Беларускае мовазнаўства або лінгвістычная беларусістыка — сукупнасць лінгвістычных даследаванняў, аб’ектам якіх з’яўляецца беларуская мова: яе паходжанне і гістарычнае развіццё, дыялектная і літаратурная формы, гукавая і граматычная будова, лексіка і фразеалогія, уласныя назвы, моўныя кантакты, функцыянаванне ў грамадстве і іншыя аспекты.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік (1966—1975) / склад. А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч; рэд. М. В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980. — С. 5-14. У беларускай галіновай бібліяграфічнай традыцыі да беларускага мовазнаўства адносяць навуковыя працы, прысвечаныя беларускай мове, незалежна ад нацыянальнасці аўтараў і месца выдання; даследаванні беларускіх мовазнаўцаў па іншых мовах да яго адносяцца толькі ў той ступені, у якой яны непасрэдна звязаны з беларускай мовай.
Паняцце беларускага мовазнаўства вузейшае за беларусазнаўства, якое ахоплівае таксама гісторыю, этнаграфію, геаграфію, літаратуразнаўства, фалькларыстыку, мастацтвазнаўства, гісторыю культуры і іншыя навукі пра Беларусь і беларусаў.Шакун Л. М. Беларусазнаўства // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск: БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 389. Тэрмін беларусістыка ўжываецца ў некалькіх значэннях: як назва беларусазнаўства ў цэлым, беларускай філалогіі або, у вузкім разуменні, даследавання беларускай мовы.
Да традыцыйных галін беларускага мовазнаўства належаць гісторыя беларускай мовы і гістарычная граматыка, дыялекталогія, фанетыка, фаналогія, арфаэпія, акцэнталогія, марфалогія, сінтаксіс, словаўтварэнне, лексікалогія, лексікаграфія, этымалогія, фразеалогія, анамастыка, стылістыка, даследаванне літаратурнай мовы і яе норм.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны ўказальнік (1825—1965 гг.) / склад. А. Д. Васілеўская, М. А. Жыдовіч, Я. М. Рамановіч, А. К. Юрэвіч; рэд. Л. М. Шакун. — Мінск: Навука і тэхніка, 1967. — С. 5-28.Супрун А. Я., Плотнікаў Б. А. Мовазнаўства // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск: БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 504. У другой палове XX — пачатку XXI стагоддзя пашырыліся даследаванні ў галіне сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі, эксперыментальнай фанетыкі, лінгвістычнай геаграфіі, тэрміназнаўства, прыкладной і камп’ютарнай лінгвістыкі, корпусных даследаванняў.Беларускае мовазнаўства: бібліяграфічны паказальнік, 1976—1985 / склад. А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч; навук. рэд. А. І. Падлужны; аўтар уступ. арт. Л. М. Шакун. — Мінск, 1993. — С. I—XI.Кошчанка У. А., Мартысюк В. У. N-corpus Albaruthēnicum, quo vadis? // Беларуская лінгвістыка. — 2024. — Вып. 93. — С. 143—152.
Гісторыя
Перадумовы і пачатак навуковага вывучэння
Мовазнаўчыя працы на беларускіх землях маюць даўнюю традыцыю, аднак граматыкі, лексіконы і буквары XVI—XVII стагоддзяў былі ў першую чаргу прысвечаны царкоўнаславянскай мове. Беларуская, або «простая», мова выкарыстоўвалася ў іх як сродак тлумачэння царкоўнаславянскай лексікі; да такіх выданняў належалі «Лексис» Лаўрэнція Зізанія (1596) і граматычныя працы Мялеція Сматрыцкага.Прыгодзіч М. Р. Гісторыя беларускага мовазнаўства // Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — С. 141—146. Асобнае месца займае напісаная па-лацінску ў 1643 годзе граматыка «простай мовы» Івана Ужэвіча, якая захавалася ў рукапісах.
Навуковае вывучэнне сучаснай беларускай мовы пачалося ў першай чвэрці XIX стагоддзя і першапачаткова было цесна звязана з развіццём этнаграфіі і збіраннем фальклору і дыялектнага матэрыялу. Адной з ранніх спецыяльных лінгвістычных прац быў артыкул Канстанціна Калайдовіча «О белорусском наречии» (1822); у сярэдзіне XIX стагоддзя даследаванні сталі больш сістэматычнымі. Важнае значэнне для вывучэння народнай лексікі меў «Словарь белорусского наречия» Івана Насовіча, выдадзены ў 1870 годзе.
