Лазду́ны 1 () — аграгарадок ў Беларусі, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Лаздунскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзяцца за 14 км на ўсход ад Іўя, за 12 км ад чыг. ст. Юрацішак на лініі Ліда—Маладзечна.

За 1 км на ўсход ад вёскі ўпадае ў Чапуньку рака Гарача, створана Лаздунскае вадасховішча (плошча 0,6 км²).

Гісторыя Упершыню Лаздуны згадваюцца ў XVI ст. як валоданне Радзівілаў, якія цягам стагоддзяў перадавалі іх у заклад іншым асобам. Ад свайго заснавання паселішча ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1591 годзе Лаздуны згадваюцца як маёнтак, што знаходзіўся ў закладзе ў Бруханскіх, пазней у Магільніцкіх, з 1614 г. у віленскага купца Вендана. Цягам 1645—1699 гг. Лаздунамі валодаў стольнік браслаўскі М. Більдзюкевіч. Станам на 1690 год у паселішчы было 15 дымоў.

У пачатку XVIII ст. Лаздуны перайшлі ў валоданне Ромераў, пазней Панорскіх. Станам на 1735 годзе тут было 45 дымоў. У 1744 годзе ў Лаздунах збудавалі касцёл, які належаў да Суботніцкай парафіі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Лаздуны апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Апошні ардынат Дамінік Геранім Радзівіл у 1806 годзе падараваў мястэчка Валадковічам. За Корвін-Мілеўскімі ў 1859 годзе ў Лаздунах нанава адбудавалі касцёл. У 1861 года тут адбыліся сялянскія выступленні. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку Лаздуны быў 91 двор, працавалі хлебазапасны магазін, школа граматы; у маёнтку Лаздуны з фальваркамі — 8 двароў, дзейнічалі касцёл, вінакурня, карчма. На 1909 год у мястэчку было 122 двары.

У Першую сусветную вайну з 1915 да 1918 года Лаздуны займалі нямецкія войскі.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лугамавіцкай гміне Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У гэты час у мястэчку Лаздуны было 156 двароў, у фальварку Лаздуны — 14 двароў. Цягам 1920—1930 гг. тут дзейнічала сельскагаспадарчая школа. Паводле Ольгерда Хамінскага, станам на 1927-1933 гг. у вёсцы доля літоўскамоўнага насельніцтва складала 51-90 %.Olgierd Chomiński, Leszek Bednarczuk. Obszar językowy litewski w Państwie Polskim 1927-1933 // Acta Baltico-Slavica, 2010, 34. С. 254.

У 1939 годзе Лаздуны ўвайшлі ў БССР. Статус мястэчка Лаздуны панізілі да вёскі. У колішнім маёнтку Лаздуны дзейнічалі сыраварня, школа, крама. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. З 16 ліпеня 1954 года цэнтр новаўтворанага Лаздунскага сельсавета. 3 20 студзеня 1960 г. Лаздуны ўваходзяць у склад Іўеўскага раёна.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1866 год — 456 чал.Łazduny // S. 617.; 1897 год — 838 чал. у мястэчку Лаздуны і 111 чал. у маёнтку Лаздуны XX стагоддзе: 1905 год — 797 чал. у мястэчку Лаздуны і 213 чал. у маёнтку Лаздуны; 1909 год — 870 чал.; 1921 год — 700 чал. у мястэчку Лаздуны і 118 чал. у фальварку Лаздуны; 1970 год — 714 чал.; 1999 год — 923 чал.; 2009 год — 840 чал.

Інфраструктура У Лаздунах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, бібліятэка, дом культуры.

Эканоміка Сельская гаспадарка.

Славутасці

Касцёл Святых Сымона і Тадэвуша (1904—1910) Парк пры колішняй сядзібе (XIX ст.)

Страчаная спадчына

Сядзіба Корвін-Мілеўскіх (XIX ст.)

Зноскі

Літаратура Łazduny // S. 617—618.

Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925). Ridero, — 2025. — 276 с.

Спасылкі

Катэгорыя:Лаздунскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Іўеўскага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства