Станіслаў Шадурскі (пол. Stanisław Szadurski, 1726 - 1789) — езуіт, філосаф, прафесар Віленскага ўніверсітэта. Прадстаўнік хрысціянскага Асветніцтва.Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. – Мінск, 2003. – Т. 17. – С. 358.Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X–XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995. – С. 329.Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. – Мінск, 2006. – Т. 2. – С. 749-750.Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. – Мінск, 2003. – Т. 6, кн. 2. – С. 790.

Біяграфія Сын Яна Францішка і Караліны Гільзен. Сваякі па матчынай лініі — ваявода мінскі Ян Аўгуст Гільзен і смаленскі біскуп Ежы Мікалай Гільзен. Брат кашталяна інфлянцкага Яна Шадурскага.

Скончыў езуіцкую школу ў Дынабургу, а пазней, хутчэй за ўсё, вучыўся ў Віленскай акадэміі. 29 лістапада 1744 уступіў у ордэн езуітаў. У 1744-44 вучыўся ў віленскім навіцыяце езуітаў. З 1746 года да 1748 года вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі пад кіраўніцтвам Станіслава Растоўскага. Пасля пажару ў Акадэміі завяршыў вучобу ў Оршы. Дзякуючы падтрымцы свайго дзядзькі па матчынай лініі, Яна Аўгуста Гільзена, працягнуў вывучэнне тэалогіі, матэматыкі і прыродазнаўчых навук у Варшаве і Парыжы. Па вяртанні ў 1756-57 гадах адбыў трэццюю прабацыю, то бок, вывучаў ордэнскае права і езуіцкую духоўнасць. З 1757 года выкладаў філасофію, фізіку, гісторыю і геаграфію ў новаадкрытым езуіцкім Collegium Nobilium у Варшаве. З 1759 года выкладаў у езуіцкай школе ў Навагрудку, дзе выкладаў поўны трохгадовы курс філасофіі для езуіцкіх клірыкаў. У 1762 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі і вольных навук у Віленскім універсітэце. У 1765-66 гадах выкладаў маральную тэалогію і кананічнае права ў Віленскіай акадэміі, пасля чаго атрымаў ступень доктара кананічнага права. У 1766-68 быў казнадзеем пры касцёле святых Янаў у Вільні. Пазней выкладаў у езуіцкіх школах у Гродне (1768-70) і Браневе (1770-71). Апошнія гады да роспуску ордэна езуітаў у 1773 годзе правёў у Дынабургу, шмат часу праводзячы ў маёнтках Хільзенаў і Шадурскіх . Звестак пра апошнія гады яго жыцця мала. У 1775 годзе прэтэндаваў на гадавую пенсію ад Адукацыйнай камісіі.

Філасофскія погляды Першую сваю працу (Positiones ex philosophia mentis et sensuum, 1758) выдаў у Варшаве, дзе даказваў, што філасофія можа быць карыснай і прыемнай. Галоўныя яго працы паўсталі ў наваградскі перыяд: Disputatio philosophica menstrua (1760) і Principia ratiocinandi variis dialogis atque exercitationibus (1760), у якой размоўнай мовай у форме дыялогу паміж студэнтамі логікі тлумачыліся прынцыпы пазнання. Паводле Шадурскага, у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а галоўным крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гістарычных аўтарытэтаў і веры.

У наступных працах звярнуўся да філасофіі прыроды. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі лічыў магчымым карыстацца рознымі філасофскімі сістэмамі і запазычваць з іх тое, што яму ўяўлялася дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблем суадносінаў матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Рэнэ Дэкарта, адначасова спрабаваў аб'яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні.

Быў адкрыты да новых філасофскіх тэндэнцый і лозунгаў Асветніцтва, імкнуўся да таго, каб традыцыйную навуку Касцёла зрабіць прывабнай для моладзі. Памкненне да асучаснівання схаластычнай філасофіі дазваляе залічыць Шадурскага да накірунка хрысціянскага Асветніцтва.

Працы

Positiones ex philosophia mentis et sensuum, Варшава,1758 Disputatio philosophica menstrua, Вільня, 1760 Principia ratiocinandi variis dialogis atque exercitationibus, 1760 Scita philosophica ex physica generali, 1761 Scita philosophica ex physica particulari, 1762 Scita philosophica, 1762

Літаратура Bargiel Franciszek. Stanislaw Szadurski SJ (1726–1789). Stanisław Szadurski, SJ, (1726-1789), przedstawiciel uwspółcześnionej filozofii scholastycznej. Krakow: Wydział Filozoficzny Towarzystwa Jezusowego, 1978.

Спасылкі

Крыніцы

Катэгорыя:Шадурскія Катэгорыя:Лацінамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Памерлі ў 1789 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1726 годзе Катэгорыя:Езуіты

Катэгорыя:Філосафы Катэгорыя:Схаластыка