У другой палове XIX стагоддзя беларускі матэрыял даследавалі мовазнаўцы, этнографы і фалькларысты рознага паходжання; збіраліся звесткі пра гаворкі, лексіку і фразеалогію, вывучалася мова старажытных пісьмовых помнікаў. Паступова ўзнікалі спецыяльныя працы па гістарычнай фанетыцы і граматыцы, дыялекталогіі і лексікаграфіі беларускай мовы.
Канец XIX — пачатак XX стагоддзя
Вызначальную ролю ў станаўленні беларускага мовазнаўства як самастойнай навуковай дысцыпліны адыгралі працы Яўхіма Карскага. Яго даследаванні беларускай фанетыкі і граматыкі канца XIX стагоддзя, а асабліва шматтомная праца «Беларусы» (1903—1922), сістэматызавалі значны матэрыял па гісторыі мовы, яе дыялектах, фанетыцы, граматыцы, пісьменнасці і этнаграфіі. Карскага ў беларускай навуковай традыцыі разглядаюць як аднаго з заснавальнікаў беларускага навуковага мовазнаўства.
Дазвол на пашырэнне беларускамоўнага друку ў пачатку XX стагоддзя стварыў патрэбу апісання і кадыфікацыі літаратурнай мовы. Самым уплывовым сістэмным апісаннем яе нормаў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стала «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча, выдадзеная ў 1918 годзе ў Вільні, ва ўмовах нямецкай акупацыі. У наступныя гады граматычныя, арфаграфічныя і тэрміналагічныя пытанні распрацоўвалі таксама Язэп Юр’евіч Лёсік, Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч, Пётр Апанасавіч Бузук і іншыя мовазнаўцы.
Інстытуцыяналізацыя ў 1920-1930-я гады
Гісторыя беларускага мовазнаўства ў міжваенны час характарызуецца актыўным умяшаннем грамадскасці ў моўны працэс і дзяржаўным рэгуляваннем даследаванняў, што прынесла навуцы як вялікія здабыткі, так і непапраўныя страты. Развіццё лінгвістыкі гэтага часу прынята дзяліць на чатыры асноўныя перыяды.
Першы перыяд (1918 — люты 1921)
Гэты этап пачынаецца з выхаду ў свет «Беларускай граматыкі для школ» Браніслава Тарашкевіча ў 1918 годзе. У гэты час афармляліся першыя беларускія навуковыя інстытуцыі, сярод якіх заснаванае ў Вільні Беларускае навуковае таварыства, Бюро па ўкладанні і перакладзе падручнікаў у Мінску і Мінскі беларускі педагагічны інстытут. Здзяйсняліся першыя выданні беларускамоўнай вучэбнай, метадычнай і тэрміналагічнай літаратуры. Важнай падзеяй стала таксама надрукаванне ў 1918 годзе ў Лейпцыгу «Сямімоўнага слоўніка», дзе беларуская мова ўпершыню з’явілася ў перакладным слоўніку ў якасці адной з моў. Перыяд завяршаецца стварэннем Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы БССР.
Другі перыяд (люты 1921 — другая палова 1930) Час часта называюць «інбелкультаўскім», паколькі ён у асноўным супадае з перыядам дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. У 1920-я гады даследаванне беларускай мовы набыло ў БССР інстытуцыянальны характар. Мовазнаўчыя камісіі і секцыі дзейнічалі ў заснаваным у 1922 годзе Інстытуце беларускай культуры, даследаванні і падрыхтоўка спецыялістаў вяліся таксама ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і педагагічных вышэйшых навучальных установах. Галоўнай асаблівасцю гэтага перыяду быў прэскрыптыўна-нармалізацыйны характар лінгвістыкі: навукоўцы былі сканцэнтраваны на ўстанаўленні і ўкараненні моўных нормаў праз шматлікія падручнікі і слоўнікі. Так, толькі граматычныя дапаможнікі Язэпа Лёсіка ў гэты час перавыдаваліся ў Мінску восем разоў.
Значная ўвага надавалася навуковай тэрміналогіі: у Інбелкульце ствараліся тэрміналагічныя слоўнікі і зборнікі па розных галінах ведаў, збіраўся матэрыял для слоўнікаў жывой беларускай мовы, вывучаліся гаворкі. З 1922 па 1930 год у серыі «Беларуская навуковая тэрміналогія» было апублікавана 23 тэрміналагічныя слоўнікі. У працэсе іх стварэння навукоўцы імкнуліся максімальна абапірацца на лексічныя сродкі народнай мовы, пазбягаючы залішняга выкарыстання інтэрнацыяналізмаў і запазычанняў.
У 1926 годзе ў Мінску адбылася значная для ўсёй славянскай лінгвістыкі першая міжнародная Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі, на якой з удзелам 69 дэлегатаў абмяркоўваліся пытанні кадыфікацыі правапісу і графікі. У 1928 годзе Пётр Бузук апублікаваў «Спробу лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», адну з ранніх прац па беларускай лінгвагеаграфіі.
2 лістапада 1929 года на базе мовазнаўчых падраздзяленняў Інбелкульта быў створаны Інстытут мовазнаўства. У яго першапачатковай структуры дзейнічалі тэрміналагічная, дыялекталагічная, правапісная камісіі, камісіі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы і гістарычнага слоўніка; першым дырэктарам стаў Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч, яго намеснікам — Язэп Лёсік, вучоным сакратаром — Пётр БузукІнстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа: гісторыя і структура // Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі..
Трэці перыяд (канец 1930 — жнівень 1933) Трэці перыяд меў выразна пераходны характар. Згортванне палітыкі беларусізацыі і новы курс на рэпрэсіі нацыянальных эліт у СССР ад пачатку 1930-х гадоў прывялі да арыштаў і звальненняў значнай часткі мовазнаўчых кадраў і істотна парушылі пераемнасць даследаванняў. Пасля сфабрыкаванай справы «Саюз вызвалення Беларусі» былі арыштаваны вядучыя беларускія лінгвісты (С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, М. Байкоў, М. Гарэцкі, Б. Эпімах-Шыпіла, У. Чаржынскі, І. Бялькевіч і іншыя). Іх працы былі забаронены і выведзены з ужытку, а дзейнасць абвешчана «шкодніцкай» і «нацыянал-дэмакратычнай». Партыйныя органы пачалі аказваць татальны ціск на навуковыя даследаванні, навязваючы лінгвістам марксісцка-ленінскую метадалогію і «новае вучэнне аб мове» М. Мара.
У гэты час ішла падрыхтоўка да моўнай рэформы, якая ўспрымалася ўладамі найперш як палітычная, а не навуковая задача. Перыяд завяршыўся прыняццем 26 жніўня 1933 года пастановы СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэты дэкрэт быў распрацаваны ўжо без удзелу прафесійных лінгвістаў 1920-х гадоў. Ён скасаваў кампраміс паміж савецкімі і заходнебеларускімі навукоўцамі, штучна наблізіў беларускую мову да рускай і ўвёў у правапіс шэраг палітычна матываваных правіл (напрыклад, зрабіў выключэнне для «інтэрнацыянальных рэвалюцыйных слоў», якія перасталі падпарадкоўвацца правілу акання).
Чацвёрты перыяд (жнівень 1933—1941) Апошні міжваенны перыяд характарызуецца развіццём мовазнаўства на ідэалагічна-палітычных асновах ва ўмовах жорсткага кантролю і тэрору. Кіраўніцтва акадэмічным мовазнаўчым падраздзяленнем перайшло да літаратараў і партыйных функцыянераў (Віталь Вольскі, Андрэй Александровіч, Васіль Барысенка). Праз рэпрэсіі і страх былі спынены маштабныя лексікаграфічныя праекты. Так, падрыхтаваны ў 1936 годзе вялікі двухтомны рукапісны руска-беларускі слоўнік (каля 100 тысяч слоў) так і не быў выдадзены, а надрукаваны ў 1937 годзе пад рэдакцыяй А. Александровіча аднатомны «Руска-беларускі слоўнік» быў моцна русіфікаваны і хутка выведзены з ужытку пасля арышту самога рэдактара. Тэрміналагічная праца ў другой палове 1930-х гадоў практычна спынілася цалкам.
Тым не менш навуковая праца ішла наперад: у 1935 годзе Інстытут мовазнаўства быў уключаны ў склад аб’яднанага Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы. У другой палове 1930-х гадоў былі выдадзены значныя калектыўныя працы «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939), а ў 1940 годзе — «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка».
Пасляваенны перыяд
У 1944 годзе ў адноўленым Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва пачаў працаваць сектар беларускай мовы. У 1952 годзе Інстытут мовазнаўства быў зноў вылучаны ў самастойную ўстанову Акадэміі навук БССР, а ў 1956 годзе, пасля смерці Якуба Коласа, Інстытуту прысвоілі яго імя. У пасляваенныя дзесяцігоддзі Інстытут мовазнаўства стаў галоўным акадэмічным асяродкам даследавання беларускай мовы і адначасова каардынаваў мовазнаўчую працу ў вышэйшых навучальных установах Беларусі.