Парадак слоў — лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з іншымі сказамі ў тэксце. Беларускай мове ўласцівы адносна свабодны парадак слоў: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. Парадак слоў у сказе можа быць звычайны і адваротны.
Пры звычайным парадку слоў дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным парадку слош выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны парадк слоў, які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».
Літаратура