Сядзібна-паркавы комплекс Грудопаль — рэшткі сядзібы роду Юндзілаў, знаходзяцца за 5 км на паўночны захад ад вёскі Дабромысль побач з шашой Івацэвічы — Слуцк. Вёска Грудопаль існавала побач з сядзібай да 1990 года. Парк з'яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння.
Гісторыя Маёнтак Грудопаль належаў роду Юндзілаў з XVI стагоддзя. У канцы XVIII стагоддзя у Грудопалі быў пабудаваны палац. Разам з палацам быў закладзены вялікі пейзажны парк, у ім пабудавана фамільная капліца-пахавальня. Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года усе маёнткі Юндзілаў былі канфіскаваны і перададзены расійскім арыстакратам Варанцовым, пасля царскай амністыі зноў вернуты Юндзілам.
У 1914—1920 гадах палац быў моцна абрабаваны. Пасля 2-й сусветнай вайны сядзібна-паркавы ансамбль у Грудопалі выкарыстоўваўся ў якасці бальніцы для хворых туберкулёзам. У канцы 1960-х гадоў ён быў перададзены мясцоваму лясніцтву пад пчальнік. У 1970-х палац разам з ўсімі гаспадарчымі і вытворчымі пабудовамі быў разбураны. У 1979 годзе капліца-пахавальня былых гаспадароў маёнтка была раскапана і апаганена. У 1986 годзе была прадухілена спроба высекчы старадаўнія дрэвы парка на дровы для мясцовых жыхароў.
У сучасны перыяд ад колішняга ансамбля засталіся парк плошчай каля 10 га, 2 уязныя алеі, сістэма абмялелых равоў, руіны капліцы-пахавальні. Паўночна-ўсходні фрагмент паркавага ансамбля быў высечаны, зараз на гэтым месцы размяшчаецца севазваротны ўчастак Дабромысльскага лясніцтва Баранавіцкага лясгаса, а паўночныя плошчы парку займаюць сасновыя пасадкі гэтага лясніцтва. На заходніх, паўднёвых і ўсходніх межах парку размяшчаюцца палеткі калгаса «40 гадоў Кастрычніка».
Апісанне Палац быў драўляны аднапавярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гладкім гонтавым дахам. Палац меў унутры набор традыцыйных памяшканняў: залу для прыёмаў гасцей, сталовую, салон, спальні, бібліятэку, рабочыя кабінеты. Цэнтральны фасад быў вылучаны ганкам. Побач з палацам месціліся афіцына, а па-за межамі парку размяшчаўся шэраг гаспадарчых пабудоў, у тым ліку бровар.
Цэнтр парку складае крыху асіметрычны квадрат плошчай каля 9 га. Паркавы партэр размешчаны бліжэй да цэнтра. Межы парку густа параслі кустовымі пародамі. Галоўная кампазіцыйная вось арыентавана да старадаўняга тракту Брэст — Слуцк — Мінск.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Славутасці Івацэвіцкага раёна Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай