Аляксандр Іосіфавіч Падлу́жны () — беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1989), акадэмік НАН Беларусі (1994)Па спецыяльнасці мовазнаўства., сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (1997—2002), дырэктар Інстытута мовазнаўства (1989—2003).

Біяграфія Скончыў Аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959), аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства (1964). Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы».

3 1962 года ў Інстытуце мовазнаўства (з 1969 загадчык аддзела, з 1983 намеснік дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай АН Беларусі.

У навуцы Займаўся праблемамі сучаснай беларускай мовы і сацыялінгвістыкі, у раздзелах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікалогіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы, моўнай палітыкі. Аўтар больш за 150 навуковых прац, у т.л. 16 манаграфій.

У 1990-я гады быў намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу і кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Пад яго кіраўніцтвам былі складзеныя «Высновы» камісіі з апісаннем асноўных падыходаў да змянення існуючых правапісных норм, і праект новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (праект асвятляўся ў друку каля 2000—2002, але не ажыццяўляўся).

Быў старшынём Навуковай рады «Беларуская мова і шляхі яе развіцця», членам рабочай групы і кіраўніком беларускай нацыянальнай групы Міжнароднай камісіі па «Агульнаславянскім мовазнаўчым атласе», членам Камісіі па фанетыцы і фаналогіі пры Міжнародным камітэце славістаў, членам рэдакцыі бюлетэню «Беларуская лінгвістыка», старшынём Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Падрыхтаваў 12 кандыдатаў навук, і сярод яго вучняў — некалькі дактароў навук. З 1989 года галоўны рэдактар часопіса «Беларуская лінгвістыка».

Ацэнкі Лічыцца заснавальнікам беларускай фанетычнай школы[Лукашанец 2005]..

На пасадах намесніка дырэктара па навуковай рабоце і дырэктара Інстытуту мовазнаўства на працягу 20 гадоў фактычна ажыццяўляў каардынацыю ўсёй лінгвістычнай навукі ў Беларусі, а на пасадзе сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі вызначаў напрамкі даследаванняў у галіне ўсёй гуманітарнай навукі ў краіне.

Сваім удзелам у фундаментальных працах па нармалізацыі беларускага літаратурнага маўлення «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» і «Беларуская граматыка», дапамог «стрымаць дэструктыўныя тэндэнцыі ў сістэме беларускай літаратурнай мовы ў канцы XX ст. і захаваць адносную стабільнасць норм беларускай літаратурнай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве».

Працы «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), манаграфія, у якой упершыню даследаваны фанемны склад беларускай мовы і разгледжаны механізм функцыянавання гукаў, які не паддаецца непасрэднаму назіранню. Гэта даследаванне з’явілася тэарэтычнай асновай для эксперыментальнага вывучэння гукаў беларускай мовы. «Гукі беларускай мовы» (1973; супольна з В. М. Чэкманам), праца, у якой разгледжаны асаблівасці ўтварэння галосных і зычных гукаў беларускай мовы, і такое апісанне ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ажыццёўлена на эксперыментальным матэрыяле. Праца дала пачатак стварэнню навуковай апісальнай фанетыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, і да нашага часу з’яўляецца базай усёй навучальнай літаратуры па фанетыцы і фаналогіі беларускай мовы. «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), манаграфія. «Фанетычная сістэма беларускай мовы» (1981), доктарская дысертацыя, у якой упершыню ў беларускім мовазнаўстве прыведзены атрыманыя эксперыментальным шляхам звесткі пра акустычную будову маўлення і асаблівасці яго ўспрымання, і прапанавана акустычная класіфікацыя гукаў на аснове гэтай структуры. «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), манаграфія. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), манаграфія. «Пытанні тэорыі і практыкі беларускай навуковай тэрміналогіі» (1999), манаграфія.

Калектыўныя працы Нарматыўная «Беларуская граматыка» (частка 1, 1985), аўтар, супольна з акадэмікам М. В. Бірылам, раздзелаў «Фаналогія» і «Арфаэпія». Нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы: Арфаэпія, арфаграфія, акцэнтуацыя, словазмяненне» (1987), адзін з аўтараў і член рэдкалегіі. Рэестр слоўніка пакладзены ў аснову акадэмічнага Слоўніка беларускай мовы (2012). Энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994), адзін з аўтараў і член рэдкалегіі.

Узнагароды Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1983), ордэн «Знак Пашаны» (1986), Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999).

Літаратура

Лукашанец А. А. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай акадэміі Беларусі. Нумар 3, 2005. — С. 120—122. У Сеціве, У Сеціве (копія).

Спасылкі Аляксандр Іосіфавіч Падлужны ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Узнагароджаныя Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР