Абердзін-Ангуская парода кароў — парода кароў мяснога кірунку. Выведзена ў 18 стагоддзі ў Шатландыі (графствы Абердзіншыр і Ангус) удасканаленнем мясцовай чорнай бязрогай жывёлы. Гадуюць у Аргенціне, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Казахстане, Канадзе, Расіі, Украіне і інш. На Беларусі выкарыстоўвалася для прамысловых скрыжаванняў з малочнымі і малочна-мяснымі пародамі. Парода скараспелая, ёй уласціва ранняе адкладанне тлушчу і якаснае мяса з выражанай «мармуровасцю».

Жывёла з выразнымі мяснымі формамі і лёгкім касцяком. Характэрныя прыкметы — бязрогасць і чорная масць, якія ўстойліва перадаюцца патомству пры скрыжаваннях з інш. пародамі. Вызначаецца высокай пладавітасцю і лёгкасцю ацёлаў. Жывая маса нованароджаных цялят 25—28 кг, ва ўзросце 7 месяцаў 180—200, у 18 месяцаў 400—450 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 750—900 кг. Забойны выхад дарослых жывёл 60 %.

Літаратура

Крыніцы