Свята-Ануфрыеўская царква — праваслаўны храм у в. Баршчэва (Камянецкі раён). Размешчана на заходняй ускраіне вёскі, каля могілак. Помнік архітэктуры позняга класіцызму.
Пабудавана ў 1840 г. з мясцовага бутавага каменю на сродкі вернікаў і мясцовай памешчыцыНГАБ у г. Гродна, ф. 1, воп. 20, спр.265..
Архітэктура
Царква вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад двухсхільным дахам. На галоўным фасадзе вылучаецца рызаліт прытвора, на тыльным — прамавугольная апсіда з бакавымі рызніцамі. Плоскасныя фасады раскрапаваны руставанымі лапаткамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, апяразанымі ліштвамі з замковымі камянямі. Атынкоўка і пабелка архітэктурнага дэкору кантрастна вылучае яго на фоне паліхромнай бутавай муроўкі сцен. Бляшаны дах па цэнтры завершаны двух'ярусным васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам. Прамавугольны ўваходны праём і паўкруглая люкарна над ім вылучаны атынкаванымі ліштвамі.
Унутраная прастора з парамі драўляных слупоў размежавана на тры нефы. Апсіда вылучана драўляным разным іканастасам з паўкруглай салеяй перад ім. Над уваходам кансольна выступаюць хоры. Абраз 18 -19 ст. «Святая Магдаліна».
На восі царквы размешчана двух'ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая брама-званіца з макаўкай, выкладзена з бутавага каменю майстрамі з г. Высокае Камянецкага р-на.
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.
Спасылкі
Катэгорыя:З’явіліся ў 1840 годзе Катэгорыя:Баршчэва Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Камянецкага раёна Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1840 год у Беларусі