Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава пры Расійскай акадэміі мастацтваў (скар. МДАМІ імя В. І. Сурыкава; неафіцыйна — Сурыкаўскі інстытут, Су́рыкаўка) — расійская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова ў галіне выяўленчага мастацтва і архітэктуры ў Маскве. Разам з Санкт-Пецярбургскай акадэміяй мастацтваў імя Іллі Рэпіна ўваходзіць у адукацыйную структуру Расійскай акадэміі мастацтваў; заснавальнік — Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Інстытут лічыць сябе правапераемнікам Маскоўскага вучылішча жывапісу, разьбярства і дойлідства (МВЖВД), заснаванага ў 1843 годзе і пераўтворанага пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Вольныя мастацкія майстэрні, а затым ва ВХУТЕМАС і ВХУТЕИН. Уласна інстытут створаны ў 1934 годзе на базе былога графічнага факультэта маскоўскага ВХУТЭІНА, які ўваходзіў у склад Паліграфічнага інстытута, і называўся Маскоўскім інстытутам выяўленчых мастацтваў; у 1939 годзе перайменаваны ў Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, а ў 1948 годзе, да стагоддзя з дня нараджэння В. І. Сурыкава, атрымаў яго імя.

Інстытут рыхтуе жывапісцаў, графікаў, скульптараў, архітэктараў, рэстаўратараў і мастацтвазнаўцаў. Навучанне па мастацкіх спецыяльнасцях працягваецца шэсць гадоў і пабудавана на прынцыпах акадэмічнай школы — паслядоўным асваенні малюнка, жывапісу і кампазіцыі, рабоце з натуры, абавязковай пленэрнай і копійнай практыцы; з трэцяга курса студэнты займаюцца ў персанальных творчых майстэрнях. За час існавання інстытут падрыхтаваў больш за шэсць тысяч спецыялістаў. Катэгорыя:Мастацкія вышэйшыя навучальныя ўстановы Масквы