Плаці́шна — возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Тураўлянка, у напрамку на паўночны ўсход ад гарадскога пасёлка Ушачы, каля вёсак Асінаўка і Кавалеўшчына.
Плошча паверхні возера 0,1 км², даўжыня 0,71 км, найбольшая шырыня 0,2 км. Найбольшая глыбіня дасягае 5 м, сярэдняя 2,7 м. Аб’ём вады ў возеры 0,27 млн м³. Плошча вадазбору 5,5 км². Катлавіна Плацішна лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны спадзістыя, вышынёй 8—9 м, складзены з суглінкаў і супяскоў. У паўднёва-заходняй частцы схілы стромкія, вышынёй да 14 метраў. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі возера пераважна сплавінныя. Шырыня сплавіны складае 5—10 м. Дно возера плоскае з упадзінамі (4,1 м і 5 м глыбінёй), выслана ілам, месцамі ўздоўж усходняга берага пясчанымі адкладамі. Колернасць вады ад 70 да 150 °. Возера эўтрофнае. Зарастае каля паловы плошчы возера да глыбіні 2,8 м. Прыбярэжная надводная расліннасць пашыраецца на адлегласці 5—20 м ад берага. У заходняй частцы Плацішна злучана пратокай з возерам Доўгае, на поўдні выцякае ручай у возера Астравіта.
У возеры водзяцца акунь, шчупак, лешч, плотка, краснапёрка, лінь, джгір і іншыя рыбы.
Літаратура
Спасылкі Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Азёры Ушацкага раёна Катэгорыя:Басейн Тураўлянкі