Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Дуды — дзеючы каталіцкі храм, стаіць у цэнтры вёскі Дуды (Іўеўскі раён), пабудаваны ў 1772 годзе. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

Гісторыя У 1608 годзе дудскае староства знаходзілася ва ўладанні ваяводы віленскага Караля Хадкевіча і, як сведчаць архіўныя дакументы, у гэтым годзе ён выдзяліў на касцёл у Дудах значныя ахвяраванні. Такім чынам, хоць датай заснавання дудскага касцёла і лічыцца 1608 год, атрымліваецца, што ў гэты час святыня ўжо існавала.

Святыня была нанова адбудавана ў 1772 годзе на месцы больш старажытнага касцёла 1608 годаЛітоўскае памежжа . У 1781 годзе віленскі біскуп Тамаш Зяньковіч кансэкраваў святыню пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

250px|thumb|left|Касцёл да 1914 года Верагодна, на хвалі рэпрэсій пасля падаўлення паўстання 1863 года дудская парафія была пазбаўлена самастойнасці, таму што ў другой палове ХIХ ст. касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі пазначаецца як філіяльны ад іўеўскай парафіі. Але з 1920-х гадоў самастойнасць дудскай парафіі была адроджана. Была пабудавана капліца ў в. Казевічы. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 5000 вернікаў.

Касцёл быў рэканструяваны ў 1908 годзе. У 1930-я гады надбудаваны трэці ярус вежаўКасцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі на сродкі мясцовага землеўладальніка Гераніма Зяньковіча і яго жонкі Барбары.

У савецкі час касцёл дзейнічаў бесперапынна, нягледзячы на тое, што парафія афіцыйна была знята з рэгістрацыі. Па некаторых звестках, касцёл быў зачынены ў 1959, у ім зрабілі сховішча, але ў 1983 годзе вярнулі парафіянам. У 1970-я гады святыня была залічана да помнікаў архітэктуры.

Архітэктура Помнік архітэктуры барока. Двухвежавы аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціяміПомнікі — Дуды. Драўляны залавы аб’ём на каменным падмурку.

Агульны двухсхільны ўвагнуты ў аснове гонтавы дах над апсідай пераходзіць у вальмавы. Шматпланавасць і дынамічны сілуэт галоўнаму фасаду надаюць бакавыя чацверыковыя шатровыя вежы і трохвугольны франтон паміж імі над цэнтральным шчытом. Вежачкай завяршаўся дах над прэзбітэрыем. Рысы барока праявіліся ў лучковым малюнку аконных праёмаў на фоне вертыкальнай шалёўкі. Імі рытмічна расчляняюцца бакавыя фасады з вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Галоўны фасад фланкаваны дзвюма магутнымі чацверыковымі вежамі, якія да пачатку ХХ стагоддзя былі двух’яруснымі і ўвенчваліся чатырохсхільнымі купаламі з заломам пад барокавымі фігурнымі галоўкамі. Трэці ярус вежаў і шатры над імі з’явіліся падчас рэканструкцыі 1908 года, карункавыя крыжы пры гэтым захаваліся і былі падняты на новую вышыню. Аднак заўсёды касцёльныя вежы былі дэкаратыўнымі, званіца — двух’ярусная, чацверыковая, пад чатырохсхільным дахам — была пабудавана асобна, у левым куце касцёльнай агароджы пры ўваходзе. Касцёл накрыты адзіным двухсхільным дахам (калісьці быў гонтавы, сёння — бляшаны) з вальмамі над апсідай, вільчык над алтаром калісьці быў завершаны гранёнай барокавай галоўкай-сігнатуркай.

Побач з храмам пастаўленая двухярусная драўляная званіца, накрытая шатром. Тэрыторыя касцёла на пачатку ХХ стагоддзя была абнесена мураванай пабеленай агароджай, уваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох слупоў.

Аляксандр Лакотка адносіць будынак да панёманскага тыпу драўлянага сакральна-манументальнага дойлідства, прадстаўнікамі якога таксама з’яўляюцца касцёлы ў Кемелішках, Клюшчанах, ХоўхлавеЛакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі / А. І. Лакотка. — Мн.: Беларусь, 2003. 224 с.: іл. ISBN 985-010423-6 — С. 7.

Інтэр’ер 250px|thumb|Інтэр’ер касцёла У сярэдзіне тры драўляныя барочныя алтары з накладной разьбой, балюстрадная галерэя хораў з арганам. Цэнтральны — двухярусны, узняты на высокі пастамент, вырашаны 2 калонамі карынфскага ордара, якія нясуць тонкапрафіляваны антаблемент, фланкіраваны скульптурамі анёлаў. У завяршэнні алтара — прамавугольны пілястравы шчыт з гарэльефнай выявай «Укрыжаванне» і размалёўкай «Усёбачнае вока» на скляпенні апсіды. Плоскасці алтара запоўнены накладной драўлянай разьбой. У яго цэнтры размешчаны абраз «Маці Божая з дзіцем» XVIII стагоддзя у барочнай разной раме. Кампазіцыя і дэкор бакавых алтароў паўтараюць цэнтральны, але адрозніваюцца ракайльнымі фігурнымі шчытамі ў завяршэнні. Алтары ўпрыгожаны накладной пазалочанай драўлянай разьбой.

Літаратура

Спасылкі

Касцёл Дзевы Марыі (1772 г.). В. Дуды, Гродзенская вобласць slowo.grodnensis.by

Катэгорыя:Касцёлы Іўеўскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Дуды (Іўеўскі раён) Катэгорыя:З’явіліся ў 1772 годзе Катэгорыя:1772 год у Беларусі