«Шчу́чыншчына» — беларуская сатырычная песня і інтэрнэт-хіт, выпушчаны ў кастрычніку 2020 года на YouTube-канале «ЧынЧынЧэнэл». Выканаўцай кампазіцыі выступіла беларуская актрыса Алена Зуй-Вайцяхоўская ў вобразе выдуманай правінцыйнай эстраднай спявачкі Алены ЖалудОk.

Гісторыя стварэння Аўтарамі песні з’яўляюцца былыя акцёры Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч, якія былі звольненыя з тэатра ў жніўні 2020 года на фоне палітычных рэпрэсій. Ідэя ўзнікла пасля таго, як акцёры пабачылі ў адным з часопісаў цяжкавымоўнае слова «Шчучыншчына» (якое абазначае Шчучынскі раён, дзе пражывае каля 40 тысяч чалавек), пачалі яго абыгрываць, што ў выніку вылілася ў паўнавартасную кампазіцыю. Вакальную партыю выканала актрыса Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Алена Зуй-Вайцяхоўская, якая звольнілася з установы 6 кастрычніка 2020 года.

Рэжысёрам музычнага кліпа выступіў Андрэй Кашперскі. Ён жа прыдумаў прозвішча для галоўнай гераіні, дадаўшы да слова «жалудок» моладзевае «Оk». Перад здымкамі рэжысёр даслаў актрысе відэа з выступленнем Ксеніі Дзягелька для натхнення, аднак яна паглядзела яго ўжо пасля запісу. Па словах самой Алены Зуй-Вайцяхоўскай, вобраз Алены ЖалудОk з’яўляецца зборным і адсылае да каларытных выканаўцаў, якіх часта можна сустрэць на сцэнах сельскагаспадарчых кірмашоў, напрыклад, на Дажынках, ці святаў горада ў Беларусі.

Кліп і песня ствараліся як пародыя на прадукцыю беларускага дзяржаўнага тэлебачання, дзяржаўную прапаганду і «аграгламур». Гераіня кліпа — светлы, наіўны чалавек, які абсалютна сур’ёзна верыць у тое, што спявае, і лічыць, што навакольная рэчаіснасць ідэальная. Расійскае выданне «Maxim» параўнала гэты падыход з сатырычнай творчасцю расійскага персанажа Віталя Наліўкіна.

Рэліз і папулярнасць Кліп быў апублікаваны ў кастрычніку 2020 года на YouTube-канале «ЧынЧынЧэнэл», дзе аўтары песні М. Зуй і Дз. Есяневіч выступаюць у вобразах бюракратычных чыноўнікаў. За першыя суткі відэа стала вірусным, а на працягу года сабрала амаль мільён праглядаў і больш за 3 тысячы каментарыяў.

Нягледзячы на відавочны сатырычны характар, каля 40 % слухачоў першапачаткова ўспрынялі кліп сур’ёзна, не зразумеўшы іроніі. Некаторыя карыстальнікі нават крытыкавалі прымітыўнасць тэксту і відэараду. Стваральнікі адзначалі, што ва ўмовах тагачаснай беларускай палітычнай рэчаіснасці мяжа паміж абсурдам і нормай сцерлася, таму людзі пачалі ўспрымаць гратэск за чыстую манету. Быў выпадак, калі жыхарка Шчучына напісала актрысе ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» гнеўнае паведамленне, назваўшы песню «ганьбай», аднак пасля прагляду іншых ролікаў на канале зразумела сатырычны кантэкст і падзякавала аўтарам.

Слова «Шчучыншчына» дзякуючы песні стала інтэрнэт-мемам, у сацыяльных сетках з’явіліся шматлікія жарты з нагоды яго складанага вымаўлення. У верасні 2023 года амерыканскія дыпламаты з пасольстваў ЗША ў Беларусі і Літве запісалі гумарыстычнае відэа, у якім спрабавалі вымавіць гэтае і іншыя складаныя беларускія словы («ашчаджаць», «паляўнічы», «шчырасць»).

На фоне ўварвання Расіі ва Украіну слова «Шчучыншчына» пачало выкарыстоўвацца беларусамі як своеасаблівы шыбалет (моўны пароль) для вызначэння іншаземцаў, у першую чаргу грамадзян Расіі. Гэта звязана з тым, што ў слове прысутнічаюць цвёрдыя шыпячыя гукі, вымаўленне якіх выклікае цяжкасці ў рускамоўных. Разам з тым, паводле мовазнаўца Вінцука Вячоркі, гэты пароль не з’яўляецца ўніверсальным, бо падобныя гукі ёсць у польскай, літоўскай і ўкраінскай мовах. Акрамя таго, сама форма слова з’яўляецца штучнай і ўяўляе сабой пародыю на савецкія штампы (напрыклад, «хлебаробы N-шчыны»), бо ў беларускай тапаніміі няма традыцыі ўтвараць словы на -шчына ад назвы кожнага раённага цэнтра.

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны відэакліп

Катэгорыя:Песні 2020 года Катэгорыя:Сінглы 2020 года Катэгорыя:Песні на беларускай мове Катэгорыя:Інтэрнэт-мемы Катэгорыя:Культура Беларусі Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (з 2020 года)