Дзяржы́нск (, ), да 29 ліпеня 1932 г. — Ко́йданава або Ко́йданаў — горад у Мінскай вобласці Беларусі, на рацэ Нецечка. Адміністрацыйны цэнтр Дзяржынскага раёна. Горад месціцца за 38 км на паўднёвы захад ад Мінска, на чыгуначнай лініі (станцыя Койданава) і аўтамабільнай дарозе Мінск — Баранавічы.
Назва Гістарычны міф пра «татарскага хана Койдана», ад якога быцца паходзіць назва Койданава, пачынаецца з аўтарскага нарысу «Літоўскае палессе» ў кнізе «Жывапісная Расія», дзе Адам Кіркор пісаў: «…отъ имени побежденнаго вождя Монголовъ, Койдана, Крутогорье названо Кайдановомъ, какъ и до сихъ поръ называется»Живописная Россия. — Т. 3: Западная и южная Россия. Ч. 1: Литовское полесье [Очеркъ VI. Историческія судьбы Литовскаго полѣсья]. СПб, 1882. — С. 75.. Гісторыкі лічаць і саму «Койданаўскую бітву» міфам, які створаны ў XVI ст. для праслаўлення літоўскіх князёў як абаронцаў ад татараўВалахановіч А. Крутагорская бітва // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 148—149..
У балцка-літоўскіх двухасноўных імёнах вядомы асновы Kai-, Dan- (другая аснова як у імёнах, ад якіх тапонімы Трыданы, Данейкі). Дворышча Кайдановічы згадваецца ў сярэдзіне XVI ст. у складзе сяла Асабовічаў (цяпер у Пінскім раёне), разам з дворышчамі Карытаноўскія, МышыкоўшчынаПисцовая книга Пинскаго и Клецкаго Княжествъ, составленная Пинскимъ Старостою Станиставомъ Хвальчевскимъ въ 1552—1555 г. — Вильна, 1884. — С. 187. (ад прозвішчаў Кайданоўскі, Картаноўскі, Мышакоўскі).
Традыцыйная гістарычная назва паселішча Койданаў або Койданава. 29 ліпеня 1932 года горад афіцыйна пераназваны на Дзяржынск, у гонар раннесавецкага дзеяча мясцовага шляхецкага паходжання (з Дзяржынава пад Івянцом) Фелікса Дзяржынскага.
Гісторыя Афіцыйна датай заснавання сучаснага Дзяржынска лічаць 1146 год, бо, паводле Паўла Шпілеўскага, у старой койданаўскай драўлянай Пакроўскай праваслаўнай царкве захоўвалася ікона з надпісам «Крутагор’е, 1146 года»Шпилевский П. Н. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. — С. 92-93.. Аднак сучасныя энцыклапедычныя даведнікі разглядаюць гэтыя звесткі толькі як імаверныя і датуюць першую пэўную пісьмовую згадку 1442 годам.
У 1439 годзе пабудаваны драўляны фарны касцёлСыракомля Уладзіслаў. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах (Койданаў. Урыўкі з дзённіка) // Выбраныя творы. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — Сс. 298—303..
У 1445 годзе вялікі літоўскі князь Казімір Ягелончык аддаў Койданаў свайму стрыечнаму брату Міхаілу Жыгімонтавічу, сыну Жыгімонта Кейстутавіча. У 1483 годзе паселішча атрымаў маскоўскі ўцякач, князь Васіля Міхайлавіча Вярэйскага. Пасля смерці Вярэйскага, з 1501 года Койданавам валодала яго ўдава Марыя, а пасля шлюбу іх дачкі Соф’і з канцлер літоўскім Альбрэхтам Гаштольдам ў 1522 годзе Койданава перайшло да Гаштольдаў. З гэтага часу ў дакументах паселішча часам называлі «Гаштольдава»Дзяржынск // Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 8. Мінская вобласць. Кніга ІІ. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — С. 9-13..
У пачатку XVI ст. Койданаў пацярпеў ад набегаў татараў (1502 і 1503).
У 1542 годзе уладальнікам Койданава стаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары, які ў наступным годзе перадаў горад свайму сыну Жыгімонту ІІ Аўгусту. Горад з’яўляўся цэнтрам Койданаўскага стараства.
У 1552 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст аддаў Койданава з замкам брату жонкі Барбары Мікалаю Радзівілу Рудому. «Да гэтага часу адносіцца стварэнне Койданаўскага графства, якое, складаючы частку ўладанняў біржанскіх Радзівілаў, пасля смерці апошняга з гэтай галіны — Багуслава, у 1669 г. перайшло ва ўласнасць нясвіжскай лініі, дадало да тытулаў ардынатам нясвіжскім тытул уладара ў Койданаве і захавалася ў іх сямействе да 1831 г.»Ельскі Аляксандр. Койданава // Выбранае. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. — Сс. 274—281..
У інвентарах таго часу на тэрыторыі маёнтка фіксуецца істотная група ваенна-служылага насельніцтва, якая карысталася мясцовымі землямі на ўмовах нясення ваеннай службы і выканання іншых спецыяльных павіннасцей і не ўваходзіла ў склад прыгоннага сялянстваКалечыц Валянцін. Зямяне і баяры маёнтка Койданаў Менскага павета ў XVI—XVIII стагоддзях // Герольд Litherland : навуковы геральдычны часопіс. — 2021. ― № 22. ― С. 52―62..
У 1550—1831 гадах Койданаў вядомы як значны асяродак распаўсюджвання кальвінізму. Каля 1564 года Мікалай Радзівіл «Руды» збудаваў тут драўляны кальвінскі збор (з 1613 — мураваны), а таксама плябанію, школу і багадзельню.
Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. У 1588 годзе паселішча атрымала статус мястэчка. Паводле інвентару 1588 г. тут было 120 дымоў, замак, кальвінскі збор, ратуша, касцёл, рынак, 2 карчмы, 4 вадзяныя млыны. Існавала 6 вуліцаў: Віленская, Мінская, Плябанская, Рубяжэвіцкая, Слуцкая, Станькаўская.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў праводзіць 2 вялікія кірмашы: на Грамніцы (2 лютага) і Сёмуху і штотыднёвы торг. Пазней кірмашы таксама збіраліся на Юр’я (23 красавіка) і Пакровы (1 кастрычніка).«На кірмашах, дзе пераважна прадаюць коней і быдла, бывае вельмі шмат народу. Яўрэі займаюцца дробным гандлем і перакупніцтвам коней, бо Койданава мае сумную славу аднаго з цэнтраў канакрадства».Паводле звестак на 1620 год, у цэнтры мястэчка знаходзіўся чатырохкутны гандлёвы пляц, забудаваны дамамі рамеснікаў і гандляроў; на пляцы было 5 крамаў, карчма і 23 мяшчанскія двары; агулам налічвалася 110 двароў.
11 ліпеня 1655 г. у пачатку Трынаццацігадовай вайны войскі Маскоўскай дзяржавы ўшчэнт спустошылі Койданаў. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару:
Аднаўленне Койданава ішло марудна. У 2-й палове XVIII ст. тут збудавалі новы драўляны касцёл Св. Ганны. Станам на 1791 год у мястэчку было 134 дымы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Койданаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Мінскага павета Віленскай губерні. У 1796 годзе мястэчка атрымала герб: «выява галінак дуба і алівы». У 1800 г. двор і мястэчка, уласнасць Дамініка Радзівіла, 277 двароў, 1237 жыхароў, уніяцкая царква Пакрова Багародзіцы, кальвінскі збор, паштовая станцыя, 2 млыны, гандлёвыя лаўкі.
З XVIII стагоддзя Койданава з’яўляецца буйным цэнтрам распаўсюду хасідызмуСоркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ стагоддзя. — Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. — С. 205..
У вайну 1812 года пры адступленні расійскай арміі мясцовыя жыхары перашкодзілі казакам падпаліць склад аўса і сенаФилатов Е. Н. Белорусско-литовские земли в 1772—1860 гг.: человек и общество. — Минск: Беларуская навука, 2021. С. 173.. Койданава было захоплена французскімі войскамі, арганізавана падпрэфектура, створаны склады харчавання. 15 лістапада 1812 года каля Койданава адбыўся вялікі бой, у выніку якога французы страцілі 1 тыс. салдат, 64 афіцэраў, каля 4 тыс. салдат патрапілі ў палон. Гэта перамога адкрыла расійскім вайскам шлях на Мінск.
У 1815 г. у мястэчку 262 жыхары мужчынскага полу. У 1840 г. шмат жыхароў памерлі ад эпідэміі халеры.
У 1843 г. «насельніцтва горада складае 1550 душ абодвух палоў. Апроч жыдоў і хрысціянаў тут жывуць на выдзеленых землях і татары». Паводле П. Шпілеўскага, койданаўскія татары досыць заможныя, «потому что живут ближе к Минску, и следовательно, имеют больше возможности сбывать в губернском городе свои огородные произрастания и выделаннные кожи».
Канфесійная структура Койданава ў 1846 г. была наступнай: з 1889 чалавек 819 — праваслаўныя (каля 43 %), 777 — іудзеі (каля 41 %), 278 — каталікі(каля 15 %), 10 — евангелікі(каля 0,5 %), 5 — мусульмане (каля 0,3 %)
У 1851 г. пабудавана мураваная праваслаўная царква. У 1866 г. — 234 двары, 1383 жыхары, царква, касцёл, кірха, сінагога. У першай палове 19 ст. на плошчы пабудаваны заезны дом (спалены польскімі вайскамі ў 1920 г.).
«Мястэчка Койданаў старое, як свет, а лепш сказаць, як Кітай, і як Кітай, чужое ўсякаму прагрэсу — якое было спрадвеку непрыгляднае, такое і цяпер засталося», — так пісаў у 1852 г. Уладзіслаў Сыракомля.
У час паўстання 1863-64 гг. у ваколіцах Койданава дзейнічалі паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам А. Ваньковіча і Б. Аскеркі.
У 1871 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, адкрыўся 2-павярховы вакзал. У 1885 г. пачала дзейнічаць фабрыка па ачыстцы свіной шчаціны. У 1897 г. налічвалася 4744 жыхары. У 1899 г. пачала працаваць запалкавая фабрыка «Дружына» (згарэла ў 1919 г.), у 1900 г. — 208 рабочых. З 1908 г. дзейнічаў лесапільны завод.
У канцы XIX — пачатку XX ст. дзейнічалі кальвінскі збор, касцёл, царква, сінагога; працавалі народная і гарадская вучэльні, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, багадзельня, больш за 30 крамаў, паравы млын, шапавальні, бровары; рэгулярна праводзілася 6 кірмашоў.
Змітрок Бядуля згадвае цадзіка з Койданава, да якога прыязджалі веруючыя з усёй РасііЗьмітрок Бядуля. Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі // Беларуская палічка.. Паміж габрэямі абшчыны ў Койданава існавала сур’ёзная канкурэнцыя: «Кожны крамнік, гандляр, і нават рамеснік, меў ‘свайго’ пана, якога абслугоўваў, які даваў яму заробак. Кожны меў нават і ‘сваіх’ сялян, ‘свае’ вёскі, з якімі вялі гандаль. Часта на вуліцы або нават у сінагозе сварыліся паміж сабой за ‘сваіх’ паноў, за ‘сваіх’ сялян. Вялася ў гэтым кірунку пастаянная барацьба за збыт тавараў і вырабаў, за заваёву сімпатыі сялян і навакольных памешчыкаў»Соркіна. С. 237—238..
У 1905-07 гг. неаднаразова адбываліся антыўрадавыя выступленні рабочых.
У 1908 г. пачало працаваць гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. было пераўтворана ў вышэйшую пачатковую школу. У 1912-13 гг. тут вучыўся беларускі паэт і драматург К. Крапіва.
У 1909 г. у мястэчку — 518 двароў, 4696 жыхароў, на чыгуначнай станцыі — 15 жыхароў. У 1911-12 гг. дзейнічала курсы па садаводстве і агародніцтве.
У Першую сусветную вайну з 1915 г. знаходзілася ў прыфрантавой зоне. З вясны 1916 г. мястэчка і чыгуначную станцыю неаднаразова бамбілі нямецкія самалёты.
З 1916 г. працавала фабрыка сухіх фарбаў. У 1917 г. у мястэчку 781 двор, 4009 жыхароў.
У сакавіку 1917 г. створаны Савет салдацкіх дэпутатаў, а ў маі арганізаваны бальшавіцкі камітэт. У лістападзе 1917 г. усталявана савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 г. акупіраваны нямецкімі вайскамі. З 1.1.1919 — у БССР, з 27.2.1919 — у складзе ЛітБел. З жніўня 1919 г. занята польскімі вайскамі, якія адступілі 10 ліпеня 1920 г. (мястэчка пры адступленні моцна пацярпела. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі пасля баёў захапілі Койданаў, што адчыніла ім шлях на Мінск.
У лістападзе 1920 г. у выніку антыбальшавіцкага паўстання на чатыры дні ўтварылася Койданаўская самастойная рэспубліка.
З 1921 г. паводле Рыжскай мірнай дамовы — у складзе БССР. У 1924 годзе Койданаў стаў цэнтрам раёна БССР (з 30 чэрвеня 1937 да 15 студзеня 1938 быў у Мінскім раёне). У 1924 г. пачалі дзейнічаць электрастанцыя, Народны дом, фабрыка «Слон». У 1926 г. — 750 дамоў, 5475 жыхароў.
У 1930 годзе савецкія ўлады зачынілі мясцовы касцёл і ліквідавалі каталіцкую парафію.
15 сакавіка 1932 г. паселішча атрымала статус горада і стала цэнтрам новаўтворанага польскага аўтаномнага раёна імя Дзяржынскага. 29 ліпеня 1932 г. бальшавікі змянілі назву паселішча на Дзяржынск у гонар Фелікса Дзяржынскага; чыгуначная станцыя захавала старую назву. У маі 1932 г. адкрыты польскі агранамічны тэхнікум.
Падчас Другой сусветнай вайны з 28 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 г. Дзяржынск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі гета ў Дзяржынску. Тут у перыяд з лета 1941 года да 21 кастрычніка 1941 года былі закатаваныя і забітыя каля 2000 яўрэяў.
Насельніцтва
Эканоміка Прадпрыемствы машынабудаўнічай і металаапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Гасцініца.
Культура Дзейнічаюць гістарычна-краязнаўчы музей і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.
У месце паставілі помнік у гонар 850-годзя заснавання Крутагор’я-Койданава-Дзяржынска.
Славутасці Гарадзішча (XI—XIII стст.) Замчышча Касцёл Святой Ганны (XVIII ст.)