Ірына Мікалаеўна Раманава () — беларуская гісторык, педагог, кандыдатка гістарычных навук, прафесарка.

Біяграфія Нарадзілася 30 студзеня 1973 года ў сям’і служачых у Лістёнцы Любанскага раёна Мінскай вобласці БССР. Бабуля па маці — Надзея Захараўна (нар. 1927, Любанскі раён), дачка сяляніна-аднаасобніка, якія адмовіўся ўступаць у калгас. Дзядуля — Сцяпан Мікітавіч, ветэран Другой сусветнай вайны, пасля яе працаваў у калгасе.

У 1990 годзе паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла ў 1995 годзе. У 1995—1998 гадах навучалася ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ІГ НАНБ). У 1999 годзе абараніла дысертацыю на здабыццё вучонай ступені кандыдаткі гістарычных навук па тэме «Фарміраванне савецкай сістэмы адукацыі ў БССР. 1921—1930 гг.» (навуковы кіраўнік — акадэмік НАНБ Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка).

У 1999—2001 гадах навуковая супрацоўніца аддзела сацыяльна-эканамічнай і палітычнай гісторыі Беларусі ІГ НАНБ, у 2001—2006 -- старшая навуковая супрацоўніца гэтага ж аддзела, у 2006—2013 — старшая навуковая супрацоўніца аддзела найноўшай гісторыі Беларусі ІГ НАНБ.

Паралельна з навукова-даследчыцкай дзейнасцю ў 2003—2008 гадах працавала дацэнткай у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце. З 2008 года перайшла на працу ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва), дзе ў 2008—2014 гадах была дацэнткай, а з 2014 года прафесарка гісторыі.

У лютым—сакавіку 2017 года была запрошанай прафесаркай у Інстытуце палітычных даследаванняў (Sciences Po, Парыж, Францыя). У 2021—2023 гадах запрошанай прафесаркай DAAD (DAAD-Gastdozentin) на кафедры гісторыі Усходняй Еўропы Інстытута гісторыі Універсітэта Юстуса Лібіха ў Гісэне (Германія).

Стыпендыятка шэрагу міжнародных навуковых устаноў, у тым ліку La Fondation Maison des Sciences de l’Homme (Парыж, Францыя), Leibniz-Zentrum für Zeithistorische Forschung Potsdam (Патсдам, Германія) і Institute of Slavic, East European and Eurasian Studies Універсітэта Каліфорніі ў Берклі (США).

Навуковая дзейнасць і творчасць Даследчыцкія зацікаўленасці ахопліваюць гісторыю Беларусі XX стагоддзя, савецкую і постсавецкую гісторыю, узаемаадносіны ўлады і грамадства, савецкія рэпрэсіі 1920-1930-х гадоў, Вялікі тэрор 1937—1938 гадоў у БССР, гісторыю паўсядзённасці, вусную гісторыю, сялянскі дыскурс, рэабілітацыю ахвяр палітычных рэпрэсій і палітыку памяці.

Станам на 2007 года, аўтарка каля 70 навуковых прац.

Манаграфіі, зборнікі дакументаў, выбраныя артыкулы «Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары» (Вільня: ЕГУ, 2009, у сааўтарстве з Ірынай Махоўскай) — мікрагістарычнае даследаванне на аснове 85 інтэрв’ю з жыхарамі мястэчка Мір, якое раскрыла тапаграфію, этнаканфесійную структуру (беларусы, палякі, татары, яўрэі), побыт «за польскім часам», перыяд нямецкай акупацыі, Халакост і пасляваенныя сацыяльныя трансфармацыі. «Устная история в Карелии. Вып. IV. Карелия и Беларусь: повседневная жизнь и культурные практики населения в 1930-50-е гг.» (Петрадзаводск, 2008, укладальніца і навуковая рэдактарка). Рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій ў 1950-я гады: асноўныя тэндэнцыі і этапы // Беларускі гістарычны часопіс. 2014. № 3. С. 15-23. Рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій у канцы 1980-х пачатку 1990-х гадоў: асноўныя тэндэнцыі // Беларускі гістарычны часопіс. 2014. № 6. С. 10-20. «Where Has Everything Gone?»: Remembering Perestroika in Belarusian Provinces (у сааўтарстве з І. Махоўскай) // Reclaiming the Personal: Oral History in Post-Socialist Scholarship. Toronto Press, 2015. P. 256—285. The Amnesty and Rehabilitation of Victims of Stalinist Repression in Belarus // De-Stalinising Eastern Europe: The Rehabilitation of Stalin’s Victims after 1953. Ed. K. McDermott, M. Stibbe. Palgrave Macmillan, 2015. P. 221—236. Пасляваенны яўрэйскі Бабруйск // Беларускі гістарычны агляд. 2016. Т. 23. С. 105—132. «Минский Мужик. Что я видел в Советской России? Из моих личных наблюдений» (Москва: Common place, 2018, аўтарка прадмовы і каментароў). «Улада і грамадства: БССР у 1929—1939 гады ў дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б» (Вільня: Логвінаў, 2019, 1120 с., складальніца і аўтарка прадмовы) — выданне рассакрэчаных дакументаў пра механізмы калектывізацыі, раскулачвання і супраціў сялянства. The «Lepel Case» and Regional Show Trials in the BSSR in 1937 // Political and Transitional Justice in Germany, Poland and the Soviet Union from the 1930s to the 1950s. Göttingen: Wallstein Verlag, 2019. P. 54-74. Война миров: знаки, символы, места памяти (Беларусь 2020) // Ab Imperio. 2020. № 3. С. 280—309. «Клеймение Красного Дракона: БССР в 1937—1939 гг.» (Москва: Политическая энциклопедия / РОССПЭН, 2021, 215 с., серыя «История сталинизма») — манаграфія, прысвечаная аналізу Лепельскай справы 1937 года, раённым паказальным судам, перапісу насельніцтва 1937 года і механізмам сталінскага тэрору ў БССР. Выйсці з ценю прывідаў // Беларускі гістарычны агляд. 2022. Т. 29. Сш. 1-2. С. 244—257. L‘"Eva-lution" ou comment le tableau Eva de Chaim Soutine est devenu le symbole de la contestation au Belarus en 2020 (у сааўтарстве з А. Фрыдманам) // Slavica Occitania. 2023. № 56. P. 131—155. Справа Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага (1962) — межы нонканформнасці ў Мінску часоў «адлігі» (у сааўтарстве з У. Валодзіным) // Беларускі гістарычны агляд. 2023. Т. 30.

Кіраўніцтва і ўдзел ў даследчыцкіх праектах Праект па даследаванні фальклору ў таталітарным грамадстве (ASLS, 2003). Праект па трансфармацыі практык штодзённага жыцця ў БССР у 1920—1930 гадах (БРФФД, 2005—2006). Беларуска-расійскі праект па адаптацыйных практыках у пагранічных рэспубліках (БРФФД і РГНФ, 2007—2009). Праект па трансфармацыі пагранічных практык у Беларусі і Украіне (CASE, 2008—2010). Праект ЕГУ па даследаванні савецкай і еўрапейскай ідэнтычнасці падчас Перабудовы (2010—2011). Сумесны праект «Lithuania-Belarus: dialogs about the Past» (Інстытут гісторыі Літвы).

Сцэнарыі дакументальных фільмаў Для праграмы «Обратный отсчет» на тэлеканале ОНТ (Беларусь): «Лепельский бунт» (эфір 8 лютага 2009). «Полесский Фатерлянд» (эфір 1 лістапада 2009). «Бабский бунт» (эфір 17 верасня 2012). «Спецпоселенцы. Крестьянская трагедия» (1-2 серыя, 2014).

Грамадская і публічная дзейнасць З 2016 года ў складзе Рады Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі. З 2017 года ўваходзіць у рэдакцыйную калегію навуковага часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Выступае як эксперта ў публічных дыскусіях, навуковых форумах і медыя, у тым ліку па пытаннях функцыянавання гістарычнай сімволікі, трансфармацыі пратэснага руху ў Беларусі, інструменталізацыі памяці пра Другую сусветную вайну і афіцыйнай прапаганды.

Узнагароды Лаўрэатка Прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра (2019) за выданне зборніка дакументаў «Улада і грамадства: БССР у 1929—1939 гады ў дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б». Лаўрэатка Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшую манаграфію па гісторыі (2021) за кнігу «Клеймение Красного Дракона: БССР в 1937—1939 гг.».

Крыніцы

Літаратура Институт истории НАН Беларуси в лицах, 1929—2008 гг. : биобиблиографический справочник / Г. В. Корзенко и др. — Минск, 2008. — С. 290—291.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 2003. — Т. 6, кн. 2. — С. 428.

Спасылкі