(анг. Strategic culture) — паняцце ў міжнародных адносінах і даследаваннях бяспекі, якое адносіцца да агульнага набору перакананняў, здагадак і патэрнаў паводзін нацыяў або палітычнай супольнасці па пытаннях прымянення сілы і дасягнення мэтаў бяспекі. Гэты тэрмін быў уведзены Джэкам Л. Снайдэрам у справаздачы аналітыкаў карпарацыі RAND 1977 года, дзе аналізавалася савецкая ядзерная дактрына.

Гэтая канцэпцыя была распрацавана пасля ўліку бачных адрозненняў у паводзінах дзяржаў у галіне бяспекі, якія нельга было растлумачыць толькі матэрыяльнымі фактарамі, такімі як ваенны патэнцыял або геаграфічнае размяшчэнне. Ён быў ужыты для вывучэння ядзернай стратэгіі, абароннай палітыкі, паводзін у альянсах і выкарыстання ваеннай сілы.

Паходжанне

У 1970-я гады заходнія аналітыкі ядзернай стратэгіі звычайна меркавалі, што савецкія лідары разумеюць ядзернае стрымліванне гэтак жа, як і іх амерыканскія калегі, у рамках гарантаванага ўзаемнага знішчэння.

Д.Л. Снайдэр аспрэчыў гэтае меркаванне, сцвярджаючы, што савецкі ваенны істэблішмент дзейнічаў у межах адметнай стратэгічнай культуры, сфарміраванай расейскім гістарычным вопытам і арганізацыйнымі інтарэсамі савецкіх узброеных сіл. Ён вызначыў стратэгічную культуру як «сукупнасць ідэй, умоўных эмацыйных рэакцый і мадэляў звыклых паводзін, якія члены нацыянальнай стратэгічнай супольнасці набылі праз навучанне або перайманне і якімі дзеляцца адзін з адным адносна ядзернай стратэгіі».

У кнізе Кена Бута «Стратэгія і этнацэнтрызм» (1979) незалежна адзін ад аднаго сцвярджалася, што заходні стратэгічны аналіз з'яўляецца этнацэнтрычным, бо ён мяркуе ўніверсальнасць уласных катэгорый і не ўлічвае той факт, што розныя культуры па-рознаму разумеюць пагрозы і прымальныя меры рэагавання.

Навуковая дыскусія Праблема з навуковым акэсленнем і аналізам стратэгічнай культуры заключаецца ў тым, што сам тэрмін "культура" - шматзначны. Класічная канцэпцыя Гердэра мяркуе, што культура — гэта гістарычны працэс развіцця і ўдасканалення чалавечых здольнасцяў. Гердэр падкрэсліваў вызначальную ролю «навукі і мастацтва» у светапоглядзе, а таксама сувязь культурных каштоўнасцяў з асветніцкім ідэалам прагрэсу.

У тэорыі сацыяльных сістэм Парсанса паняцце «культура» выкарыстоўвалася для характарыстыкі каштоўнасцей і іншых сімвалічна значных кампанентаў сістэмы сацыяльных дзеянняў. Культура, такім чынам, накіроўвае дзеянні, усталёўваючы каштоўнасці, якія кіруюць паводзінамі. На гэтым разуменні культуры грунтавалася канцэпцыя «палітычнай культуры» Алмонда і Вербы.

Сімвалічная канцэпцыя Уайта і Гірца: культура — гэта сукупнасць сімвалічных формаў, праз якія людзі камунікуюць адзін з адным і дзеляцца сваім досведам. Арыентацыя ў сацыяльнай прасторы прадугледжвае наяўнасць сістэм сэнсавых значэнняў, пры канструяванні якіх мы абапіраемся на папярэдні культурны вопыт.

Паняцце "Стратэгія" адносіцца да ўсяго набору палітычных сродкаў, якія забяспечваюць існаванне палітыкі ў зменлівым міжнародным асяроддзі, яе бяспеку, нацыянальныя інтарэсы і г.д. Яна прадугледжавае далёкае бачанне, вызначэнне мэты і мэтаніраванае працяглае ажыццяўленне асобных аперацый - тактык дзеля дасягнення мэты. Палітычная рэчаіснасць дэмакратый са зменай кіруючых груп ва ўладзе, маюць сістэмную праблему пераемнасці палітычных курсаў і бачання што прыводзіць ў тл. да змены ыектараў прыкладання высілкаў напр. фінансавання з дзяржанага бюджэта ўзброеных сілаў і інфраструктуры бяспекі. Пазнейшыя даследаванні звычайна падзяляюцца на тры пакаленні, якія адрозніваюцца сваім падыходам да вывучэння ўзаемасувязі паміж культурай і паводзінамі.

Першае пакаленне, якое дзейнічала з канца 1970-х па 1980-я гады, разглядала стратэгічную культуру як шырокі кантэкст, які фарміруе паводзіны дзяржавы. Стратэгічная культура такім чынам складалася з:

традыцыі каштоўнасцяў арыентацый мадэляў паводзінаў, звычак і завядзёнкі звычаяў

Колін С. Грэй сцвярджаў, што кожная дзяржава мае адметную стратэгічную культуру, якая ўкаранілася ў яе геаграфію, гісторыю і палітычную структуру, і што гэтая культура складае паўпастаянны кантэкст, у якім прымаюцца стратэгічныя рашэнні. Пры аналізе «амерыканскага стылю стратэгіі», Грэй вызначыў такія яго рысы, як тэхналагічны аптымізм, нецярплівасць і схільнасць маралізаваць канфлікты.

Другое пакаленне, якое знаходзілася пад уплывам постструктуралізму, разглядала стратэгічную культуру не як аб'ектыўны кантэкст, а як інструмент легітымізацыі. Брэдлі Кляйн сцвярджаў, што дэклараваная стратэгічная культура служыць элітам для апраўдання палітыкі бяспекі і выключэння альтэрнатыў з публічных дыскусій. Гэтае пакаленне ўвяло адрозненне паміж дэклараванай і рэальнай стратэгічнай культурай, але яго крытыкавалі за цяжкасці ў пераходзе ад крытыкі дыскурсу да тлумачальнай тэорыі.

Крытыкі, у прыватнасці Джонстан, вінавацілі папярэднія пакаленні стратэгаў у шырокіх азначэннях, бо калі стратэгічная культура ахоплівае як паводзіны, так і іх прычыны - яе існаванне нельга абвергнуць ці аналізаваць, толькі назіраючы за паводзінаміі. Аб'ектамі аналізу Джонстана сталі тэксты (пісьмовыя і вусныя) стратэгічных мысляроў, ваенных кіраўнікоў, нацыянальных эліт, якія прымалі рашэнні ў галіне бяспекі, а так сама вобразы вайны і міру, адлюстраваныя ў літаратуры і сродках масавай інфармацыі.

Асноўныя яго інтуіцыі і даследаванні датчыліся стратэгічнага асяроддзя і найбольш эфектыўных варыянтаў стратэгічных рэакцый на пагрозы:

пра ролю вайны (норма ці адхіленне),

пра праціўніка і звязаныя з ім пагрозы (гульня з нулявой або фіксаванай сумай),

пра эфектыўнасць прымянення сілы (здольнасць кантраляваць вынік; умовы, пры якіх прымяненне сілы карыснае).

Трэцяе пакаленне, Алістэр Іэн Джонстан прапанаваў больш вузкае вызначэнне, прызначанае для эмпірычнай праверкі: «інтэграваная сістэма сімвалаў... якая дзейнічае для ўстанаўлення ўсеабдымных і доўгатэрміновых стратэгічных пераваг шляхам фармулявання канцэпцый ролі і эфектыўнасці ваеннай сілы ў міждзяржаўных палітычных справах». У даследаванні Кітая дынастыі Мін Джонстан вызначыў дзве суіснуючыя стратэгічныя традыцыі і паказаў, што рэальныя рашэнні паслядоўна адпавядалі парадыгме наступальнага parabellum (гатовасці да вайны), а не публічна падтрымліваемаму канфуцыянскаму ідэалізму.

Пазнейшыя параўнальныя працы ўключаюць даследаванне Кэры Лонгхерста палітыкі бяспекі Германіі пасля аб'яднання і аналіз Крыстафа Меера, прысвечаны канвергенцыі стратэгічных культур дзяржаў-членаў ЕС.

Змена стратэгічнай культуры Цэнтральнае пытанне ў літаратуры — ці змяняецца стратэгічная культура і як. Лонгхерст прапанаваў трохузроўневую мадэль, якая адрознівае фундаментальныя элементы (глыбокія перакананні аб ролі сілы, якія змяняюцца найпавольней), рэгулятарныя практыкі (дактрыны і інстытуцыйныя структуры) і практыкі бяспекі (штодзённыя аператыўныя рашэнні, якія змяняюцца найхутчэй). Яна сцвярджала, што стратэгічны шок можа прымусіць да хуткіх змен на ўзроўні практыкі бяспекі, у той час як фундаментальныя элементы змяняюцца толькі тады, калі новы вопыт дастаткова глыбокі, каб падарваць асноўныя перакананні.

Уступленне Фінляндыі ў НАТА ў 2023 годзе пасля больш чым сямі дзесяцігоддзяў нейтралітэту прыводзіцца ў якасці прыкладу стратэгічнага шоку, які змяніў асноўныя элементы: грамадская падтрымка членства ў НАТА вырасла з прыблізна 25% да больш чым 75% на працягу некалькіх месяцаў пасля расійскага ўварвання ва Украіну.

Крытыка Канцэпцыя выклікае тры асноўныя накірункі крытыкі. Па-першае, яна грашыць эсэнцыялізмам: прыпісваннем нацыям фіксаваных стратэгічных характарыстык, ігнаруючы пры гэтым унутраны плюралізм элітных груп і грамадскіх супольнасцяў кожнага грамадства. Па-другое, калі стратэгічную культуру вызначыць у шырокім сэнсе, яе можна выкарыстоўваць для рэтраспектыўнага тлумачэння любых бачных паводзін, што робіць яе немагчымай для аналітыкі. Па-трэцяе, рэалісты сцвярджаюць, што калі дзяржавы сутыкаюцца з відавочнымі пагрозамі, матэрыяльныя інтарэсы груп і асобных людзей пераўзыходзяць культурныя схільнасці супольнасцяў, і такім чынам тлумачальная сіла канцэпцыі абмяжоўваецца сітуацыямі неадназначнасці ці спакою.

Івар Нойман і Хенрыка Хейка вызначаюць наступныя моманты:

-даследаванні стратэгічнай культуры асінхронныя з даследаваннямі культуры ў іншых дысцыплінах.

-узнікае праблема суадносін фарміравання стратэгічнай культуры і паводзін, бо як можна інтэрпрэтаваць стратэгічныя паводзіны, калі не ў кантэксце стратэгічнай культуры

-антраполагі і амаль усе сацыёлагі выкарыстоўваюць паняцце «культура» не як незалежную зменную, а як канстытутыўнае паняцце.

-культура з'яўляецца перадумоваю дзеянняў, тым, што робіць дзеянні магчымымі.

-культура не мае выразных межаў, яна з'яўляецца нявызначаным цэлым, полем узаемна перасякальным з іншымі цэлымі сферамі жыцця чалавека і грамадства таго ж кшталту.

Стратэгічная культура Вялікабрытаніі і Польшчы.

Любая культура, яе каштоўнасці і нормы фармуюцца ў элітных групах напрацягу некалькіх пакаленняў праз фармальную і нефармальную сістэму адукацыі і функцыянаванне дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх арганізацый. Такім чынам неабходнай умовай дзеля існавання стратэгічнай культуры з'яўляецца працяглы час існавання дзяржаўнасці і асэнсоўваючых уласныя мэты элітных груп. Вялікабрытанія мае ўласную ядзерную зброю і была звышдзяржавай, Польшча - не. Вызначальнай характарыстыкай брытанскай стратэгічнай культуры з'яўляецца дылема атлантызму/еўрапеізму (быць моцным на моры, адначасова мець надзейных саюзнікаў і выбудоўваць выгодны баланс сілаў на кантыненце). На сёння: 1) Адбыўся распад каланіяльнай імперыі, але засталіся рэшткі статусу і атрыбутаў вялікай дзяржавы (пастаянны член Савета Бяспекі ААН; 2) Есць уласная ядзерная зброя (1952 г). 3) Робіцца акцэнт на мультылатэралізме ўласнага грамадства (НАТА, ААН, з 1973 г. і да выхаду — ЕС) і праз яго магчымасць захавання ўплыву ў свеце. Каланіяльнае мінулае спрычынілася да асаблівага пачуцця міжнароднай адказнасці за падтрыманне міру і вырашэнне крызісаў асабліва ў былых калоніях. У мірныя часы 1990-х- пач. ХХІ ст. прагматычны падлік прывеў эліты да праяўлення гнуткасці як прынцыпа развіцця ўзброеных сілаў. Было праведзена хуткае і эфектыўнае рэфармаванне (скарачэнне) сухапутных ўзброеных сіл пасля заканчэння халоднай вайны (з 315 000 да 210 000 да 2004 г.). Згодна з існаваўшай Абарончай дактрынай, і спецыяльныя часткі мабільных ўзброеных сілаў павінны вырашаць шырокі спектр праблем, якія могуць узнікнуць у лакальных канфліктах. Пасля поўнамаштабнага напада Расеі на Украіну Брытанія актыўна падтрымала Украіну. На сённяшні момант Вялікабрытанія мае вялікі флот, авіяцыю, але мізэрныя і недастаковыя сухапутныя сілы дзеля любой вайны на кантынеце. Польская стратэгічная культура была сфарміравана падзеламі Рэчы Паспалітай, паразай у верасні 1939 года, акупацыяй, навязаным саюзам у рамках Варшаўскай дамовы і трансфармацыяй пасля 1989 года, якая завяршылася ўступленнем у НАТА (1999) і ЕС (2004). Сярод трывалых яеэлементаў — пачуццё пагрозы з боку Расіі; недавер да заходніх гарантый, які ўкараніўся ў вопыце пасіўнасці Францыі і Вялікабрытаніі ў верасні 1939 года і здрады ў Ялце; рамантычная традыцыя ўзброенага супраціву незалежна ад шанцаў на поспех (Лістападаўскае паўстанне 1930, Студзеньскі паўстанне 1863, Варшаўскае паўстанне 1944); і моцны атлантызм пасля 1989 года. Осіца ахарактарызаваў Польшчу як новага еўрапейскага атлантыста, падкрэсліўшы, што польскі атлантызм вынікае з разліку, што толькі Злучаныя Штаты маюць патэнцыял стрымаць Расію. Расійскае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе паўплывала на польскую стратэгічную культуру не як шок (як у Фінляндыі ці Германіі), а як пацверджанне ўкаранёнай веры ў расійскую пагрозу. Адказ уключаў павелічэнне выдаткаў на абарону, ваенную падтрымку Украіны і лабіраванне ўмацавання ўсходняга флангу НАТА. На 2026 г. Польшча будуе самую вялікую сухапутную армію ЕС і інфраструктуру дзеля яе.

Спасылкі

Катэгорыя:Ваенная стратэгія Катэгорыя:Тэорыя міжнародных адносін Катэгорыя:Геапалітыка Катэгорыя:Даследванні бяспекі