Пара́фія Святы́х брато́ў-апо́сталаў Пятра́ і Андрэ́я — былая грэка-каталіцкая парафія ў горадзе Брэсце. Уваходзіла ў склад Цэнтральна-заходняга протапрэзбітэрыята Беларускай грэка-каталіцкай царквы (БГКЦ).
Гісторыя У 1999 годзе сіламі супольнасці быў пабудаваны душпастырскі цэнтр, у якім размясцілася парафіяльная капліца. Звычайна на нядзельных літургіях прысутнічалі ад 30 да 50 чалавек, а на вялікія святы, як Вялікдзень і Нараджэнне Хрыстова, колькасць вернікаў дасягала 100 чалавек.
У 2024—2025 гадах у адпаведнасці з новым заканадаўствам у Беларусі пачалася маштабная перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый. Мясцовыя ўлады Брэсцкага аблвыканкама палічылі, што парафія не адпавядае новым патрабаванням, пасля чаго пачаўся судовы працэс па яе ліквідацыі. Вернікі былі нязгодныя з рашэннем Брэсцкага абласнога суда аб ліквідацыі і падалі апеляцыю. Аднак 9 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі ў Мінску разгледзеў скаргу і адхіліў яе, пакінуўшы рашэнне аб ліквідацыі парафіі ў сіле. Дакладная афіцыйная прычына закрыцця засталася невядомай, але ў адным з судовых рашэнняў вернікі заўважылі фармулёўку аб «пагрозе нацыянальным інтарэсам».
Пасля ліквідацыі рэгістрацыі грэка-католікам Брэста забаранілі арганізоўваць набажэнствы ў візантыйскім абрадзе і самастойна збірацца на малітву ў сваім храме. Маёмасць і будынак храма вернікі планавалі перарэгістраваць на прыватных асоб.
Пробашчы і святары Спіс пробашчаў і святароў парафіі: з 1995 года — айцец Ігар Кандрацьеў (пробашч). з 25 лістапада 2009 года — іераманах-рэдэмптарыст Антон Мікалаеў. з 21 жніўня 2016 года — айцец Віталь Быстроў.
Крыніцы
Катэгорыя:Парафіі Беларускай грэка-каталіцкай царквы Катэгорыя:Хрысціянства ў Брэсце Катэгорыя:Зніклі ў 2026 годзе