Мая Тодараўна Кляшторная () — беларуская архітэктарка і грамадская дзяячка, даследчыца і захавальніца памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій.

Біяграфія Нарадзілася 31 мая 1937 года ў Менску. Малодшая дачка паэта Тодара Кляшторнага і Яніны Германовіч. Бацьку арыштавалі 3 лістапада 1936 года, за шэсць месяцаў да яе нараджэння. Маці дамаглася спаткання ў турме, такім чынам Тодар убачыў нованароджаную.

Пасля арышту Яніны як «жонкі здрадніка радзімы», Маю разам з ёй вывезлі ў Казахскую ССР. Да 1942 года была з маці ў Акмолінскім лагеры жонак здраднікаў радзімы (АЛЖИР) у Карагандзінскай вобласці. Затым іх разлучылі, Маю перавялі ў дзіцячы спецпрыёмнік НКУС у Асакараўцы Карагандзінскай вобласці, дзе яна была шэсць гадоў у цяжкіх умовах, атмасферы цкавання і ідэалагічнага ціску. У 1945 годзе Мая сустрэла былую зняволеную Карлага ад якой даведалася, што бацькі — «цудоўныя людзі», а бацька — вядомы паэт з «Беларуссіі», дзяўчынка ўпершыню пачула такую назву, пачала марыць убачыць не толькі бацькоў і але і гэту загадкавую краіну. Маці вызвалілі ў 1947 годзе і яна забрала Маю, яшчэ сем гадоў яны жылі на пасяленні ў Омскай вобласці РСФСР.

Праз цяжкія лагерныя ўмовы Мая хварэла на косныя сухоты, што прычынілася разбурэнню двух пазванкоў. Сем гадоў была прыкавана да ложка, таксама перанесла менінгіт, паўгода была без прытомнасці. Адужала ўжо на пасяленні ў Омскай вобласці, пасля аперацыі з перасадкай тканак косці з нагі на пазванкі.

У 1955 годзе Мая вярнулася ў Беларусь. За два гады скончыла школу, затым вучылася ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і Маскоўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце. Атрымала дыплом архітэктаркі, працавала ў аддзеле генеральнага планавання інстытута «Белпрампраект», займалася пытаннямі горадабудаўніцтва.

Памерла 3 жніўня 2026 года ў Мінску.

Сям’я

Бацька — Тодар Тодаравіч Кляшторны (1903—1937), беларускі паэт, расстраляны 30 кастрычніка 1937 года.

Маці — Яніна Міхайлаўна Германовіч (1909, Раванічы — 1959, Мінск). З сялянскай сям’і. Атрымала сярэднюю адукацыю. Працавала ў 1-й сталовай Мінваенторга. Арыштавана 28.11.1937 года па адрасе Менск, вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7, асуджана асобай нарадай пры НКУС СССР як «член сям’і (жонка) здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППЛ. З Аршанскай турмы, разам з дачкой Маяй, 24.1.1938 года прыбыла ў АЛЖИР. Вызвалена 1.12.1945 года. У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, імаверна, арыштавана і выслана ў Бялова Кемераўскай вобласці РСФСР. Вызвалена ў 1955 годзе. Рэабілітавана трыбуналам БВА 4.11.1955 года. У 1957 годзе ёй «кампенсавалі» канфіскаваную маёмасць. Асабовая справа № 5570-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Старэйшыя сёстры — Тадзіяна (Тадзіна; 1932—2011) і Весналіна (Валя; нар. 1935).

Дачка Тамара і ўнучка Хрысціна.

Дзейнасць Займалася рэабілітацыяй і папулярызацыяй творчай спадчыны бацькі. Разам з маці збірала вершы Тодара Кляшторнага з архіўных падшывак газет 1920-1930-х гадоў. Дзякуючы яе намаганням, у 1960 годзе выдадзены зборнік выбраных твораў паэта «Залатое вязьмо». Па бацькавых вершах Мая вывучыла беларускую мову.

У канцы 1980-х гадоў была адной з заснавальніц гісторыка-асветніцкага таварыства «Мартыралог Беларусі» (створана 19 кастрычніка 1988). Працавала ў камісіі па зборы звестак пра рэпрэсаваных і ўзначаліла таварыства пасля пераходу Зянона Пазняка ў палітыку.

Была навуковай кіраўніцай мемарыяльнага комплексу «Курапаты». Удзельнічала ў распрацоўцы ахоўных зон мемарыяла, яго добраўпарадкаванні і ўсталяванні першых памятных крыжоў і межавых камянёў з датамі «1937-1941» ў 2013 годзе. Выступала супраць будаўніцтва забаўляльных аб’ектаў («Бульбаш-Хол» і «Поедем поедим») паблізу месца расстрэлаў.

У 2017 годзе, пры садзейнічанні рэдакцыі газеты «СБ. Беларусь сегодня», змагла азнаёміцца з архіўнай следчай справай маці у КДБ, прытым, што бацьку рэабілітавалі яшчэ ў 1957 годзе. Таксама ў 2017 годзе наведала Казахстан для ўдзелу ў мерапрыемствах да Дня агульнанацыянальнай памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, якія праводзілі ў мемарыяле на месцы АЛЖИРа, дзе сустракалася з прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі