Мікала́й (Мікола) Пятро́віч Ярча́к (, в. Гошчава, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць — , Рыга, Латвія) — беларускі хімік, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі. Доктар хімічных навук (1991), прафесар (1998).

Біяграфія Нарадзіўся 25 мая 1950 года ў сям’і настаўніка ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна. У 1966 годзе са срэбным медалём скончыў Гошчаўскую сярэднюю школу, а ў 1971 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Па размеркаванні разам з жонкай Ліліяй пераехаў у Рыгу. З 1971 па 1996 год працаваў у Інстытуце арганічнага сінтэзу Акадэміі навук Латвіі, дзе паспяхова абараніў кандыдацкую, а затым і доктарскую дысертацыі.

У 1996 годзе вярнуўся на радзіму і ўзначаліў кафедру хіміі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Свае прадметы студэнтам ён выкладаў выключна на беларускай мове. З 2000 года стаў дырэктарам-арганізатарам Аддзела праблем Палесся Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З 2004 года і да выхаду на пенсію адначасова выкладаў ва ўніверсітэце горада Седльцы (Польшча). Пасля выхаду на пенсію вярнуўся ў Латвію.

Памёр 26 студзеня 2024 года пасля цяжкай хваробы. Пахаваны ў Рызе на Балдэрайскіх могілках побач са сваёй жонкай.

Грамадская дзейнасць Мікалай Ярчак быў адным са старэйшых і найбольш актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў Латвіі. З моманту заснавання ў 1988 годзе ён браў актыўны ўдзел у дзейнасці Латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак» і на працягу пяці гадоў узначальваў яго, змяніўшы на гэтай пасадзе першага старшыню Сержука Кузняцова.

Выступіў адным з ініцыятараў заснавання Рыжскай беларускай асноўнай школы ў 1994 годзе і Латвійскага фонду беларускай культуры ў 1996 годзе. Нават пасля выхаду на пенсію, у 2023 годзе, ён працягваў актыўную дзейнасць у таварыстве «Світанак».

Разам з жонкай выхаваў двух беларускамоўных сыноў, Юрыя і Паўла.

Навуковая дзейнасць Навуковыя працы вучонага прысвечаны тэарэтычнай, арганічнай і медыцынскай хіміі, пытанням аграхіміі, экалогіі і воднай гаспадаркі, тэорыі кампенсацыі электрычнага поля малекул. Прапанаваў спосаб вызначэння структурных параметраў малекул у вадкім стане і растворы. Сінтэзаваў семікаардынаваныя злучэнні крэмнію, чым эксперыментальна пацвердзіў існаванне новага тыпу вадароднай сувязі. Распрацаваў безынсектыцыдны спосаб аховы паслёнавых ад каларадаскага жука, а таксама экалагічную сістэму ачысткі бытавых сцёкавых вод.

З'яўляецца аўтарам больш за 40 патэнтаў і шматлікіх публікацый. Назву сваёй роднай вёскі Гошчава Мікалай Ярчак увекавечыў у навуцы, даўшы новым крэмнійарганічным злучэнням назву «гошчава-сіланаты». У 2011 годзе копіі патэнтаў на гэтыя хімічныя злучэнні былі ўрачыста перададзены на захоўванне ў Гошчаўскую сярэднюю школу ў дзень яе 150-гадовага юбілею.

Выбраная бібліяграфія Элементоорганические производные фурана: Синтез и масс-спектрометрическое исследование 2-карбофункциональных 5-фурилсиланов (у сааўт.) // Журн. общей химии. 1984. Т. 54, вып. 6. Да пытання мадэлявання некаторых глебаўтваральных працэсаў // Прыроднае асяроддзе Палесся: сучасны стан і яго змены: Матэрыялы міжнар. навук. канф. Брэст, 2002. Ч. 1.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 25 мая Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1950 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Івацэвіцкім раёне Катэгорыя:Памерлі 26 студзеня Катэгорыя:Памерлі ў 2024 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Рызе Катэгорыя:Хімікі Беларусі Катэгорыя:Хімікі Латвіі Катэгорыя:Дактары хімічных навук Катэгорыя:Выпускнікі БДУ Катэгорыя:Выкладчыкі БрДУ імя А. С. Пушкіна Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі