Крывы горад — адно з трох умацаванняў Вільні (разам з Верхнім і Ніжнім замкамі) у канцы XIV ст., знішчаны падчас аблогі 1390 года і не адноўлены.
У нямецкіх крыніцах 1390 года названы «драўляным» (holczin hus), «найвышэйшым» (obirste hus), або проста «замкам» і «Вільняй» (castrum, Welle). Лацінскую назву Curvum castrum (Крывы замак) упершыню ўжыў кароль Ягайла ў 1416 годзе ў скарзе на Канстанцкі сабор (in quo tria castra sunt situata, quorum unum vocatur Curvum castrum). Нямецкі варыянт Crumme вядомы з крыніц пасля 1430 года. На думку Стывена Роўэла, назву Крывы замак і прыдумаў Ягайла, яна магла быць апісальнай (праз пакручасты рэльеф, пашкоджаную гару або сцены) і стала ўласнай назвай аб’екта праз дзесяцігоддзі па яго разбурэнні.
Умацаванне было драўляным і дастаткова вялікім, каб змясціць прынамсі 3000-4000 чалавек з іх скарбам.
Цяпер вызначана, што Крывы горад займаў ўзвышша правага берага Вільні пры яе сутоках з Віліяй (раней вядомае як Алтарыя, цяпер ахопленае Нагорным паркам), з гарамі пад сучаснымі назвамі Крывой (Лысай, Трох Крыжоў), Бекеша і Сталовай, а таксама бераг Віліі пад гэтым узвышшам. Умацаванні ахоплівалі плошчу не меней за 12 га і да 22 га паводле розных ацэнак.
Даследаванні Крывога горада ўскладнены будаўніцтвам на ўзвышшы Алтарыя пасля паўстання 1830—1831 гадоў, калі здзейснена нівеліроўка — цалкам або часткова зрыты некаторыя пагоркі, іншыя пагоркі, валы і тэрасы насыпаны, засыпаны яры і вырыты равы. Змены ландшафту вядомы і раней, у 1691—1694 гадах для будаўніцтва палаца Слушкаў (цяпер Касцюшкі-10) «уціхаміраны Нерыс (Вілія) і зрынуты суседнія горы» (pacata Nere, deiectis vicinis montibus), такія здзяйсненні Дамініка Слушкі ўслаўляў надпіс на фасадзе, на месцы палаца і сучаснага стадыёна быў глыбокі яр, які засыпалі грунтам з трох бліжэйшых пагоркаў, таксама з іх нарасцілі бераг Віліі, такім чынам, паўночна-ўсходнія падыходы да ўзвышша Алтарыя кардынальна знівеліравалі. Таксама з XIV ст. адбывалася і натуральная эрозія ландшафту.
Гістарыяграфія
Праз скупасць крыніц лакалізацыя Крывога горада была дыскусійнай. Працяглы час, следам за хронікамі Яна Длугаша, Мацея Стрыйкоўскага і працамі Альберта Каяловіча, яго атаяснялі з Ніжнім замкам.
Міхал Балінскі сцвярджаў, што даліну Свінтарога (Swiat-Roh) русіны пазней назвалі Крыўгорадам (Kriwgorod). Юзаф Крашэўскі ў даследаванні гісторыі Вільні (1840), Уладзіслаў Загорскі і Юліюш Клос у даведніках пра Вільню (адпаведна, 1923 і 1929), выдаўцы архіўных дакументаў віленскага капітулу Ян Фіялэк і Уладзіслаў Сямковіч атаяснялі Ніжні замак з Крывым горадам. У планах упарадкавання зялёных насаджэнняў Вільні 1920-х і 1930-х гадоў Ніжні замак таксама называўся Крывым горадам.
Першым абгрунтаваў існаванне трох асобных віленскіх замкаў — Верхняга, Ніжняга і Крывога, Васіль Васілеўскі, у дакладзе на IX-м з’ездзе расійскіх археолагаў (1893) у Вільні. Аднак Васілеўскі лакалізаваў Крывы горад на вуліцы Бакшта, на месцы . Мячыслаў Ліманоўскі падтрымаў гіпотэзу ў працы Najstarsze Wilno (1930), а Уладзіслаў Сямковіч у артыкуле пра віленскага намесніка Гануля (1931). Такую лакалізацыю падтрымала і Марыя Лаўмянская.
Гіпотэзу пра асобны трэці замак падтрымалі і Хэлена і Уладзімір Галубовічы, пасля раскопак 1930-х гадоў яны лакалізавалі Крывы горад на Бекешавай гары, а яго назву звязвалі з крывічамі, якім прыпісвалі знойдзеныя матэрыялы.
Шмат гісторыкаў пагадзілася з гіпотэзай Галубовічаў, але былі і тыя, хто сумняваўся. У 1940 годзе Марыян Маралёўскі адзначаў, што ўзвышша Алтарыя ўключае не толькі гару Бекеша, але і іншыя, большыя і вышэйшыя, у першую чаргу Лысую, якую называюць таксама Крывой або Трох Крыжоў, а таксама Сталовую.
У 1950-я гады пасля ўласных раскопак Адольфас Таўтавічус крытыкаваў высновы Галубовічаў, ён даводзіў, што гара Бекеша занадта малая, каб змясціць паўнавартасны замак. Даследчык лічыў, што замак мог размяшчацца толькі на самай высокай кропцы — Лысай гары, якую, як адзначаў археолаг, гістарычна называлі Крывой. Тэрыторыю лагчыны паміж гарамі Крывой і Сталовай (цяпер Даліны песень) ён вызначаў як горад (пасад) пры замку. Гіпотэзу Таўтавічуса пацвердзілі раскопкі Вітаўтаса Даўгудзіса ў 1988 і 1991 гадах.
Яшчэ ў 1971 годзе Ежы Ахманскі прапаноўваў лакалізоўваць Крывы горад на левым беразе Вільні, на паўднёвы ўсход ад Замкавай гары і на паўночны ўсход ад «Рускага горада» (civitas Ruthenica), пры Полацкай дарозе, дзе пазней пабудавалі касцёл святых Францішка і Бярнарда, даследчык лічыў, што гэта было ўмацаванне для жыхароў «Рускага горада».
Даследаванні
Археалагічныя
У 1933 і 1939 гадах раскопкі праводзілі Хэлена і Уладзімір Галубовічы, гэта былі першыя сістэматычныя археалагічныя даследаванні каб лакалізаваць Крывы горад. Асноўныя работы праходзілі на гары Бекеша, таксама закранута суседняя пляцоўка, якую цяпер вызначаюць як паўднёвую. Раскоп 1933 года заклалі каля паўднёва-ўсходняга падножжа гары Бекеша, а раскоп 1939 года — на паўднёвай пляцоўцы, у лагчыне паміж гарамі Крывой і Бекеша. Каля паўднёва-ўсходняга падножжа гары Бекеша Галубовічы адкрылі рэшткі шчыльнай драўлянай забудовы, вызначылі тры гарызонты, знаходкі датавалі XII—XIV стагоддзямі. На паўднёвай пляцоўцы яны працавалі ў зоне, дзе культурны пласт захаваўся значна лепш, чым у іншых месцах, тут выяўлены сляды паселішча пад пластамі насыпанай зямлі таўшчынёй ад 1,5 да 4,2 метраў. Працяглы час па публікацыях Галубовічаў 1939 і 1945 гадоў многія гісторыкі пагаджаліся з іх лакалізацыяй горада.
Даследчыкі 2008—2010 гадоў удакладняюць, што ў 1832 годзе падчас будаўніцтва крэпасці вяршыню гары Бекеша зрэзалі мінімум на 2 метры (скапана каля 2 230 м³ грунту), а зямлю скідалі на паўднёва-заходні і паўночна-ўсходні схілы пагорка, а таксама ў бок паўднёвай пляцоўкі. Таксама ў 1830-я гады на гары праводзілі выбуховыя работы, што правакавала апоўзні ў раку Вільню. Такім чынам, на вяршыні гары культурны пласт быў цалкам знішчаны расійскім будаўніцтвам, але закансерваваўся на схілах і ў нізінах пад тоўстым пластом насыпанай зямлі, дзе Галубовічы яго і адкапалі.
У 1956 годзе (24 красавіка — 14 мая) раскопкі праводзіў Адольфас Таўтавічус, ракопы былі закладзены ў лагчыне паміж гарамі Крывой і Сталовай, якая цяпер вядома як Даліна песень або паўночная пляцоўка. На глыбіні каля 3 метраў выяўлены рэшткі драўляных жылых будынкаў, якія размяшчаліся на натуральных тэрасах паміж пагоркамі. Сабраны багаты матэрыял, які характарызаваў паўсядзённае жыццё і побыт жыхароў. Па выніках Таўтавічус апублікаваў падрабязную працу «З побыту жыхароў Вільні XIV ст.» («Iš XIV a. Vilniaus gyventojų buities», 1958).
Даследчыкі 2008—2011 гадоў геафізічна і геалагічна пацвердзілі назіранні Таўтавічуса пра тэрасаваную структуры горада, паказалі, што ў XIV стагоддзі тут было тры плоскія пляцоўкі (тэрасы) шырынёй 45-60 метраў, падзеленыя схіламі-ступенямі вышынёй ад 3 до 8 метраў. Менавіта на гэтых тэрасах была забудова. Таксама вынікі даследавання 2008—2011 гадоў пашырылі высновы Таўтавічуса, адзначылі, што гэтыя тэрасы мелі і абарончую функцыю, былі ўмацаваны па краях завостранымі палямі.
У 1988 і 1991 гадах даследаванні праводзіў Вітаўтас Даўгудзіс, раскопы закладаліся на самай вяршыні і схілах Крывой гары. Выяўлены рэшткі валоў і драўляных абарончых сцен, у іх выразна вылучаны тры храналагічныя гарызонты.
I тысячагоддзе н. э. — умацаванае паселішча культуры штрыхаванай керамікі. XII—XIII ст. — раннесярэднявечная фартыфікацыі. XIII—XIV ст. — фінальны этап развіцця фартыфікацыі, прадстаўлены абгарэлымі і спаленымі драўлянымі канструкцыямі.
Даўгудзіс адзначаў, што спаленыя ўмацаванні апошняга гарызонта «амаль не маюць аналагаў» у Літве па сваёй захаванасці і структуры. На думку даследчыка, на мяжы XIII і XIV ст. Крывая гара была ўмацавана мацней за гару Гедзіміна (Верхні замак), і адыгрывала значна большую стратэгічную ролю ў абароне Вільні, чым лічылася да гэтага.
Даследчыкі 2008—2011 гадоў пацвердзілі бурэннем свідравін стратыграфію Даўгудзіса, геалагічныя профілі супалі з яго чарцяжамі 1991 года, у прыватнасці, па таўшчыні верхняга пласта глінянага насыпу. Аднак, датаванне Даўгудзісам, Ласавіцкасам і Кірдулене верхняга глінянага насыпу 1390 годам не пацвердзілася, радыевугляродны аналіз (C14) узораў вугалю, узятых з гэтага глінянага пласта, паказаў калібраваны інтэрвал паміж 1620 і 1820 гадамі, значыць, верхні гліняны вал быў насыпаны пазней — падчас войнаў сярэдзіны XVII або XVIII ст., гэта пацвярджаюць і гістарычныя карты. Падрабязных навуковых справаздач пра апошнія раскопкі Даўгудзіса не захавалася, апроч агульных артыкулаў і чарцяжоў, што абмяжоўвае магчымасць поўнай праверкі яго матэрыялаў.
У 1996—1997 гадах даследаванні праводзілі Андрус Вайцэкаўскас і Саўлюс Сарцэвічус. Ракопы закладзены каля падножжа ўзвышша побач будынкаў па вуліцы Тадэвуша Касцюшкі-3 на беразе Віліі пры былых сутоках з ёю безназоўнага ручая, які ў XIV ст. цёк з яра каля ўсходняга падножжа Крывой гары праз паўночную пляцоўку. Выяўлены ўнутрывальныя драўляныя канструкцыі XIV ст., даследчыкі прыйшлі да высновы, што тут была першая лінія абароны Крывога горада. Такім чынам, здагадка Ласавіцкаса ў 1960-я гады пра «прадзамча» Крывога горада ў гэтым месцы пацвердзілася de visu (на свае вочы). Даныя раскопак паказалі, што сувязі паміж часткамі ранняга горада былі шчыльнейшымі, чым лічылі раней, а рака Вілія звязвала абарончую і планіровачную структуру Вільні.
У 2024 годзе праведзены маштабныя археалагічныя даследаванні пад кіраўніцтвам Атаса Жвірбліса каля былога арыштанцкага дома па вуліцы Касцюшкі-1. Участак размешчаны каля падножжа ўзвышша, паблізу сутокаў Вільні і Віліі. Раскопкі пацвердзілі шчыльна заселенае паўночнае прадзамча Крывога горада, якое развівалася ўжо ў канцы XIII стагоддзя.
Найбольш значная знаходка — рэшткі зрубавага будынка (4,0 × 3,5 м, дэндрахраналагічны аналіз паказаў, што дрэвы зрублены ў 1313—1315 гадах) з мураванай печчу з чырвонай і жоўтай цэглы. На цэгле з муроўкі печы выяўлены адбітак сабачай лапы. Гэта адна з самых ранніх мураваных печаў, знойдзеных у Вільні.
Прыкладна за 20 метраў на паўднёвы захад ад дома з печчу выяўлены фрагмент старажытнай дарогі, выкладзенай дошкамі (шырынёй 18—25 см). Дарога арыентавана ў кірунку паўночны ўсход — паўднёвы захад і, імаверна, звязвала Крывы горад з Ніжнім замкам.
Жыхары прадзамча змагаліся з балоцістым грунтам і высокім узроўнем падземных вод. Знайдзена пабудаваная ў 1323—1324 гадах магутная каркасная канструкцыя з бярвёнаў, запоўненая торфам і пяском, якая стабілізавала схіл пагорка і абараняла забудову ад апоўзняў і размывання Віліяй, якая ў XIV ст. цякла значна бліжэй да падножжа ўзвышша.
Высокай вільготнасці (бескіслароднае асяроддзе) закансервавала ў культурным пласце шмат арганічных артэфактаў XIV стагоддзя. Сярод іх — фрагменты скуранога абутку і рэдкая для таго часу знаходка: скураны мячык для гульняў, звязаны са збудаваннем 1323—1324 гадоў. Таксама знойдзена драўляная палка з навершам, якую літоўскія археолагі лічаць паганскім культавым атрыбутам, бо шмат такіх прадметаў знойдзена ў пластах XIV ст. на Ніжнім замку і іх няма ў пластах пазнейшага часу.
Археабатанічныя даследаванні пластоў XIV стагоддзя выявілі, што аснову харчавання жыхароў паўночнага прадзамча складалі проса, грэчка, жыта, сачавіца і ячмень. Таксама ўжывалі лясныя ягады (маліны, суніцы, журавіны), лясныя арэхі, хмель і каноплі. Знаходкі пустазелля, характэрнага для азімых пасеваў, пацвярджае выкарыстанне тэхналогій глыбокага арання зямлі ў ваколіцах горада.
Тапаграфічныя
У 2-й палове XX ст. пытанне лакалізацыі Крывога горада стала не актуальным. Даследчыкі перайшлі да вывучэння непасрэдна замка, значную ўвагу надалі тапаграфіі і рэканструкцыі палеарэльефа.