Леон (Лявон) Плятэр гербу Плятэр () — граф, удзельнік паўстання 1863 г. Праўнук графа Канстанціна Людвіка Броэль-Платэра.

Біяграфія Лявон Плятэр нарадзіўся 15 лютага 1836 года ў вядомым графскім шляхецкім родзе Плятэраў. Бацька — Юзэф Казімір Броэль-Плятэр (1796—1852), маці — Антаніна Броэль-Плятэр (у дзявоцтве Перасвет-Солтан) (1800—1871). Быў адным з 11 дзяцей.

Пасля паўстання 1830—1831 гадоў сям’я Юзафа Казіміра Плятэра падвергнулася рэпрэсіям з боку ўладаў Расійскай імперыі. Бацка быў абвінавачаны ва ўкрывальніцтве ўдзельнікаў паўстання, у прыватнасці, стрыечнага брата Эміліі Плятэр — Цэзара, і неўзабаве пасля паражэння інсургентаў — сасланы ў Смаленск. Там і прайшло дзяцінства Лявона Плятэра. Вучыцца Лявон Плятэр быў накіраваны ў Рыжскі Імператарскі ліцэй на апеку старэйшага брата Аўгуста Плятэра (1822—1861), які займаў у той час пасаду пры рыжскім генерал-губернатары І. Г. Бібікаве. Пасля заканчэння навучання і смерці бацькі атрымаў у спадчыну фальварак Казанава ў Дынабургскім павеце Віцебскай губерні, дзе і пражываў да пачатку паўстання.

Удзел у паўстанні 1863 г. Пасля пачатку паўстання 1863—1864 гадоў Лявон Плятэр некаторы час заставаўся ў баку ад узброенай барацьбы. Аднак неўзабаве вырашыў, што для роду Плятэраў будзе ганьбай, калі ніхто з іх не прыме ўдзел у паўстанні. Першапачаткова Лявон Плятэр збіраўся далучыцца да атрада Людвіка Нарбута, які дзейнічаў тады ў Лідскім павеце Віленскай губерні, аднак пазней адмовіўся ад ідэі ў сувязі са складанасцю яе ажыццяўлення.

Афіцыйна Л. Плятэр далучыўся да паўстання 11 (23) красавіка 1863 года па прапанове іншага камандзіра паўстанцаў Віцебскай губерні — Зыгмунта Буйніцкага.

13 (25) красавіка група з 6 паўстанцаў, уключаючы Ляона Плятэра, арганізавала паспяховую засаду на ваенны абоз са зброяй за шэсць кіламетраў ад мястэчка Краслаўка, Дынабургскі павет. У перастрэлцы паўстанцы забілі трох салдат аховы, яшчэ пецярым удалося збегчы з поля бою. Здабычай атрада сталі 398 стрэльбаў, 9 рэвальвераў і 22 адзінкі халоднай зброі.

Затым група Плятэра накіравалася на поўдзень, да мястэчка Вышкі. Тым жа вечарам з Краслаўкі на пошукі групы Плятэра выйшла грэнадзёрская рота пад камандаваннем капітана Барсукова. Праз некалькі гадзін яны занялі маёнтак Скайты, графа Глушкіна, які спачуваў паўстанцам. Рота знайшла ў маёнтку схованку са 148 адзінкамі агнястрэльнай зброі, раней схаванымі плятэраўцамі. Зброя была канфіскаваная, а Глушкін і яго сын былі ўзятыя пад арышт па абвінавачанні ў падтрымцы «мяцежнікаў».

Днём 14 (26) красавіка група Плятэра сутыкнулася ў ваколіцах Вышак з некалькімі дзясяткамі мясцовых сялян, якія раней за грашовую ўзнагароду наважыліся раззброіць атрад Плятэра і здаць яго чальцоў уладам. Аднак плятэраўцы адкрылі па абступаючых іх сялянам агонь са стрэльбаў, у выніку чаго забілі аднаго і паранілі яшчэ семярых сялян, пасля чаго астатнія сталі разбягацца. Увечары група Плятэра ўступіла ў Вышкі.

Аднак ужо раніцай 15 (27) красавіка 1863 года на суседняй станцыі Дубна на плятэраўцаў зноў напалі мясцовыя сяляне агульным лікам да 50 чалавек. На гэты раз паўстанцам не ўдалося стрымаць іх націск, усе паўстанцы былі моцна збітыя і перададзены мясцовым уладам. Пасля гэтага Лявон Плятэр і 5 яго паплечнікаў былі заключаны ў Дынабургскую крэпасць. Плятэр быў прыгавораны да смяротнага пакарання.

27 мая / 8 чэрвеня 1863 г. ён быў расстраляны ў двары Дынабургскай крэпасці, бо, як сведчаць судовыя матэрыялы, перакладзеныя Студніцкім, "ён першым узняў сцяг паўстання ў правінцыі Віцебскай (…) . Ён узброіў 5 чалавек (часткова шляхту, часткова слуг) і разам з імі 25 мая прыняў удзел у паспяховым нападзе на транспарт са зброяй, пасля чаго быў захоплены ўзброенымі сялянамі. Падчас допытаў ён узяў на сябе поўную віну за арганізацыю і кіраўніцтва нападам, абараняючы фактычнага арганізатара і камандзіра Зыгмунта Буйніцкага . Калі ён даведаўся пра гэта (яшчэ быўшы на волі), ён праз жонку даслаў ліст у судовую камісію, у якім прызнаў сваю ролю. Аднак яго паказанні не былі ўлічаны, як і паказанні сведкаў, якія адмаўлялі, што падраздзяленнем камандаваў граф Плятэр".

Цела пакаранага смерцю было пахавана на месцы пакарання смерцю і, як было прынята, магілу затапталі. Аднак пад покрывам ночы цела адкапалі і перавезлі ў іншае месца. Нягледзячы на лісты маці памерлага, нават адрасаваныя імператрыцы, цела сына ёй не было выдадзена і застаецца ў невядомым месцы.

Зноскі

Леан Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Расстраляныя