Ківа Бязносік, поўнае імя Каўфман Давідавіч Бязносік () — беларускі педагог і мовазнавец, аўтар навучальных дапаможнікаў на ідышы, беларускай і рускай мовах.
Біяграфія Нарадзіўся у 1897 годзе ў Сіроціне Віцебскай губерні ў сям’і селяніна Давіда Бязносіка.
Каля 1920 года скончыў аднагадовыя педагагічныя курсы ў Віцебску, працаваў настаўнікам у адной з мясцовых школ. У 1922 годзе накіраваны ў Акадэмію сацыяльнага выхавання ў Маскве, вучыўся да восені 1924 года, ці прайшоў ён поўны курс няма звестак у архіўных дакументах.
Вясной 1926 года паступіў на першы набор Яўрэйскага літаратурна-лінгвістычнага аддзялення (ЕўЛІТЛА) 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (2-га МДУ), з атрыманай раней адукацыяй залічаны адразу на другі курс, вучыўся разам з паэтамі Ізі Харакам і Зэлікам Аксельродам. Падчас навучання прафесар А. І. Зарэцкі прыцягваў Бязносіка да падрыхтоўкі навучальных дапаможнікаў для школ з выкладаннем на ідышы. 20 мая 1928 года на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды першага выпуску ЕўЛІТЛА 2-га МДУ Бязносік выступіў з прамовай удзячнасці ад імя выпускнікоў.
У маі 1928 года прыняты на працу ў Яўрэйскі сектар Інбелкульту, потым Акадэміі навук БССР у Мінску.
У 2-й палове 1920-х гадоў у Маскве выйшаў 4-томны навучальны дапаможнік ідышу «Shprakh» («Мова») пад рэдакцыяй прафесара А. І. Зарэцкага, у тым ліку «Падручнік для 3-га года навучання» складзены аднаасобна Бязносікам, а таксама складзены разам з Х. Лойцкерам і І. Грынбергам «Падручнік для 2-га года навучання».
У 1930 годзе ў Мінску выйшлі два дапаможнікі на мове ідыш з удзелам Каўфмана Бязносіка: «Рабочая кніга па літаратуры для 1 курса рабфака і вячэрняй школы вышэйшага тыпу» (у суаўтарстве з Л. Цартам) і «Антырэлігійная літаратурная кніга для чытання» (у суаўтарстве з М. Эрыкам і Я. Рубіным). У тыя ж гады ў мінскім часопісе «Shtern» былі апублікаваны дзве рэцэнзіі Каўфмана Бязносіка: на зборнік вершаў М. Хашчавацкага і на аповесць Г. Арланда.
У 1932 годзе ў зборніку па лінгвістыцы Яўрэйскага сектара АН БССР апублікаваны артыкул Каўфмана Бязносіка, прысвечаны гісторыі работы па граматыцы ідыш у Савецкім Саюзе.
Пасля 1933 года Каўфман Бязносік пераключыўся на падрыхтоўку навучальных дапаможнікаў на беларускай мове, выступаючы іх аўтарам або рэдактарам дапаможнікаў іншых аўтараў. У электронным каталогу бібліятэк Беларусі захавалася некалькі дзесяткаў навучальных дапаможнікаў для беларускіх школ, складзеных або адрэдагаваных Бязносікам.
У 1938—1939 гадах у суаўтарстве з І. Н. Шапашнікавым выдаў падручнікі па рускай мове для беларускіх школ.
Да Вялікай Айчыннай вайны жыў з сям’ёй у Мінску. Пасля 22 чэрвеня 1941 года звестак пра лёс Бязносіка і яго сям’і няма. Паводле сведчання Лауры Якаўлеўны Рубінай у анкеце Мемарыяльнага комплексу «Яд ва-Шэм», Ківа загінуў у 1941 годзе падчас нацысцкай акупацыі ў Мінску.
Сям’я Бацька — Давід Бязносік, селянін з Віцебскай губерні. Жонка — Сцера Бязносік. Двое сыноў. Магчымая сястра — Рыва Давідаўна Бязносік (нар. 1902), педагог, у 1941 годзе эвакуіравалася са Жлобіна ў Паволжа.
Бязносікі да вайны сябравалі з сям’ёй супрацоўніка Акадэміі навук БССР Якава Рубіна.
Крыніцы
Спасылкі