Іосіф Віткін ( 2 жніўня 1876, Магілёў — 23 студзеня 1912, Рышон-ле-Цыён ) — дзеяч ранняга рабочага сіянізму, актывіст руху «Ха-Поэль ха-Цаір». Ідэолаг яўрэйскай працы.Kressel, Getzel. "Vitkin, Joseph." Encyclopaedia Judaica, edited by Michael Berenbaum and Fred Skolnik, 2nd ed., vol. 20, Macmillan Reference USA, 2007, p. 561

Біяграфія Юзаф Віткін нарадзіўся ў сям'і рабіна Шымона (Сімона) Віткіна і Леі Шапіры у Магілёве ў 1876 годзе. У сям'і Віткіных шмат пакаленняў з сімпатыяй ставіліся да палесцінафільства, яго прапрадзед Іосіф у пачатку ХІХ ст. пакінуў Магілёў і пасяліўся ў Хеўроне. Падтрымліваў ідэі перасялення ў Эрэц-Ізраіль і бацька Іосіфа, аўтар каментароў да Торы і ўтрымальнік хедара. Пазней з-за рознагалоссяў з абшчынай менавіта на глебе ідэалогіі Шымон з сям'ёй перабраўся ў Курск.

Іосіф атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю ў хедары, прыватныя настаўнікі таксама займаліся з ім іўрытам і рускай мовай. У 17 гадоў Віткін скончыў бухгалтарскія курсы і ўжо ў 18 гадоў атрымаў працу на сельскагаспадарчым прадпрыемстве. У гэтыя гады ён захапляўся сацыялістычнымі ідэямі, і пералом у яго светапоглядзе наступіў пасля I сіянісцкага кангрэса. Іосіф стаў сіяністам і ў канцы 1897 года з'ехаў у Палесціну. Ведаючы аб слабым здароўі сына, Шымон і яго жонка Лея не хацелі адпускаць яго ў Палесціну, але ўтрымаць не змаглі.

У Палесціне Іосіф чатыры месяцы адпрацаваў чорнарабочым у Рышон-ле-Цыёне, а затым атрымаў месца настаўніка ў Гедэры. Нягледзячы на адсутнасць педагагічнага досведу, ідэалістычны запал і імкненне да дасканаласці дапамаглі яму набыць рэпутацыю аднаго з лепшых настаўнікаў яўрэйскага ішува. Яго вучні асвоілі іўрыт на ўзроўні паўсядзённых зносін, але ў выніку пярэчанняў з боку бацькоў Віткін вымушаны быў перайсці ў школу ў мошаве Месха (цяпер Кфар-Тавор), адкуль ён пазней вярнуўся ў Рышон-ле-Цыён. Там ён працягваў выкладаць да канца жыцця. Вёў аскетычны лад жыцця, большую частку заробленых грошай аддаючы маці і сёстрам (яго сям'я перабралася ў Палесціну ў 1904 годзе, і ўсяго праз год Шымон Віткін памёр).

Не пагаджаючыся з пануючымі патрыярхальнымі поглядамі і арыентацыяй на сельскую гаспадарку з выкарыстаннем працы мясцовых арабаў, Віткін выступаў за яўрэйскую каланізацыю зямель, яўрэйскую фізічную працу ў сельскай гаспадарцы, прапаганду сіянісцкіх ідэалаў і сацыяльную справядлівасць. Гэтыя яго погляды прывялі яго да супрацоўніцтва з сацыялістычным рухам "Ха-Поэль ха-Цаір ", і ён стаў адным з ідэолагаў гэтага руху. Яго ідэі былі выкладзены ў брашуры «Коль карэ» ( поўная назва — «Зварот да яўрэйскай моладзі, сэрца якой з яе народам і з Сіёнам»). Брашура была ў 1905 годзе адпраўлена ў Расію, дзе распаўсюджвалася намаганнямі Менахема Усышкіна і стала адным з галоўных стымулаў да пачаткаў Другой аліі. У брашуры Віткін заклікаў яўрэйскую моладзь Расійскай імперыі падтрымаць перасяленне ў Палесціну: …мы павінны сабраць усе сілы і аддацца нашай задачы з неўтаймаванай любоўю, з бязмежнай самаахвярнасцю і бясконцым цярпеннем!.. Спяшайцеся, героі Ізраіля, адрадзіце часы білуйцаў з мужнасцю і размахам, інакш яшчэ крыху, і мы загінем! Сябры Другой аліі бачылі ў Віткіне духоўнага лідэра. У 1907 годзе і сам Віткін наведаў Расію, але выявіў, што прапагандысцкая дзейнасць там жорстка спыняецца.

У гэты час у Віткіна быў дыягнаставаны рак гартані. Ён адправіўся ў Вену, дзе прайшоў безвыніковую аперацыю, і паспешліва вярнуўся ў Палесціну, каб не паміраць на чужыне. Памёр у Рышон-ле-Цыёне ў студзені 1912 года. Памёр нежанатым, не здолеўшы дамагчыся ўзаемнасці ад сваёй каханай Бэлы Бенінсан - былой вучаніцы з Гедэры. Пасля яго смерці ў тым жа годзе рухам «Ха-Поэль ха-Цаір» быў выдадзены зборнік яго прац.

Падтрымліваў сувязі са сваякамі ў Магілёве, пісаў у 1898 годзе сваяк з Рышон-ле-Цыёна:Я хацеў бы ведаць, што наогул чуваць у Магілёве, як жывецца ў маім старым родным горадзе, як справы са сродкамі да існавання, як і чым зарабляе на жыццё наш бедны горад, як жывуць тысячы бедакоў, як існуюць яны. Часам мяне на крылах уяўлення нясе ў Магілёў, я іду па двары сінагогі, спускаюся на Бальяну або Дубровенку, там хаджу як прывід па вузкіх завулках, я бачу ўсіх, а мяне няма, я нікім не бачны... Гляджу на панылыя і ўстрывожаныя твары, на забітыя і патухлыя вочы, бачу рваную вопратку, чую шум і мітусню яўрэйскіх вуліц, ціхі смех, які вырываецца з сэрца вольнага чалавека, не вясёлы спеў, што ідзе са здаровых грудзей, а блюзнерства і праклёны, плач і енк, дзіўныя галасы, напалову плачучыя, напалову спяваючыя, альбо дзіўныя і дзікія крыкі, што даносяцца да мяне з цёмных і вузкіх пакояў. Вуліцы поўныя, стаяць натоўпы сагнутых людзей з торбамі за плячыма. Гэта жабракі, якія вяртаюцца ў Магілёў. Магілёў, як справы? Як ты, мой любімы горад?На магілёўскіх яўрэйскіх могілках пахаваны дзед Іосіфа Віткіна – Йехіэль Міхель Шапіра і яго дзядзька Хаім Абрам Шапіра, які пакінуў пасля сябе ўнікальны дзённік, які расказвае пра яўрэйскае жыццё Магілёва канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Захавалася і магіла яго стрыечнага брата Беньяміна Шапіра, выдатнага выкладчыка іўрыту і іўрыцкай літаратуры ў магілёўскай Талмуд Торы. У 1913 годзе Беньямін Шапіра паехаў у Палесціну з мэтай удасканаліцца ў выкладанні мовы на аснове сістэмы, прынятай у гімназіях Палестыны. Ён павінен быў неўзабаве пераехаць туды на пастаяннае жыхарства, але Першая сусветная вайна парушыла яго планы, а ў маі 1917 года ён раптоўна памёр ад тыфу.

Ідэалагічныя пазіцыі Па сваіх поглядах быў перакананым прыхільнікам ідэі яўрэйскага засялення Зямлі Ізраільскай. Стаўленне Віткіна да краіны продкаў было ўзнёсла-паэтычным, што адбілася на распрацаванай ім сістэме выкладання: апроч каштоўнасцяў яўрэйскай культуры, ён стараўся прывіць сваім вучням любоў да іўрыту і прыроды Палесціны .

Для перакананага палесцінафіла Віткіна стала ўдарам альтэрнатыўная Базельскай Угандская праграма, ухваленая VI Сіянісцкім кангрэсам. Віткін разглядаў Угандскую праграму як здраду і адпрэчваў пануючыя сярод еўрапейскіх сіяністаў пазіцыі, паводле якіх яўрэйскай дзяржавы варта дамагацца ад сусветных дзяржаў палітычнымі сродкамі. На гэты перыяд прыпадаюць найбольш горкія і рэзкія з яго артыкулаў, якія ён пазней знішчыў, так і не апублікаваўшы . Нават пасля таго, як Угандская праграма праз два гады была адвергнутая сіянісцкім рухам, а яго ўласныя погляды на засяленне Палесціны знайшлі водгук сярод сіяністаў Расіі, Віткін захаваў непрыязнае стаўленне да еўрапейскіх сіяністаў-тэарэтыкаў. У 1907 годзе, знаходзячыся ў Вене на лячэнні, ён пісаў у «Адкрытым лісце сіяністам Вены» аб абавязку адраджэння яўрэйскай культуры і мовы ў Палесціне.

Віткін крытыкаваў сістэму гаспадарання, якая склалася падчас Першай аліі, пры якой яўрэйскія плантатары шырока выкарыстоўвалі наёмных арабскіх працаўнікоў. Узорам для пераймання ў вачах Віткіна былі першапраходцы з арганізацыі «БІЛУ», якія ў 1880-я заснавалі Гедэру, чый ідэалізм ён супрацьпастаўляў блізарукаму практыцызму сучаснага яму ішува . На яго думку, будучыня яўрэйскага пасялення заключалася ў стварэнні супольнасці адукаваных і ідэалістычных земляробаў, незалежных ад наёмнай працы, якія апрацоўваюць землі, што належаць яўрэйскаму народу, і падзяляюць імкненне да сацыяльнай справядлівасці. У сілу сваіх поглядаў Віткін настаяў на ўключэнні ў праграму руху «Ха-Поэль ха-Цаір» не толькі пункта аб «заваёве працы» (выкарыстанні яўрэйскіх рабочых на прадпрыемствах, якія належалі яўрэям-фермерам), але і пункта аб «заваёве глебы», гэта значыць стварэнні самімі яўрэямі-халуцым сельскагаспадарчых паселішчаў . Пасля смерці Віткіна гэтыя пазіцыі прынеслі яму славу «прарока халуцыянства» і «чалавека працы».

Спасылкі

Крыніцы

Катэгорыя:Памерлі ад раку гартані Катэгорыя:Постаці сіянізму Катэгорыя:Палітыкі паводле алфавіта Катэгорыя:Памерлі ў 1912 годзе Катэгорыя:Памерлі 23 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Магілёве Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1876 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 2 жніўня