцыйныя органы. Так, у 1905 годзе, пасля трох папярэджанняў, «Кремль» быў зачынены на час цэнзурай за адкрытую і жорсткую крытыку гісторыкам Маніфеста ад 17 кастрычніка 1905 года.
Падчас Першай рускай рэвалюцыі перайшоў да радыкальна-кансерватыўных поглядаў і ўступіў у шэраг манархічных арганізацый, напрыклад, Саюз рускага народа і Рускі сход.
Публікацыі Першая праца Ілавайскага «Гісторыя Разанскага княства» была першым даследаваннем у галіне гістарычнага краязнаўства і заклала асновы федэратыўнай тэорыі. У наступнай працы «Аб ўяўным пакліканні варагаў» навуковец пераканаўча паказаў безгрунтоўнасць нарманскай тэорыі і зрабіў выснову, што замежны элемент не аказваў істотнага ўплыву на працэс развіцця старажытнай Русі.
Сапраўдную славу Ілавайскаму прынеслі складзеныя ім гімназічныя падручнікі, па якіх некалькі дзесяцігоддзяў запар вучылася ўся Расія. Яго падручнікі па рускай і ўсеагульнай гісторыі пастаянна перавыдаваліся з году ў год, дасягнуўшы па колькасці вытрыманых перавыданняў рэкордных адзнак. Так, да 1917 года яго дапаможнік па рускай гісторыі для сярэдняга ўзросту перавыдавалі 44 разы, для старэйшага — 36 разоў, па ўсеагульнай гісторыі для сярэдняга ўзросту — 35 разоў і для старэйшага — 30 разоў. Такі поспех падручнікаў прывёў да поўнай матэрыяльнай незалежнасці гісторыка, што было не характэрна для чалавека з вучонага асяроддзя.
Крыніцы
Літаратура Фатыхова И. И., Худолеев А. Н. Д. И. Иловайский: страницы исторической биографии // Научные исследования и разработки молодых ученых, 2014.
Катэгорыя:Гісторыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Гісторыкі XIX стагоддзя Катэгорыя:Гісторыкі XX стагоддзя Катэгорыя:Краязнаўцы Расіі Катэгорыя:Публіцысты Расіі Катэгорыя:Члены Рускага сходу