Лоск. Сустракаецца таксама варыянт Ло́ская, ж. () — вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Гародзькаўскага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 28 км на паўночны захад ад Валожына, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Валожын на лініі Маладзечна — Ліда, за 95 км ад Мінска.
Рэльеф раўнінна-ўзгорысты, на захадзе цячэ рака Буянка (правы прыток Бярэзіны).
Планіровачна складаецца з працяглай амаль просталінейнай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі з завулкамі, забудаванай двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Частка забудовы адмежавана ва ўсходнім баку, у зарэчнай частцы. Грамадскія будынкі — у цэнтры вёскі. Вытворчы сектар — на паўднёвай ускраіне.
Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Малое Запруддзе і далей па шашы Гародзькі — Валожын.
Назва Упершыню згадваецца пад назвай «Лошеск», сярод «літоўскай» часткі гарадоў у «Спісе гарадоў рускіх блізкіх і далёкіх» (ХIV ст.).
Рэчка, на вярхах якой стаіць Лоск, называецца ўжо не «Лоша», але Буянка. Ніжэй па рэчцы ў пачатку ХХ ст. фіксавалася вёска Буянец, а ў XVIII ст. у Лоску фіксавалася прозвішча Буяноўскі.
Гісторыя
У вёсцы на паўночна-ўсходнім мысе ўзвышша, на правым беразе р. Буянка захавалася гарадзішча (мясцовая назва Замчышча), якое сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці.
У выніку археалагічных раскопак у перадмацерыковым пласце знойдзены фрагменты ляпнога посуду балцкай культуры штрыхаванай керамікі. Вышэй залягаюць раннесярэдневяковыя напластаванні. Знойдзены рэшткі гаршкоў (ёсць донцы са свастыкай), шматлікія жалезныя вырабы, асабліва цыліндрычныя замкі, кавалачкі керамічных плітак падлогі (XI—XIII ст). Сабрана больш за 100 фрагментаў рознакаляровых шкляных бранзалетаў кіеўскай і візантыйскай вытворчасці (гладкіх, гранёных і вітых), шкляныя пярсцёнкі і пацеркі, блізкія да візантыйскіх тыпаў, загатоўкі і пацеркі з бурштыну, самшытавыя грабеньчыкі, шмат шыферных прасліц і кавалкі амфар, сярэбраныя нацельныя крыжыкі, касцяныя вырабы. Загатоўкі і абрэзкі косці і рога сведчаць пра наяўнасць касцярэзнай вытворчасці. У пласце XII—XIII ст. ускрыты рэшткі драўляных пабудоў — спаленыя і струхлелыя зрубы хат.
У XIV—XVIII ст. існаваў Лоскі замак.
У познасярэдневяковых пластах выяўлены кухонны і сталовы посуд XIV—XVII ст. (у большасці непаліваныя гаршкі, міскі, макотры, рынкі, збаны і інш.), фрагменты кафлі (з зялёнай палівай і паліхромныя), жалезныя вырабы (нажы, шпоры і іншы рыштунак конніка), рэшткі рэйнскай каменнай вазы, багаты астэалагічны матэрыял — рогі тураў, аленяў, ласёў, іклы дзікоў і інш. Бліжэй да замкавага вала выяўлены груды рознапамерных камянёў.
У XV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім. Да 1444 г. маёнтак ва ўладанні князя Фёдара Карыбутавіча, пасля 1447 г. земскага маршалка ВКЛ Пятра Мантыгердавіча. У 1489 маёнтак і мястэчка, уладальніца якога Ганна Карыбутаўна (Лоская) заснавала тут у 1493 парафіяльны касцёл Божага Цела, святых Пятра і Ганны і карчму. У 1505—1590-я гады маёнтак і замак ва ўладанні роду Кішкаў. Згадваецца ў Карамзіна: «В августе 1519 года Воеводы наши, Князья Василий Шуйский из Смоленска, Горбатый из Пскова, Курбский из Стародуба ходили до самой Вильны и далее, опустошая, как обыкновенно, всю землю; разбили несколько отрядов и шли прямо на большую Литовскую рать, которая стояла в Креве, но удалилась за Лоск, в места тесные и непроходимые. Россияне удовольствовались добычею и пленом, несметным, как говорит Летописец.» У дакументах 1538 г. згадваецца айцец Герасім, лоскі архімандрыт (настаяцель праваслаўнага манастыра-архімандрыі) і святар Мікалаеўскай царквы. Каля 1549 маёмасць манастыра перайшла ва ўласнасць Пятра Кішкі. У 1559 каталіцкая парафія і касцёл валодалі тут 15 дымамі падданых сялян.
Паблізу Лоска ў 1567 з’явіўся дробнашляхецкі маёнтак ва ўласнасці ашмянскага зямяніна М. Чыжа. У 1567 мястэчка ў Ашмянскім павеце, дзейнічала друкарня (належала Яну Кішку, які ў 1572 купіў яе ў братоў Кавячынскіх і перавёз з Нясвіжа ў Лоск), якая размяшчалася ў замку. У 1573 сюды прыехалі друкар Даніэль Ланчыцкі, а таксама прапаведнік, удзельнік рэфармацыйнага руху Сымон Будны, які ў 1574 надрукаваў перакладзены ім «Новы Запавет» з прадмовай і заўвагамі. У 1576 годзе была выдадзена кніга С. Буднага «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры» з прадмовай і трактат Цыцэрона «Пра абавязкі», у 1577 г. — польскага мысліцеля А. Фрыч-Маджэўскага «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай», у 1583 г. — кнігі С. Буднага «Аб чыне, які выкарыстоўвае меч», «Аб свецкай уладзе», у 1586 г. — падручнік па логіцы на лацінскай мове «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». Выходзілі тут і іншыя кнігі. 3 1574 годзе друкаром працаваў Я. Карцан (выдаў 7 кніг), а ў 1586—1589 гады друкарняй кіраваў Ф. Бесямоўскі. С. Будны адсюль напісаў ліст англійскаму дзеячу Рэфармацыі і гісторыку Д. Фоксу. Гэты ліст меў значэнне ў рэфармацыйным друку. У 1983 годзе на будынку школы ў памяць аб дзейнасці друкарні ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Пасля таго як род Кішкаў пачаў вяртацца ў каталіцтва, у 1630-я гады біскуп жамойцкі Станіслаў Кішка перадаў Лоск у валоданне Віленскай капітуле, пасля чаго маёнтак перастаў быць уласнасцю гэтага родуspadchyna.info.
З 1793 года ў Расійскай імперыі. З XIX ст. у Забрэжскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Падчас Першай сусветнай вайны праз Лоск была пракладзена чыгунка, якая ўжывалася для транспарціроўкі вялікіх карабельных гармат, з якіх бамбардзіравалі нямецкія ўмацаванні, у тым ліку Крэўскага замка. З 1921 года ў складзе Польшчы ў Забрэжскай гміне Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 у складзе БССР. З 1940 у Валожынскім раёне Баранавіцкай, з 1944 — Маладзечанскай, з 1960 — Мінскай вобласці. У 1940—1954 гадах цэнтр Лоскаўскага сельсавета.
Насельніцтва 1861 год — 165 жыхароў. кан. XIX ст. — 504 жыхары. 1940 год — 966 жыхароў. 1959 год — 940 жыхароў. 1972 год — 820 жыхароў. 1994 год — 479 жыхароў, 210 гаспадарак. 1999 год — 399 жыхароў. 2008 год — 280 жыхароў, 141 гаспадарка. 2019 год — 153 жыхары.
Славутасці
Гарадзішча XI—XVI стагоддзяў. Георгіеўская царква (1856) Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (1930)
Вядомыя асобы Сымон Будны — беларускі асветнік, дзеяч Рэфармацыі Лізавета Трафімаўна Валадкевіч — Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Брылеўскі (1917—2002) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст.
Крыніцы
Літаратура Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн., 1993.
Спасылкі
Катэгорыя:Гародзькаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Валожынскага раёна Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства