Саксен-Кобург-Гоцкая дынастыя (да 1826 года — Саксен-Кобург-Заальфельдская) — галіна Эрнесцінскай лініі старажытнай саксонскай дынастыі Ветынаў, якая кіравала ў некаторых дзяржавах Еўропы і з'яўляецца кіруючай дынастыяй у Бельгіі і Вялікабрытаніі.
У лістападзе 1826 года ўладарныя германскія князі прыйшлі да кампрамісу: Эрнст Саксен-Кобург-Заальфельдскі саступіў Заальфельд галіне Саксен-Мейнінген і атрымаў Готу. Пасля ён стаў Эрнстам I, герцагам Саксен-Кобург-Гоцкім.
На брытанскі трон Саксен-Кобург-Гоцкая дынастыя ўступіла пасля смерці каралевы Вікторыі ў 1901 годзе, калі каралём стаў яе сын ад Альберта Саксен-Кобург-Гоцкага Эдуард VII. У канцы Першай сусветнай вайны сын і пераемнік Эдуарда Георг V пазбавіўся ад нямецкай назвы, пераназваўшы дынастыю з Саксен-Кобург-Гоцкай у Віндзорскую (1917). Нашчадства цяперашняй каралевы Елізаветы II і яе мужа герцага Эдынбургскага фактычна ўжо належыць да дацкай дынастыі Глюксбургаў. Іх прозвішча па дакументах — Маўнтбетэн-Віндзар, бо Філіп перад шлюбам прыняў англізаванае прозвішча Маўнтбетэн, па маці (якая належала да Батэнбергаў — марганатычнай галіны Гесэнскага дому). Аднак афіцыйная назва кіруючай дынастыі і пасля Елізаветы II па-ранейшаму будзе «Віндзорская».
У Бельгіі дынастыя кіруе з самага пачатку бельгійскай дзяржаўнасці — з 1831 года, калі на трон узышоў брат Эрнста I Леапольд, нашчадкі якога займаюць бельгійскі прастол дагэтуль. Дачка Леапольда Шарлота стала жонкай імператара Мексікі Максіміліяна I. Пасля Першай сусветнай вайны кароль Альберт I змяніў нямецкае прозвішча дынастыі на de Belgique (у французскім напісанні) — Van België (у нідэрландскім напісанні).
Пляменнік Эрнста Фердынанд ажаніўся з партугальскай каралевай Марыяй II. Іх нашчадкі (як члены дынастыі Браганса-Кобург) кіравалі ў Партугаліі да 1910 года, калі там была абвешчана рэспубліка.
Іншы прадстаўнік дынастыі, таксама Фердынанд, стаў царом Балгарыі, манархія ў якой пала ў 1946 годзе. Глава каралеўскага Дому Балгарыі, былы цар Сімеон II, у 2001 годзе стаў прэм'ер-міністрам краіны і заставаўся ім да 2005 года. Гэта быў першы выпадак, калі былы манарх ізноў вярнуўся да ўлады шляхам дэмакратычных выбараў.
Прадстаўніцай Саксен-Кобург-Гоцкага дому была і Ганна Фёдараўна, жонка царэвіча Канстанціна Паўлавіча. Каралеве Вікторыі яна прыпадала роднай цёткай, а першаму бельгійскаму каралю Леапольду — сястрой.
Кіраўнікі
Герцагі Саксен-Кобург-Гоцкія, 1826—1918 right|250px Эрнст I (1826—1844) Эрнст II (1844—1893) Альфрэд (1893—1900) Карл-Эдуард (1900—1918)
Каралі Бельгіі, 1830 — да нашага часу Леапольд I (1831—1865) Леапольд II (1865—1909) Альберт I (1909—1934) Леапольд III (1934—1951) Бадуэн I (1951—1993) Альберт II (1993 — 2013) Філіп I з 2013
Князі і цары Балгарыі, 1887—1946 Фердынанд I (князь у 1887—1908, цар у 1908—1918; адрачэнне) Барыс III (1918—1943) Сімеон II (1943—1946), прэм'ер-міністр Балгарыі 2001-2005, лідар партыі Сімеон II.
Літаратура Энциклопедический словарь Ф. А. Брокгауза и И. А. Ефрона
Спасылкі Herzogtum Sachsen-Coburg-Gotha