Але́на Зуй-Вайцяхо́ўская () — беларуская актрыса тэатра і кіно, спявачка. Найбольшую вядомасць атрымала як выканаўца сатырычнага вобраза Алены ЖалудОk і інтэрнэт-хіта «Шчучыншчына».
Біяграфія Нарадзілася 22 студзеня 1986 года ў Мінску. Маці працавала выкладчыцай французскай мовы, а таксама перакладчыцай і супрацоўніцай польскага консульства, скончыла ліцэй мастацтваў па класе арфы. Бацька працаваў настаўнікам музыкі ў школе. Дзядулю звалі Аркадзь.
У дзяцінстве на працягу трох гадоў навучалася ў ліцэі імя Ахрэмчыка па класе фартэпіяна і вакалу, спявала ў хоры. У сувязі з працай маці пяты і шосты класы правяла ў польскім Гданьску, дзе вучылася ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах, дзякуючы чаму дасканала авалодала польскай мовай. У шэсць гадоў з групай дзяцей ездзіла ў Аўстралію. У 2007 годзе з другой спробы паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (курс Л. Манаковай), якую скончыла ў 2011 годзе.
Пасля хвалі рэпрэсій у Беларусі ў 2021 годзе пачала атрымліваць пагрозы за ўдзел у дваровых канцэртах і сваю грамадзянскую пазіцыю. Некалькі тыдняў не начавала дома, баючыся арышту. У пачатку верасня 2021 года разам з сям’ёй выехала з краіны і пасялілася ва ўкраінскім Львове. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання і хавання ў бомбасховішчы, 26 лютага 2022 года пакінула Украіну. Правёўшы трое сутак на мяжы, сям’я перабралася ў Польшчу. Месяц яны жылі ў Варшаве, потым паўтара гады ў Беластоку, а ў канцы лета 2023 года пераехалі ў польскую сталіцу. Праз вымушаную эміграцыю і страту пачуцця бяспекі актрыса на працягу трох гадоў знаходзілася ў тэрапіі і лячылася ад дэпрэсіі з дапамогай антыдэпрэсантаў.
Дзейнасць
Тэатр У Беларусі служыла ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, дзе выканала ролі ў спектаклях «Тарцюф» (рэжысёр Мадэст Абрамаў), «Камень» (рэжысёр Наталля Слашчова), «Раскрыццё» (рэжысёр Наталля Ляванава) і іншых. Таксама супрацоўнічала з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі, іграла ў імправізацыйным спектаклі фармату «Гаральд» у тэатры БДУ «На балконе» і ў пастаноўках Сучаснага мастацкага тэатра.
Пасля пераезду ў Польшчу працягнула тэатральную дзейнасць. З 2025 года пачала працаваць суфлёрам у варшаўскім тэатры «Syrena». Адначасова выкладае тэатральнае майстэрства для дзяцей у студыі «Купалінка». У якасці актрысы ўдзельнічае ў праекце «Хор жанчын» (польск.: Chór Kobiet) польскай рэжысёркі Марты Гурніцкай, дзе выступае ў антываенным перформансы «Маткі. Песня падчас вайны» разам з іншымі беларускімі, украінскімі і польскімі актрысамі.
Кіно і YouTube-праекты У кіно дэбютавала ў 2012 годзе ў ролі Ніны ў фільме «Ніна — найлепшы чалавек» (рэжысёр Таня Кушнер). Здымалася ў эпізадычных ролях у серыяле «Мухтар. Новы след» і серыяле «Дзед Марозаў». Выканала ролю маці ў беларускім фільме «Возера радасці» (2017, рэжысёр Аляксей Палуян).
З’яўляецца сталай удзельніцай сатырычнага YouTube-канала «ЧынЧынЧэнэл» разам са сваім мужам Міхаілам Зуем і акцёрам Дзмітрыем Есяневічам (рэжысёр праектаў — Андрэй Кашперскі). Да вайны каманда пачала здымаць у Львове міні-серыял «Тут быў Ленін», але праца засталася незавершанай. Пазней сыграла ў кароткаметражным сатырычным фільме «Чын-чыны праляцелі зязюляй» (прэм’ера адбылася ў жніўні 2023 года, здымкі праходзілі ў нямецкім замку), а таксама ў міні-серыялах «Белдзяржпсіхоз» і «Давай яго дачакаемся». У апошнім праекце ўпершыню выступіла ў якасці суаўтаркі сцэнарыя (разам з Нэлай Агрэніч) і выканала галоўную ролю Ангеліны Лістапад, іранізуючы над прапагандысцкім вобразам жонак мабілізаваных.
Акрамя акцёрскай ігры, займаецца агучваннем: яе голасам запісаны альбом дзіцячых вершаў палітвязня Андрэя Скурко «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў», а таксама аўдыякніга «Па што ідзеш, воўча?» пісьменніцы Евы Вежнавец. Удзельнічае ў праекце «Беларуская літаратура» на YouTube. У 2024 годзе разам з фундацыяй «Tutaka» стварыла анлайн-курс сцэнічнай мовы па-беларуску «Гавары так, каб цябе пабачылі!».
Музыка Алена Зуй-Вайцяхоўская — вакалістка і суаўтарка музыкі ў сямейным гурце «Zui», дзе большасць тэкстаў піша яе муж. У 2016 годзе калектыў выпусціў свой першы альбом «Вопрос». У лістападзе 2024 года адбыўся рэліз другога, беларускамоўнага электроннага альбома «Арка». У яго ўвайшлі такія трэкі як «Мінск юнасці», «Аркаша», «Thank Youth», а таксама напісаная самой Аленай польскамоўная песня «Żegnam się».
У кастрычніку 2020 года актрыса прадставіла сатырычны вобраз эстраднай спявачкі-чыноўніцы Алены ЖалудОk, выканаўшы песню «Шчучыншчына» (аўтары — М. Зуй і Дз. Есяневіч, рэжысёр кліпа — А. Кашперскі). Кампазіцыя імгненна стала вірусным хітом і набрала больш за мільён праглядаў, стаўшы своеасаблівым гімнам тагачасных падзей і парадыяй на аграгламур і дзяржаўную прапаганду. Прозвішча для персанажа прыдумаў А. Кашперскі, дадаўшы да слова «Жалудок» моладзевае «Оk». Пазней у вобразе ЖалудОk Алена выпусціла іншыя гумарыстычныя трэкі: «Кедышкі», песні пра Узду і Лядскую псіхіятрычную бальніцу, а ў красавіку 2021 года ўдзельнічала ў адборы на конкурс «Еўрабачанне» з англа-беларускамоўнай песняй «Дзекаць і цекаць».
Асабістае жыццё У 2010 годзе абвянчалася ў Фаросы (Крым) з беларускім акцёрам і музыкам Міхаілам Зуем. Пара пазнаёмілася ў Мінску, прычым, як высветлілася пазней, яны нарадзіліся ў адзін дзень у адной палаце мінскай радзільні. Выхоўваюць дваіх дзяцей: сына Пятра (нар. 2012) і дачку Марыю (нар. 2015).
Творчасць
Тэатральныя ролі 2012 — «Тарцюф» (Мальер) — Марыяна (рэж. Мадэст Абрамаў, БДМТ) 2012 — «Камень» — (рэж. Наталля Слашчова, БДМТ) 2018 — «Раскрыццё» — Саша (рэж. Наталля Ляванава, БДМТ) «Маткі. Песня падчас вайны» (рэж. Марта Гурніцка, Хор жанчын, Варшава)
Фільмаграфія 2012 — Ніна — самы найлепшы чалавек — Ніна 2017 — Мухтар. Новы след (93-я серыя «Невиновный») — Цітова 2017 — Возера радасці — Маці 2019 — Мухтар. Новы след (187-я серыя «Бесценные сокровища») — Ларыса 2020 — Дзед Марозаў — эпізод 2023 — Чын-чыны праляцелі зязюляй (кароткаметражны) — Алена ЖалудОk
Дыскаграфія (гурт Zui) 2016 — «Вопрос» 2024 — «Арка»
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся 22 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1986 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Актрысы Беларусі Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі