Грынкевічы () — шляхецкі род герба «Наліўка»Форма Наліўка — паводле «Малога гербоўніка Рагачоўскай шляхты»; у іншых выданнях той жа герб пішацца Налеўка ()., вядомы ў XVIII ст. у Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Паходзіў з зямян Мінскага ваяводства; на мяжы XVII—XVIII стст. адна з галін роду перайшла ў Рэчыцкі павет і асела ў Сапагах у Чачэрскім тракце — дробнай шляхецкай ваколіцы, якую Грынкевічы трымалі супольна з Драбышэўскімі. (арт. 17, с. 269—270).

Найбольш дакументаваныя эпізоды гісторыі роду прыпадаюць на 1760-я гг.: крымінальная справа 1762 г. пра ўзброены наезд на сенажаць пад Кармой, у якой сярод абвінавачаных былі Антон Грынкевіч і яго сын Стэфан, і атрыманае Стэфанам у 1766 г. возніцтва (генеральства) Рэчыцкага павета. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай род быў прызнаны ў дваранстве земскім судом Рагачоўскай правінцыі 14 ліпеня 1773 г.

Герб

У чырвоным полі — срэбная наліўка, збан з ручкай і носікам; над шлемам у кароне тры страўсіныя пёры, намёт чырвоны, падбіты срэбрам. «NALEWKA. — W polu czerwonem — srebrna nalewka. Nad hełmem w koronie trzy pióra strusie. Labry czerwone podbite srebrem». «Щитъ: въ красномъ полѣ бѣлый кувшинъ. Нашлемникъ: три страусовыхъ пера. (Налевка)». Назва герба «гаворачая»: наліўка — гэта і ёсць такі збан.

Герб рэдкі. Ю. Астроўскі называе яго «гербам некалькіх літоўскіх родаў: Грабніцкіх, Грыцэвічаў, Наркоўскіх і іншых» і спасылаецца на гербоўнік В. Каяловіча; пазнейшыя зводы дадаюць да носьбітаў Грынкевічаў, Грыцкевічаў, Грыцкевічаў-Рачынскіх, Губчыцаў, Дактаровічаў і Налявайкаў. (гл. herb Nalewka). Сярод шасцідзесяці пяці родаў «Малога гербоўніка Рагачоўскай шляхты» герб «Наліўка» насілі толькі Грынкевічы.

Паходжанне і рэчыцкая галіна

Найранейшы вядомы прадстаўнік роду — Сымон Грынкевіч, зямянін Мінскага ваяводства, дзе валодаў спадчыннымі маёнткамі. Паводле выпісу з метрыкі хросту, выдадзенага краснасельскім дэканам РадаманскімТак у публікацыі; выдавец З. Яцкевіч мяркуе, што правільна — Радашкоўскім., Сымон пакінуў маёнткі двум сынам — Аляксандру і Яну. Аляксандр і яго нашчадкі засталіся ў родавых уладаннях у Мінскім ваяводстве.

Ян Грынкевіч (нар. 5 студзеня 1675 г.) перайшоў у Рэчыцкі павет, дзе ажаніўся з Настассяй з Драбышэўскіх і ўзяў за ёй у пасаг ваколіцу Сапагі; пасаг быў засведчаны запісам Эліяша Драбышэўскага ад 25 студзеня 1722 г. Сын Яна і Настассі Антон Грынкевіч меў маёмасныя справы з Пшэздзецкім, пісарам ВКЛ, і з Кельчэўскімі, адным з родаў павятовай эліты; дэкрэт па гэтых справах быў актыкаваны 15 мая 1751 г. у Рэчыцкім гродскім судзе. Спадчыннікамі Сапагоў засталіся тры сыны Антона — Стэфан, Юзаф і Рыгор.

Ваколіца Сапагі

Сапагі — невялікая шляхецкая ваколіца ў Чачэрскім тракце Рэчыцкага павета, у Прапойскай парафіі, непадалёк ад Кармы. Паселішча вядома як баярская ваколіца Чачэрскага староства: у «спісе баяраў Чачэрскага староства» паводле інвентара 1726 г. за ім лічылася 4 дымы.Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской / под ред. Д. И. Довгялло. Вып. 28. Витебск, 1900. С. 31.

У попісе шляхты Рэчыцкага павета, які адбыўся 30 верасня 1765 г. пад Рагачовам, з Сапагоў пісаліся Андрэй Драбышэўскі — «з дабротаў вечыстых Сапагоў» на кані — і следам «Тэадор Драбышэўскі і Стэфан Грынкевіч з дабротаў вечыстых часці сваёй Сапагоў», пехатою.НГАБ. Ф. 1783. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 54—65адв.

Справа 1762 года

Улетку 1762 г. Драбышэўскія з Сапагоў разам з 75 сваімі падданымі наехалі на сенажаць ва ўрочышчы Ланіца на Сожы каля маёнтка Карма і звезлі да сябе вазы з сенам, якія належалі шляхцічу Васькоўскаму. Калі той выслаў па астатняе сена некалькі дзясяткаў сялян з падводамі і стрэльбамі, Драбышэўскія, Грынкевічы, Антон Казлоўскі (лоўчы смаленскі), Андрэй Рудніцкі і Казімір Кубліцкі са сваімі жаўнерамі зрабілі на іх засаду. Паводле матэрыялаў справы, пяць чалавек былі забітыя, сем смяротна параненыя, каля сарака збітыя і абрабаваныя; сярод забітых названыя сяляне Юрка Шымантовіч, Амельян Пятрушонак, Аўтух Лысцёг і Марцін Чумачонак і шляхціч Халімон Караткевіч.

Суд Рэчыцкага павета ў складзе Флярыяна Быкоўскага, Людвіка Васілеўскага і Францішка Парчэўскага прысудзіў пераследаваць вінаватых — сярод іх Тэадора, Стэфана, Міхала, Яна і Аляксандра Драбышэўскіх, Антона і Стэфана Грынкевічаў — і спагнаць з іх не менш за 100 000 злотых. Як адзначае гісторык Герман Брэгер, штрафы такога памеру ніколі не выплачваліся: бакі звычайна дамаўляліся пазасудова. У тым жа годзе Антона Грынкевіча разам з Тэадорам, Міхалам, Якубам і Дамінікам Драбышэўскімі судзілі яшчэ раз, за лоўлю рыбы ў чужым возеры і крадзёж мёду, з штрафам у 500 талераў бітых.

Стэфан Грынкевіч, возны рэчыцкі

У 1766 г. Стэфан Грынкевіч, «зямянін і жыхар павету Рэчыцкага», атрымаў возніцтва (генеральства) Рэчыцкага павета — судовую, а не вайсковую пасаду, якая давалася пажыццёва. Прывілей быў выдадзены ад імя караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста і падпісаны падканцлерам ВКЛ . Прысягу паводле Статута ВКЛ 1588 г. Стэфан склаў на траецкіх роках у Рагачове перад земскімі ўраднікамі павета — суддзямі Юзафам Дамінікам Фашчам, Антонам Мікалаем Кельчэўскім і Міхалам Маліноўскім і суддзёй і намеснікам каралеўскага пісара Міхалам Скарынам, гэта значыць у тым самым судзе, які чатырма гадамі раней вынес прысуд па справе 1762 г.

Стэфан Грынкевіч памёр 12 жніўня 1791 г. у Сапагах; запіс пра смерць змяшчаюць метрычныя кнігі журавіцкага касцёла.

Вывад шляхецтва

Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. усходняя частка Рэчыцкага павета адышла да Расійскай імперыі і ўвайшла ў Рагачоўскую правінцыю Магілёўскай губерні, і мясцовая шляхта мусіла даказваць сваё паходжанне перад новай уладай у земскім судзе правінцыі.

Грынкевічы прадставілі, між іншым, выпіс ад 28 студзеня 1777 г. з вывадовага дэкрэта свайго роду з Галоўнага земскага суда Магілёўскай губерні ад 14 ліпеня 1773 г., а таксама пасведчанне сваякоў і шляхты Мінскага ваяводства аб шляхецкім паходжанні, актыкаванае 7 лістапада 1775 г. у Мінскім земскім судзе праз стрыечнага брата выводнікаў — ксяндза Ігната Грынкевіча, вікарыя краснасельскага касцёлаМясцовасць у публікацыі не ўдакладнена; З. Яцкевіч звязвае краснасельскае дэканства з Радашковічамі.. Пры вывадзе род прадстаўляў патрон Станіслаў Князевіч, ротмістр аршанскі. Род быў прызнаны ў дваранстве земскім судом Рагачоўскай правінцыі 14 ліпеня 1773 г.

Звестак пра род у XIX ст. апублікаваныя крыніцы не падаюць.

Прадстаўнікі

Сымон — роданачальнік, зямянін Мінскага ваяводства Аляксандр — застаўся ў родавых маёнтках у Мінскім ваяводстве Ян (нар. 5 студзеня 1675) — перайшоў у Рэчыцкі павет; жанаты з Настассяй з Драбышэўскіх, узяў за ёй ваколіцу Сапагі (1722) Антон — судзіўся з Пшэздзецкім, пісарам ВКЛ, і з Кельчэўскімі (дэкрэт актыкаваны 1751); адзін з абвінавачаных у справе 1762 г. Стэфан (†12 жніўня 1791, Сапагі) — возны (генерал) Рэчыцкага павета з 1766 г. Юзаф і Рыгор — спадчыннікі Сапагоў Ігнат — ксёндз, вікарый краснасельскага касцёла, стрыечны брат выводнікаў 1773 г.

Іншыя роды з тым жа прозвішчам

Прозвішча Грынкевіч насілі і іншыя, не звязаныя з апісаным, шляхецкія роды. «Гербоўнік беларускай шляхты» падае два з іх: Грынкевічаў герба «», радавым гняздом якіх былі Даўкшышкі Грынкевічаўскія ў Ашмянскім павецеЛакалізацыя паводле геаграфічнага паказальніка 4-га тома «Гербоўніка беларускай шляхты»., і Грынкевічаў з Мінскага павета, герб якіх не пазначаны. Вядомы таксама роды з падвойным прозвішчам — Мачульскія-Грынкевічы, Грынкевічы-Суднікі і Малішэўскія-Грынкевічы.

Гістарыяграфія

Пакаленны роспіс роду апублікаваў З. Л. Яцкевіч у «Малым гербоўніку Рагачоўскай шляхты» (2009) паводле спраў земскага суда Рагачоўскай правінцыі, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.НГАБ. Ф. 2128 «Земскі суд Рагачоўскай правінцыі. 1773—1863 гг.»; захавалася ўсяго 7 спраў гэтага суда. Судовыя эпізоды 1762 і 1766 гг. апісаў П. Хадзінскі паводле актаў Рэчыцкага павятовага суда.Аўтар публікацыі адзначае, што Антон і Стэфан Грынкевічы — яго ўласныя продкі.

У «Гербоўніку беларускай шляхты» род артыкула не мае: чацвёрты том гэтага выдання, які ахоплівае прозвішчы на літару «Г», складзены паводле фонду Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу і ўключае шляхту пераважна Мінскай губерні, тады як Грынкевічы з Сапагоў вывадзіліся ў Магілёўскай губерні.

Гл. таксама

Рэчыцкая шляхта Рагачоўская правінцыя Чачэрскае староства Возны

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Шляхецкія роды Катэгорыя:Рагачоўскі павет